- 1. А перад святам Пасхi,
ведаючы, што прыйшоў Яго час перайсцi з гэтага свету да Айца,
Іісус, узлюбiўшы Сваiх, якія ў свеце,
да канца ўзлюбiў iх. - 2. I падчас вячэры,
калi дыявал ужо ўклаў у сэрца Іуды Сіманавага Іскарыёта
намер выдаць Яго, - 3. Іісус, ведаючы, што Айцец усё аддаў у рукi Яго,
i што Ён ад Бога выйшаў i да Бога ідзе, - 4. устае ад вячэры і здымае вопратку,
i, узяўшы ручнiк, падпяразваецца; - 5. потым налiвае ваду ва ўмывальнiцу
i пачынае абмываць ногi вучням
i выцiраць ручнiком, якiм быў падпяразаны. - 6. Падыходзiць Ён да Сімана Пятра,
i той кажа Яму: Госпадзі!
няўжо Ты будзеш мыць мае ногi? - 7. У адказ Іісус сказаў яму:
што Я раблю, ты цяпер не ведаеш,
а зразумееш потым. - 8. Кажа Яму Пётр: не будзеш мыць ног маiх давеку.
Адказаў яму Іісус: калi не абмыю цябе,
не будзеш мець супольнасці са Мною. - 9. Кажа Яму Сіман Пётр:
Госпадзі! не толькi ногi мае, але і рукi, i галаву. - 10. Кажа яму Іісус:
абмытага няма патрэбы мыць, хіба толькi ногi, а ўвесь ён чысты,
i вы чыстыя, але не ўсе. - 11. Ён ведаў, хто выдасць Яго,
таму i сказаў: не ўсе вы чыстыя. - 12. Калi ж абмыў ногi iм i ўзяў вопратку Сваю,
узлёг Ён зноў і сказаў ім:
цi ведаеце, што Я зрабiў вам? - 13. Вы называеце Мяне Вучыцелем i Госпадам,
i правiльна кажаце, бо так i ёсць; - 14. дык вось, калi Я, Гасподзь i Вучыцель, абмыў вам ногi,
то i вы павiнны адзiн аднаму абмываць ногi, - 15. бо Я даў вам прыклад,
каб так, як Я зрабiў вам, рабiлi i вы; - 16. праўду, праўду кажу вам:
раб не большы за гаспадара свайго,
i пасланец не большы за таго, хто паслаў яго; - 17. ведаючы гэта, блажэнныя вы, калi робiце гэта;
- 18. не пра ўсiх вас кажу,
бо Я ведаю, каго выбраў;
але няхай спраўдзіцца Пісанне:
"той, хто есць са Мною хлеб, падняў на Мяне пяту сваю"; - 19. кажу вам гэта цяпер, раней, чым яно збылося,
каб, калі збудзецца, вы ўверавалi, што гэта Я; - 20. праўду, праўду кажу вам:
хто прымае таго, каго Я пашлю, Мяне прымае,
а хто прымае Мяне, прымае Таго, Хто паслаў Мяне. - 21. Сказаўшы гэта, Іісус узрушыўся духам,
i засведчыў, i сказаў: праўду, праўду кажу вам,
што адзiн з вас выдасць Мяне! - 22. Глядзелі тады адзін на аднаго вучнi,
недаўмяваючы, пра каго Ён гаворыць. - 23. Адзiн жа з вучняў Яго, якога любiў Іісус,
узляжаў каля Іісуса; - 24. тады кiвае яму Сіман Пётр,
каб спытаўся, хто той, пра якога Ён гаворыць. - 25. I ён, прыхіліўшыся да грудзей Іісуса,
кажа Яму: Госпадзі! хто гэта? - 26. Адказвае Іісус:
гэта той, каму Я, абмакнуўшы, кавалак хлеба падам.
I, абмакнуўшы хлеб, дае Іудзе Сіманаву Іскарыёту. - 27. I тады, пасля гэтага кавалка, увайшоў у яго сатана.
І кажа яму Іісус: што робiш, рабi хутчэй. - 28. Але нiхто з тых, што ўзляжалі,
не зразумеў, пра што Ён сказаў яму. - 29. Бо некаторыя думалi, што, паколькі ў Іуды была скарбонка,
то Іісус кажа яму: купi, што нам трэба на свята;
альбо, каб убогiм нешта даў. - 30. Ён жа, узяўшы той кавалак хлеба, адразу выйшаў;
а была ноч.
Калі ён выйшаў, - 31. кажа Іісус:
Цяпер праславiўся Сын Чалавечы,
i Бог праславiўся ў Ім; - 32. калi Бог праславiўся ў Ім,
то і Бог праславiць Яго ў Сабе,
i неўзабаве праславiць Яго. - 33. дзеткі! ужо нядоўга Мне быць з вамi;
будзеце шукаць Мяне,
i як Я сказаў Іудзеям: "куды Я iду, вы не можаце прыйсцi",
так i вам кажу цяпер; - 34. запаведзь новую даю вам: каб вы любiлi адзiн аднаго;
як Я ўзлюбiў - 35. па тым пазнаюць усе, што вы Мае вучнi,
калi любоў будзеце мець паміж сабою. - 36. Кажа Яму Сіман Пётр: Госпадзі! куды Ты ідзеш?
Адказаў яму Іісус: куды Я іду, ты не можаш за Мною цяпер ісцi;
але потым пойдзеш за Мною. - 37. Кажа Яму Пётр: Госпадзі! чаму я не магу за Табою iсцi цяпер?
я душу маю за Цябе палажу. - 38. Адказаў яму Іісус: душу тваю за Мяне паложыш?
праўду, праўду кажу табе:
не прапяе певень, як ты адрачэшся ад Мяне тройчы.
Головна > Бібліотека > Бібліїстика > Переклади Біблії > Переклади Біблії білоруською мовою > Святое Дабравесце (па Беларуску) пераклад Бiблейскай камiсii БПЦ МП > Святое Дабравесце паводле Iаана > Глава 13