- 1. А ў першы дзень тыдня Марыя Магдалiна
прыходзiць рана, калі было яшчэ цёмна, да магiлы
i бачыць, што камень адвалены ад магiлы; - 2. тады бяжыць яна i прыходзiць да Сімана Пятра
i да другога вучня, якога любiў Іісус,
i кажа iм: узялi Госпада з магiлы,
i не ведаем, дзе паклалi Яго. - 3. Выйшаў тады Пётр i другi вучань,
i пайшлi да магiлы; - 4. яны беглi абодва разам,
але другi вучань бег хутчэй за Пятра
i прыйшоў першым да магiлы, - 5. i, нахiлiўшыся, бачыць, што ляжаць палотны;
аднак не ўвайшоў. - 6. Прыходзiць тады Сіман Пётр услед за iм
i ўваходзiць у магiлу,
і бачыць, што ляжаць палотны - 7. i што хуста, якая была на галаве Яго,
не з палотнамі ляжыць,
а асобна скручаная на іншым месцы. - 8. Тады ўвайшоў i другi вучань, што першым прыйшоў да магiлы,
i ўбачыў ён, i ўвераваў; - 9. бо яны яшчэ не ведалi з Пiсання,
што належыць Яму з мёртвых уваскрэснуць. - 10. Тады пайшлi вучнi зноў да сябе.
- 11. Марыя ж стаяла звонку каля магiлы, плачучы;
i калі плакала, яна нахілілася да магiлы - 12. і бачыць двух Ангелаў у белым адзеннi,
якія сядзяць адзiн у галавах, другi ў нагах,
дзе ляжала было Цела Іісусава. - 13. I яны кажуць ёй: жанчына! чаго ты плачаш?
Яна кажа ім: узялi Госпада майго,
i не ведаю, дзе палажылi Яго. - 14. Сказаўшы гэта, яна абярнулася назад
i ўбачыла, што стаiць Іісус,
але не пазнала, што гэта Іісус. - 15. Кажа ёй Іісус: жанчына! чаго ты плачаш? каго шукаеш?
Яна, думаючы, што гэта садоўнiк, кажа Яму: гаспадар!
калi ты ўзяў Яго, скажы мне, дзе ты паклаў Яго,
i я вазьму Яго. - 16. Кажа ёй Іісус: Марыя!
Яна, абярнуўшыся, кажа Яму: Раввуні!
(што значыць: Вучыцель!). - 17. Кажа ёй Іісус: не дакранайся да Мяне,
бо Я яшчэ не ўзышоў да Айца Майго,
але ідзi да братоў Маiх i скажы iм:
узыходжу да Айца Майго i Айца вашага,
i Бога Майго i Бога вашага. - 18. Прыходзіць Марыя Магдалiна і абвяшчае вучням,
што бачыла Госпада i што Ён гэта сказаў ёй. - 19. I ўвечары таго ж першага дня тыдня,
калi дзверы там, дзе сабраліся вучнi,
былi замкнёныя з-за страху перад Іудзеямі,
прыйшоў Іісус i стаў пасярэдзiне,
i кажа iм: мiр вам! - 20. I, сказаўшы гэта, паказаў iм рукi і бок Свой.
І ўзрадавалiся вучнi, убачыўшы Госпада. - 21. Іісус жа зноў сказаў iм: мiр вам!
як паслаў Мяне Айцец, так i Я пасылаю вас. - 22. Сказаўшы гэта, дзьмухнуў
i кажа iм: прымiце Духа Святога; - 23. каму адпусцiце грахi, таму будуць адпушчаны;
на кiм пакiнеце, на тым застануцца. - 24. А Фама, адзiн з дванаццаці, называны Блiзнюк,
не быў з iмi, калi прыходзiў Іісус; - 25. казалi яму іншыя вучнi: мы бачылi Госпада.
Але ён сказаў iм: калi не ўбачу на руках Яго ран ад цвікоў
i не ўкладу пальца майго ў раны ад цвікоў,
i не ўкладу рукi маёй у бок Яго, не паверу. - 26. I праз восем дзён зноў былі ў доме вучнi Яго
i Фама з iмi.
Прыходзіць Іісус, калі дзверы былі замкнёныя;
стаў пасярэдзiне i сказаў: мiр вам! - 27. Потым кажа Фаме:
дай палец твой сюды i паглядзi на рукi Мае;
і дай руку тваю i ўкладзі ў бок Мой;
i не будзь няверуючым, а будзь веруючым. - 28. У адказ Фама сказаў Яму: Гасподзь мой i Бог мой!
- 29. Кажа яму Іісус: ты ўвераваў, таму што ўбачыў Мяне;
блажэнныя тыя, якія не бачылі і ўверавалі. - 30. Многа яшчэ зрабiў Іісус перад вучнямi Сваiмi і іншых цудаў,
пра якiя не напiсана ў кнiзе гэтай; - 31. а гэта напiсана, каб вы ўверавалі,
што Іісус ёсць Хрыстос, Сын Божы,
i каб, веруючы, жыццё мелi ў iмя Яго.
Головна > Бібліотека > Бібліїстика > Переклади Біблії > Переклади Біблії білоруською мовою > Святое Дабравесце (па Беларуску) пераклад Бiблейскай камiсii БПЦ МП > Святое Дабравесце паводле Iаана > Глава 20