Глава 19

  • 1. Тады ўзяў Пiлат Іісуса i аддаў на бічаванне;
  • 2. і воіны,
    сплёўшы вянец з церняў, усклалі Яму на галаву
    i ў адзежу пурпуровую апранулi Яго,
  • 3. i гаварылi: радуйся, Цар Іудзейскі!
    I бiлi Яго па шчаках.
  • 4. Пiлат выйшаў зноў i кажа iм: вось, я выводжу Яго да вас,
    каб вы ведалi, што я нiякай вiны ў Ім не знаходжу.
  • 5. Тады выйшаў Іісус у цярновым вянцы і пурпуровай адзежы.
    I кажа iм Пiлат: вось Чалавек!
  • 6. Калі ж убачылi Яго першасвятары i служыцелі,
    то пачалi крычаць, кажучы: Распнi, распнi Яго!
    Кажа iм Пiлат: вазьміце Яго вы i распніце,
    бо я не знаходжу ў Ім вiны.
  • 7. Адказалi яму Іудзеі: мы закон маем,
    i па закону нашаму Ён павінен памерцi,
    таму што зрабiў Сябе Сынам Божым.
  • 8. Калі пачуў Пiлат гэтае слова, то яшчэ больш спалохаўся,
  • 9. і ўвайшоў у прэторыю зноў
    i кажа Іісусу: адкуль Ты?
    Іісус жа адказу не даў яму.
  • 10. Тады кажа Яму Пiлат: мне Ты не гаворыш?
    хіба не ведаеш, што я маю ўладу распяць Цябе
    i маю ўладу адпусціць Цябе?
  • 11. Адказаў Іісус: ты не меў бы нiякай улады нада Мною,
    калi б табе не было дадзена звыш;
    таму той, хто выдаў Мяне табе, большы грэх мае.
  • 12. 3 гэтага часу Пiлат шукаў, як адпусціць Яго.
    Іудзеі ж крычалi, кажучы: калi Яго адпусціш, ты не друг кесару;
    кожны, хто робiць сябе царом, праціўнік кесара.
  • 13. Пiлат, пачуўшы гэтае слова,
    вывеў Іісуса i сеў на судзейскае ўзвышэнне
    на месцы, што называлася Лiфостратон,
    а па-яўрэйску Гаввафа.
  • 14. Была ж пятнiца перад Пасхай, каля шостай гадзiны.
    I сказаў Пiлат Іудзеям: вось Цар ваш!
  • 15. Але яны закрычалi: вазьмi, вазьмi, распні Яго!
    Кажа iм Пiлат: Цара вашага распяць?
    Адказалі першасвятары: няма ў нас цара, акрамя кесара.
  • 16. Тады ён аддаў Яго ім на распяцце.
    І ўзялi Іісуса і павялi;
  • 17. і, несучы крыж Свой,
    Ён выйшаў на месца, называнае Лобным,
    што па-яўрэйску называецца Галгофа,
  • 18. дзе Яго распялі i з Ім двух iншых,
    з аднаго боку і з другога, а пасярэдзiне Іісуса.
  • 19. І зрабіў надпіс Пiлат i змясцiў на крыжы.
    А было напiсана: Іісус Назаранiн, Цар Іудзейскі.
  • 20. Гэты надпiс чыталi многiя з Іудзеяў,
    таму што блізка ад горада было тое месца, дзе быў распяты Іісус,
    а напiсана было па-яўрэйску, па-грэчаску, па-лацінску.
  • 21. Казалi ж Пiлату першасвятары Іудзейскія:
    не пiшы: "Цар Іудзейскі",
    а напiшы, што Ён казаў: "Я цар Іудзейскі".
  • 22. Адказаў Пiлат: што напiсаў я, тое напiсаў.
  • 23. Воіны ж, калі распялi Іісуса,
    узялi адзенне Яго i раздзялiлi на чатыры часткi,
    кожнаму воіну частка, і хiтон;
    хiтон жа быў не шыты, а суцэльна тканы ад верху;
  • 24. тады сказалi яны адзiн аднаму:
    не будзем разрываць яго,
    а кiнем на яго жэрабя, чый будзе.
    Так мела споўніцца Пiсанне, у якім сказана:
    "раздзялiлi адзенне Маё мiж сабою
    i пра вопратку Маю кiдалi жэрабя".
    Воіны так i зрабілі.
  • 25. Стаялi ж каля крыжа Іісусавага Мацi Яго
    i сястра Мацi Яго, Марыя Клеопава,
    i Марыя Магдалiна.
  • 26. Іісус жа, убачыўшы Маці
    i вучня, які стаяў побач і якога Ён любiў,
    кажа Маці Сваёй: Жанчына, вось сын твой.
  • 27. Потым кажа вучню: вось Мацi твая.
    I з таго часу вучань ўзяў Яе да сябе.
  • 28. Пасля гэтага Іісус, ведаючы, што ўсё ўжо здзейснілася,
    каб збылося Пiсанне, кажа: смагну.
  • 29. Тут стаяла пасудзіна, поўная воцату.
    І воіны, напоўніўшы губку воцатам
    i насадзіўшы яе на сцябліну ісопу, паднеслi да Яго вуснаў;
  • 30. і калі паспытаў Іісус воцату,
    Ён сказаў: здзейснілася!
    І, схiлiўшы галаву, аддаў дух.
  • 31. А паколькі была пятнiца, то Іудзеі,
    каб не засталіся целы на крыжы ў суботу, —
    бо вялiкi дзень была тая субота, —
    прасiлi Пiлата, каб перабiць у iх голенi i зняць;
  • 32. і вось прыйшлi воіны
    i ў першага перабiлi голенi,
    i ў другога, распятага з Ім;
  • 33. прыйшоўшы ж да Іісуса, як убачылi, што Ён ужо памёр,
    то не перабiвалi ў Яго голеняў;
  • 34. але адзiн з воінаў кап’ём працяў Яму бок,
    i адразу выцекла кроў i вада;
  • 35. і той, хто бачыў, засведчыў,
    i сведчанне яго праўдзiвае;
    i ён ведае, што ісціну гаворыць, каб вы паверылi;
  • 36. бо гэта сталася, каб споўнілася Пiсанне:
    "косць Яго не будзе паламана";
  • 37. яшчэ і ў другiм месцы Пiсанне гаворыць:
    "будуць глядзець на Таго, Каго працялі".
  • 38. Пасля гэтага Іосіф з Арымафеi, які быў вучнем Іісуса,
    але тайным з-за страху перад Іудзеямі,
    папрасiў Пiлата, каб узяць Цела Іісусава;
    i Пiлат дазволiў;
    тады прыйшоў ён i ўзяў Цела Іісусава.
  • 39. Прыйшоў і Нiкадзім,
    які прыходзiў раней да Іісуса ўначы,
    i прынёс сумесь з смiрны i алою фунтаў каля ста.
  • 40. Узялi яны Цела Іісусава
    i абвілi Яго палотнамі з духмянасцямі,
    як паводле звычаю хаваюць Іудзеі.
  • 41. Быў жа на тым месцы, дзе Ён быў распяты, сад,
    i ў садзе магiла новая,
    у якой ніколі яшчэ нiхто не быў пакладзены;
  • 42. і там, з-за пятнiцы Іудзейскай,
    паколькі блізка была магiла, паклалi Іісуса.