- 1. А праз два днi
была Пасха i свята праснакоў;
i шукалi першасвятары i кнiжнiкi,
як узяць Яго хiтрасцю i забiць; - 2. але казалi: толькi не ў свята,
каб не было абурэння ў народзе. - 3. I калi быў Ён у Вiфанii,
у доме Сiмана пракажонага,
i ўзляжаў, —
прыйшла жанчына з алебастравай пасудзiнай мiра
з нарду чыстага i шматкаштоўнага
i, разбiўшы пасудзiну, узлiла Яму на галаву. - 4. Былі ж некаторыя, што абурылiся
i гаварылi памiж сабою: навошта гэтая трата мiра? - 5. Бо можна было б прадаць яго больш чым за трыста дынарыяў
i раздаць убогiм.
I папракалi яе. - 6. Але Iiсус сказаў: пакiньце яе,
навошта яе бянтэжыце?
Яна добрую справу зрабiла для Мяне. - 7. Бо заўсёды ўбогiх вы маеце з сабою
i, калi хочаце, можаце дабро iм рабiць;
а Мяне не заўсёды маеце. - 8. Яна зрабiла, што магла:
загадзя памазала Маё цела для пахавання. - 9. Праўду кажу вам:
дзе толькі будзе прапаведана Евангелле гэтае ва ўсiм свеце,
дык i пра тое, што зрабiла яна, сказана будзе ў памяць аб ёй. - 10. I пайшоў Iуда Iскарыёт, адзiн з дванаццацi,
да першасвятароў, каб выдаць Яго iм. - 11. Яны ж, пачуўшы, узрадавалiся
i абяцалi яму даць срэбранiкi.
I ён шукаў, як пры нагодзе выдаць Яго. - 12. I ў першы дзень праснакоў,
калi прыносiлi пасхальную ахвяру,
кажуць Яму вучнi Яго: дзе хочаш,
каб мы пайшлi i прыгатавалi Табе есцi пасху? - 13. I пасылае двух з вучняў Сваiх
i кажа iм: iдзiце ў горад;
i сустрэне вас чалавек, якi будзе несцi збан вады;
iдзiце за iм. - 14. І, куды ён увойдзе, скажыце гаспадару таго дома:
"Настаўнiк кажа: дзе святлiца,
у якой Мне есцi пасху з вучнямi Маiмi?" - 15. I ён вам пакажа верхні пакой вялiкi,
засланы, гатовы;
там прыгатуйце нам. - 16. I пайшлi вучнi Яго,
i прыйшлi ў горад,
i знайшлi, як сказаў iм;
i прыгатавалi пасху. - 17. I калi звечарэла,
прыходзiць Ён з дванаццаццю. - 18. I калi ўзляжалi яны i елi,
сказаў Iiсус: праўду кажу вам,
адзiн з вас, які есць са Мною, выдасць Мяне. - 19. Яны ж засмуціліся i пачалі гаварыць Яму
адзiн за адным: ці не я?
I другi: ці не я? - 20. Ён жа сказаў iм у адказ:
адзiн з дванаццацi,
хто мачае са Мною ў блюда. - 21. Бо Сын Чалавечы iдзе, як напiсана пра Яго;
але гора таму чалавеку, якi выдае Сына Чалавечага:
лепш было б таму чалавеку не радзiцца. - 22. I калi яны елi,
Iiсус, узяўшы хлеб i благаславiўшы, пераламіў
i даў iм, i сказаў: прымiце, ежце;
гэта Цела Маё. - 23. I, узяўшы чашу, узнёс падзяку і даў iм;
i пiлi з яе ўсе. - 24. I сказаў iм:
гэта Кроў Мая новага запавету,
якая за многiх пралiваецца. - 25. Праўду кажу вам,
што больш не буду пiць ад плоду вiнаграднага
да таго дня, калi буду пiць яго новым у Царстве Божым. - 26. I, адспяваўшы хвалу, выйшлi на гару Елеонскую.
- 27. I кажа iм Iiсус:
усе вы спакусiцеся аба Мне ў гэтую ноч,
бо напiсана: "паражу пастыра i рассеюцца авечкi". - 28. Але потым, калi ўваскрэсну, Я апярэджу вас у Галiлеi.
- 29. А Пётр сказаў Яму:
хоць i ўсе спакусяцца, але не я. - 30. I кажа яму Iiсус:
праўду кажу табе,
што ты сёння, у гэтую ноч,
перш чым двойчы заспявае певень,
тройчы адрачэшся ад Мяне. - 31. А ён яшчэ настойлівей гаварыў:
калі б мне нават i памерцi з Табою, не адракуся ад Цябе.
Гэтаксама i ўсе гаварылi. - 32. I прыйшлi ў мясцiну пад назвай Гефсiманiя,
i кажа Ён вучням Сваiм:
пасядзiце тут, пакуль Я пайду памалюся. - 33. I бярэ Пятра, Iакава i Iаана з Сабою;
i пачаў журыцца i тужыць. - 34. I кажа iм: смуткуе душа Мая да смерцi;
пабудзьце тут i не спiце. - 35. I, адышоўшы крыху, упаў на зямлю
i малiўся, каб, калi магчыма, абмiнуў Яго час гэты; - 36. i гаварыў: Авва Ойча! усё магчыма Табе;
пранясi чашу гэтую мiма Мяне,
але не чаго я хачу, а чаго Ты. - 37. I прыходзiць, i знаходзiць, што яны спяць,
i кажа Пятру: Сiмане, ты спiш?
не змог ты адной гадзiны не паспаць? - 38. Не спіце i малiцеся,
каб не ўпасці ў спакусу:
дух бадзёры, а плоць немачная. - 39. I зноў, адышоўшы, малiўся, кажучы тое ж слова.
- 40. I, вярнуўшыся, знайшоў, што зноў яны спяць;
бо вочы ў іх ацяжэлi;
i не ведалi яны, што Яму адказаць. - 41. I прыходзiць трэцi раз
i кажа iм: вы ўсё яшчэ спiце і спачываеце.
Годзе, настаў час:
вось, аддаецца Сын Чалавечы ў рукi грэшнiкаў. - 42. Уставайце, хадзем;
вось, наблiзiўся той, хто выдае Мяне. - 43. I адразу, калi яшчэ Ён гаварыў,
прыходзіць Iуда, адзiн з дванаццацi,
i з iм мноства людзей з мячамi i каламi,
ад першасвятароў i кнiжнiкаў i старэйшын. - 44. А той, хто выдаваў Яго, даў iм знак,
кажучы: каго я пацалую, Той i ёсць,
вазьмiце Яго i вядзiце пільна. - 45. I, прыйшоўшы, адразу падышоў да Яго
i кажа: Равві, Раввi! I пацалаваў Яго. - 46. А яны ўсклалi рукi свае на Яго i ўзялi Яго.
- 47. Адзiн жа з тых, што стаялi тут, дастаў меч,
ударыў раба першасвятаровага i адсек яму вуха. - 48. I, звярнуўшыся да іх, Iiсус сказаў:
быццам на разбойнiка выйшлi з мячамi i каламi ўзяць Мяне? - 49. Штодня бываў Я з вамі ў храме, навучаючы,
i вы не ўзялi Мяне;
але няхай збудуцца Пiсанні. - 50. І, пакiнуўшы Яго, усе паўцякалi.
- 51. I адзiн юнак,
накiнуўшы палатно на голае цела,
ішоў за Iм;
i юнакі хапаюць яго. - 52. Ён жа, пакiнуўшы палатно, голы ўцёк ад iх.
- 53. I прывялi Iiсуса да першасвятара;
i збіраюцца да яго ўсе першасвятары
i кнiжнiкi, i старэйшыны. - 54. I Пётр зводдаль услед за Iм
iшоў аж усярэдзiну двара першасвятаровага,
i сядзеў са слугамi i грэўся каля агню. - 55. А першасвятары i ўвесь сiнедрыён
шукалi сведчання супраць Iiсуса,
каб аддаць Яго на смерць,
i не знаходзiлi. - 56. Бо многiя лжыва сведчылi супраць Яго,
але сведчаннi іх не супадалi. - 57. I некаторыя, устаўшы,
iлжыва сведчылi супраць Яго, кажучы: - 58. мы чулi, як Ён казаў:
"Я разбуру храм гэты рукатворны
i праз тры днi ўзвяду iншы, нерукатворны". - 59. Але i так сведчанне iх не супадала.
- 60. Тады першасвятар, стаўшы пасярэдзіне, спытаў Iiсуса,
кажучы: не адказваеш нiчога?
што яны супраць Цябе сведчаць? - 61. Ён жа маўчаў i нiчога не адказваў.
Зноў першасвятар спытаў Яго i кажа Яму:
цi Ты Хрыстос, Сын Благаславёнага? - 62. Iiсус жа сказаў: Я.
І вы ўбачыце Сына Чалавечага,
што сядзiць праваруч сiлы
i прыйдзе на воблаках нябесных. - 63. Першасвятар жа, разадраўшы адзенне сваё,
кажа: якую яшчэ патрэбу мы маем у сведках? - 64. Вы чулi хуленне: як вам здаецца?
Яны ж усе прысудзілi, што Ён варты смерцi. - 65. I пачалi некаторыя пляваць на Яго
i, закрываць Яму твар, і біць Яго,
i казаць Яму: прароч.
I слугi бiлi Яго па шчоках. - 66. I калi Пётр быў на двары ўнiзе,
падыходзіць адна са служанак першасвятара - 67. i, убачыўшы, як Пётр грэецца,
углядзелася ў яго i кажа:
i ты быў з Назаранiнам Iiсусам. - 68. Ён жа адрокся,
кажучы: не ведаю i не разумею, што ты гаворыш.
I выйшаў адтуль на пярэднi двор;
i заспяваў певень. - 69. I служанка, убачыўшы яго зноў,
пачала казаць тым, што стаялi тут: гэты з iх. - 70. Ён жа зноў адракаўся.
I неўзабаве зноў
тыя, што стаялі там, казалi Пятру:
сапраўды ты з іх,
бо ты галiлеянiн, i гаворка твая падобная. - 71. Ён жа пачаў клясціся i бажыцца:
не ведаю Гэтага Чалавека, пра Якога вы гаворыце. - 72. I другi раз заспяваў певень.
I ўспомнiў Пётр слова, якое сказаў яму Iiсус:
перш чым певень двойчы заспявае,
ты адрачэшся ад Мяне тройчы.
I пачаў плакаць.
Головна > Бібліотека > Бібліїстика > Переклади Біблії > Переклади Біблії білоруською мовою > Святое Дабравесце (па Беларуску) пераклад Бiблейскай камiсii БПЦ МП > Святое Дабравесце паводле Марка > Глава 14