- 1. А на трэці дзень было вяселле ў Кане Галілейскай,
i Маці Іісусава была там. - 2. Запрошаны таксама быў Іісус i вучні Яго на вяселле.
- 3. I калі не хапіла віна,
Маці Іісусава кажа Яму: віна не маюць. - 4. Кажа ёй Іісус: што Мне i Табе, Жанчына?
яшчэ не прыйшоў час Мой. - 5. Кажа Яго Маці слугам:
што скажа Ён вам, зрабіце. - 6. Было ж там шэсць каменных пасудзін для вады,
якія стаялі дзеля ачышчэння Іудзейскага
і змяшчалі па дзве ці па тры меры. - 7. Кажа ім Іісус: напоўніце пасудзіны вадою.
I напоўнілі iх да верху. - 8. I кажа ім: цяпер чэрпайце i нясіце да распарадчыка застолля.
I яны панеслі. - 9. Kалi ж распарадчык пакаштаваў вады, што зрабілася віном, —
а ён не ведаў, адкуль яно,
ведалі толькі слугі, якія налівалі ваду, —
кліча жаніха распарадчык застолля - 10. i кажа яму: кожны чалавек спачатку добрае віно падае,
а калі нап’юцца, тады горшае;
ты ж добрае віно захаваў дагэтуль. - 11. Так паклаў Іісус пачатак цудам у Кане Галілейскай
i явіў славу Сваю,
i ўверавалі ў Яго вучні Яго. - 12. Пасля гэтага прыйшоў Ён у Капернаум,
Сам i Мацi Яго, i браты Яго, i вучні Яго,
i там заставаліся некалькі дзён. - 13. І набліжалася Пасха Іудзейская,
і прыйшоў Іісус у Іерусалім - 14. i знайшоў, што ў храме прадавалі валоў і авечак, і галубоў,
i сядзелі мянялы грошай; - 15. і, зрабiўшы біч з вяровак, усiх выгнаў з храма,
і авечак, i валоў,
і парассыпаў грошы мянялаў i сталы перавярнуў; - 16. i прадаўцам галубоў сказаў: забярыце гэта адсюль,
не рабіце дом Айца Майго домам гандлю. - 17. I ўспомнілі вучні Яго, што напісана:
"клопат пра дом Твой паглынае Мяне". - 18. На гэта Іудзеі сказалі Яму: якім знаменнем Ты пакажаш нам,
што маеш права гэта рабіць? - 19. У адказ Іісус сказаў ім: разбурыце храм гэты,
i Я за тры дні ўзвяду яго. - 20. І сказалі Іудзеі:
сорак шэсць гадоў будаваўся храм гэты,
а Ты за тры дні ўзвядзеш яго? - 21. Ён жа гаварыў пра храм цела Свайго.
- 22. Калі ж Ён уваскрэс з мёртвых,
успомнілі вучні Яго, што Ён гэта казаў,
і паверылі Пісанню і слову, якое сказаў Іісус. - 23. А калі Ён быў у Іерусаліме на свята Пасхі,
многія ўверавалі ў імя Яго,
бачачы цуды, якія Ён тварыў. - 24. Але Сам Іісус не давяраўся ім,
таму што Сам ведаў усiх, - 25. i не меў патрэбы, каб хто сведчыў пра чалавека,
бо Сам ведаў, што было ў чалавеку.
Головна > Бібліотека > Бібліїстика > Переклади Біблії > Переклади Біблії білоруською мовою > Святое Дабравесце (па Беларуску) пераклад Бiблейскай камiсii БПЦ МП > Святое Дабравесце паводле Iаана > Глава 2