- 1. Праўду, праўду кажу вам:
хто не праз дзверы ўваходзiць у двор авечы, а ўлазiць iнакш,
той злодзей i разбойнiк; - 2. а хто ўваходзiць праз дзверы,
той пастух авечак; - 3. яму прыдзвернiк адчыняе,
i авечкi голасу яго слухаюцца,
i сваiх авечак ён клiча па імёнах i выводзiць iх; - 4. i калi сваiх авечак выпусціць, iдзе перад iмi,
i авечкi за iм ідуць, бо ведаюць голас яго; - 5. за чужым жа не пойдуць, а будуць уцякаць ад яго,
бо не ведаюць чужога голасу. - 6. Гэтую прытчу сказаў iм Іісус.
Яны ж не зразумелi значэння таго, што Ён гаварыў iм. - 7. Тады зноў сказаў iм Іісус:
праўду, праўду кажу вам:
Я — дзверы для авечак; - 8. усе, колькi iх нi прыходзiла перада Мною,
былі зладзеi ды разбойнiкi;
але авечкi не паслухалiся iх; - 9. Я — дзверы;
хто ўвойдзе праз Мяне, збаўлены будзе;
i ўвойдзе, i выйдзе, i пашу знойдзе; - 10. злодзей прыходзiць толькi каб украсцi і забiць, i загубiць;
Я прыйшоў, каб жыццё мелi, i ўдосталь мелi; - 11. Я — Пастыр добры;
пастыр добры жыццё сваё аддае за авечак, - 12. а наймiт, якi не пастыр і якому авечкi не свае,
бачыць, як прыходзіць воўк, i пакiдае авечак i ўцякае,
i воўк хапае авечак i разганяе іх; - 13. а наймiт уцякае,
бо ён наймiт i не дбае пра авечак. - 14. Я — Пастыр добры
i ведаю Маіх, i Мае ведаюць Мяне; - 15. як ведае Мяне Айцец, так i Я ведаю Айца,
i жыццё Маё аддаю за авечак; - 16. ёсць у Мяне i iншыя авечкі, якія не з гэтага двара,
i тых Мне трэба прывесцi;
i голас Мой яны пачуюць,
і будзе адно стада i адзiн Пастыр. - 17. За тое Айцец Мяне любiць,
што Я аддаю жыццё Маё, каб зноў прыняць яго; - 18. нiхто не адбірае яго ў Мяне, а Я аддаю яго Сам;
уладу маю аддаць яго i ўладу маю зноў прыняць яго;
гэтую запаведзь атрымаў Я ад Айца Майго. - 19. І нязгода зноў узнікла памiж Іудзе-ямі з-за гэтых слоў;
- 20. гаварылi многiя з iх:
Ён мае ў Сабе дэмана i шалее;
чаго вы Яго слухаеце? - 21. Іншыя гаварылі: гэта словы не апантанага,
хіба можа дэман адкрываць вочы сляпым? - 22. I настала ў Іерусалiме свята аднаўлення,
i была зiма; - 23. і хадзiў Іісус у храме, у прытворы Саламонавым.
- 24. Абступiлi Яго Іудзеі i казалi Яму:
дакуль Ты будзеш таміць душы нашы?
калi Ты Хрыстос, скажы нам адкрыта. - 25. Адказаў iм Іісус: Я сказаў вам, i вы не верыце;
справы, якія Я раблю ў iмя Айца Майго,
яны сведчаць пра Мяне; - 26. але вы не верыце,
бо вы не з авечак Маіх, як Я сказаў вам; - 27. Авечкi Мае голасу Майго слухаюцца,
i Я ведаю iх,
i яны iдуць за Мною, - 28. і Я жыццё вечнае даю iм, i не загiнуць давеку,
i не вырве iх нiхто з рукi Маёй; - 29. Айцец Мой, Якi даў Мне iх, большы за ўсiх,
i нiхто не можа вырваць iх з рукi Айца Майго; - 30. Я i Айцец — адно.
- 31. І ўзялі зноў камянямі Іудзеі, каб пабiць Яго.
- 32. Сказаў iм Іісус:
многа добрых спраў паказаў Я вам ад Айца Майго;
за якую з гэтых спраў вы хочаце пабіць Мяне камянямі? - 33. Адказалi Яму Іудзеі, гаворачы:
не за добрую справу мы хочам пабiць Цябе камянямі,
а за блюзнерства і за тое,
што Ты, будучы чалавекам, робiш Сябе Богам. - 34. Адказаў iм Іісус:
хiба не напiсана ў законе вашым:
"Я сказаў: вы багi". - 35. Калі Ён назваў багамi тых, да каго было звернута слова Божае,
а Пісанне не можа быць парушана, - 36. тады як жа Таму, Каго Айцец асвяцiў i паслаў у свет,
вы кажаце: "блюзнерыш",
паколькі Я сказаў: "Я Сын Божы"? - 37. калi Я не раблю спраў Айца Майго, не верце Мне;
- 38. а калi раблю,
то, калі Мне не верыце, дык справам верце,
каб вы спазналi i ўверавалi, што Айцец ува Мне i Я ў Ім. - 39. Тады шукалi зноў, як схапіць Яго,
але Ён унік рук iх - 40. i пайшоў зноў за Іардан,
на тое месца, дзе раней хрысцiў Іаан,
i застаўся там. - 41. I многiя прыйшлi да Яго i гаварылі,
што Іаан не зрабiў нiякага цуду; - 42. I многiя там уверавалi ў Яго.
Головна > Бібліотека > Бібліїстика > Переклади Біблії > Переклади Біблії білоруською мовою > Святое Дабравесце (па Беларуску) пераклад Бiблейскай камiсii БПЦ МП > Святое Дабравесце паводле Iаана > Глава 10