Глава 18

  • 1. Сказаўшы гэта,
    Іісус выйшаў з вучнямi Сваiмi на той бок патоку Кедрон,
    дзе быў сад, у якi ўвайшоў Ён Сам i вучнi Яго;
  • 2. ведаў жа гэтае месца i Іуда, які выдаў Яго,
    бо там часта збiраўся Іісус з вучнямі Сваімі;
  • 3. і вось Іуда, узяўшы атрад воінаў і служыцеляў
    ад першасвятароў i фарысеяў,
    прыходзіць туды з факеламi, і лiхтарамi, i зброяй.
  • 4. Іісус жа, ведаючы ўсё, што з Ім будзе,
    выйшаў i сказаў iм: каго шукаеце?
  • 5. Адказалi Яму: Іісуса Назарэя.
    Кажа iм Іісус: гэта Я.
    Стаяў жа з iмi i Іуда, які выдаў Яго;
  • 6. і калi Іісус сказаў iм: "гэта Я",
    яны адступiлi назад i ўпалi на зямлю.
  • 7. Ён зноў спытаўся ў iх: каго шукаеце?
    Яны сказалi: Іісуса Назарэя.
  • 8. Адказаў Іісус: Я сказаў вам, што гэта Я;
    дык вось, калi Мяне шукаеце, пакіньце iх, няхай ідуць, —
  • 9. каб споўнiлася слова, якое Ён сказаў:
    з тых, каго Ты даў Мне, Я не загубiў нiкога.
  • 10. Тады Сіман Пётр, маючы меч, выняў яго
    і ўдарыў першасвятаровага раба
    i адсек яму правае вуха;
    імя раба было Малх;
  • 11. але Іісус сказаў Пятру: укладзі меч у ножны;
    чашу, якую даў Мне Айцец, няўжо Я не буду піць яе?
  • 12. Тады атрад воінаў i тысячаначальнiк, i служыцелі Іудзейскія
    ўзялi Іісуса і звязалi Яго,
  • 13. i павялi Яго спачатку да Анны,
    бо ён быў цесцем Каіафы,
    якi быў першасвятаром у той год;
  • 14. гэта быў той Каіафа, якi даў параду Іудзеям,
    што лепш, каб адзiн чалавек памёр за народ.
  • 15. За Іісусам iшоў Сіман Пётр i другi вучань;
    вучань жа той быў знаёмы першасвятару
    і ён увайшоў з Іісусам у двор першасвятара,
  • 16. а Пётр стаяў каля дзвярэй звонку.
    Выйшаў тады вучань той, які быў знаёмы першасвятару,
    i сказаў прыдзвернiцы,
    i ўвёў Пятра.
  • 17. Кажа тут служанка-прыдзвернiца Пятру:
    i ты цi не з вучняў Гэтага Чалавека?
    Ён сказаў: не.
  • 18. І стаялi рабы i служыцелі,
    расклаўшы вогнішча, таму што было холадна, і грэлiся;
    з iмi Пётр таксама стаяў i грэўся.
  • 19. Першасвятар жа спытаўся ў Іісуса
    пра вучняў Яго i пра вучэнне Яго.
  • 20. Адказаў яму Іісус: Я адкрыта гаварыў свету;
    Я заўсёды навучаў у сінагогах i ў храме,
    дзе заўсёды збіраюцца Іудзеі,
    i тайна не гаварыў нiчога;
  • 21. чаму ты ў Мяне пытаешся?
    спытайся ў тых, якія чулі, што Я гаварыў iм;
    вось яны ведаюць, што Я казаў.
  • 22. Калі Ён сказаў гэта,
    адзiн са служыцеляў, што блiзка стаяў, ударыў Іісуса па шчацэ
    i сказаў: так Ты адказваеш першасвятару?
  • 23. Адказаў яму Іісус: калi Я дрэнна сказаў, засведчы, што дрэнна;
    а калi добра, чаму ты б’еш Мяне?
  • 24. Тады Анна паслаў Яго, звязанага, да першасвятара Каіафы.
  • 25. А Сіман Пётр стаяў i грэўся.
    Сказалі тады яму: i ты цi не з вучняў Яго?
    Ён адрокся i сказаў: не.
  • 26. Кажа адзiн з рабоў першасвятара,
    сваяк таго, якому Пётр адсек вуха:
    хiба я не бачыў цябе з Ім у садзе?
  • 27. Пётр iзноў адрокся;
    i адразу певень заспяваў.
  • 28. Тады вядуць Іісуса ад Каіафы ў прэторыю.
    Была ранiца,
    i яны не ўвайшлi ў прэторыю, каб не апаганіцца,
    але каб можна было есцi пасху.
  • 29. Выйшаў Пiлат да iх i сказаў:
    якое абвiнавачанне выстаўляеце вы супраць Гэтага Чалавека?
  • 30. У адказ яны сказалi яму:
    калi б Ён не быў злачынцам, мы не выдалi б Яго табе.
  • 31. Тады сказаў iм Пiлат: вазьміце Яго вы
    i па закону вашаму судзiце Яго.
    Сказалi яму Іудзеі: нам не дазваляецца караць смерцю нiкога, —
  • 32. каб споўнілася слова Іісуса, якое Ён сказаў,
    указваючы, якою смерцю Ён мае памерцi.
  • 33. Увайшоў тады зноў Пiлат у прэторыю, i паклiкаў Іісуса,
    і сказаў Яму: Ты Цар Іудзейскi?
  • 34. Адказаў яму Іісус: ты ад сябе гэта гаворыш,
    цi іншыя сказалi табе пра Мяне?
  • 35. Адказаў Пiлат: хіба я Іудзей?
    народ Твой i першасвятары выдалi Цябе мне;
    што Ты зрабiў?
  • 36. Адказаў Іісус: Царства Маё не ад гэтага свету;
    калi б ад гэтага свету было Царства Маё,
    то слугi Мае змагаліся б за тое,
    каб Мяне не выдалi Іудзеям.
    Але цяпер Царства Маё не адгэтуль.
  • 37. Тады сказаў Яму Пiлат: дык Ты Цар?
    Адказаў Іісус: ты кажаш, што Я Цар;
    Я на тое нарадзiўся i на тое прыйшоў у свет,
    каб сведчыць пра ісціну;
    і кожны, хто ад ісціны, слухаецца голасу Майго.
  • 38. Кажа Яму Пiлат: што ёсць ісціна?
    I, прамовіўшы гэта, ён зноў выйшаў да Іудзеяў
    i кажа iм: я нiякай вiны
  • 39. ёсць жа звычай у вас,
    каб кагосьці аднаго я адпускаў вам на Пасху;
    хочаце, адпушчу вам Цара Іудзейскага?
  • 40. Тады зноў закрычалi ўсе,
    кажучы: не Яго, а Вараву.
    А Варава быў разбойнік.