Глава 6

  • 1. Пасля гэтага пайшоў Іісус
    на той бок мора Галілейскага, Тыверыядскага;
  • 2. і за Ім ішло мноства народу,
    таму што бачылі цуды Яго, якія Ён рабіў над хворымі.
  • 3. І ўзышоў на гару Іісус і там сядзеў з вучнямі Сваімі.
  • 4. А набліжалася Пасха, свята Іудзейскае.
  • 5. Іісус, узвёўшы вочы і ўбачыўшы, што мноства народу ідзе да Яго,
    кажа Філіпу: дзе нам купіць хлеба, каб яны паелі?
  • 6. Казаў жа Ён гэта, выпрабоўваючы яго,
    бо Сам ведаў, што меўся зрабіць.
  • 7. Адказаў Яму Філіп:
    на дзвесце дынарыяў не хопіць ім хлеба,
    каб кожны з іх хоць трохі атрымаў.
  • 8. Кажа Яму адзін з вучняў Яго,
    Андрэй, брат Сімана Пятра:
  • 9. ёсць тут адзін хлопчык,
    які мае пяць хлябоў ячменных і дзве рыбіны;
    але што гэта для такога мноства?
  • 10. І сказаў Іісус: загадайце людзям узлегчы.
    Было ж многа травы на тым месцы.
    І вось узляглі людзі ў колькасці каля пяці тысяч.
  • 11. Узяў жа хлябы Іісус
    і, узнёсшы падзяку, раздаў вучням,
    а вучні — тым, што ўзляжалі;
    таксама і рыбы, колькі хто хацеў;
  • 12. і калі насыціліся,
    сказаў вучням Сваім: збярыце кавалкі, якія засталіся,
    каб нічога не прапала.
  • 13. І сабралі яны
    і напоўнілі дванаццаць кашоў
    кавалкамі ад пяці хлябоў ячменных,
    якія засталіся ў тых, што елі.
  • 14. Тады людзі, якія бачылі цуд, зроблены Іісусам, сказалі:
    Ён сапраўды Той Прарок, што павінен прыйсці ў свет.
  • 15. Іісус жа, даведаўшыся,
    што хочуць прыйсці, каб сілаю ўзяць Яго і зрабіць царом,
    адышоў ізноў на гару адзін.
  • 16. Калі ж настаў вечар, спусціліся вучні Яго да мора
  • 17. і, увайшоўшы ў лодку, паплылі на той бок мора ў Капернаум.
    І ўжо сцямнела, а Іісус не прыходзіў да іх;
  • 18. і мора з-за таго, што дзьмуў моцны вецер, хвалявалася.
  • 19. Праплыўшы каля дваццаці пяці ці трыццаці стадый,
    яны ўбачылі Іісуса,
    Які ішоў па моры і набліжаўся да лодкі,
    і спалохаліся;
  • 20. але Ён сказаў ім: гэта Я,
    не бойцеся.
  • 21. Яны хацелі ўзяць Яго ў лодку;
    і адразу лодка прыстала да берага, куды яны плылі.
  • 22. На другі дзень
    народ, які стаяў па той бок мора,
    убачыў, што там не было іншай лодкі,
    апрача адной той, у якую ўвайшлі вучні Яго,
    і што Іісус не ўваходзіў з вучнямі Сваімі ў лодку,
    але вучні Яго адплылі адны;
  • 23. і іншыя лодкі прыплылі з Тыверыяды
    блізка да таго месца, дзе елі хлеб,
    калі Гасподзь узнёс быў падзяку;
  • 24. калі ўбачылі людзі,
    што там няма ні Іісуса, ні вучняў Яго,
    то ўвайшлі самі ў лодкі і паплылі ў Капернаум, шукаючы Іісуса,
  • 25. і, знайшоўшы Яго на тым баку мора,
    сказалі Яму: Равві! калі Ты сюды прыбыў?
  • 26. У адказ ім Іісус сказаў: праўду, праўду кажу вам:
    вы шукаеце Мяне не таму, што бачылі цуды,
    а таму, што елі хлеб і насыціліся;
  • 27. Дбайце не пра ежу тленную,
    а пра ежу, што застаецца на жыццё вечнае,
    якое дасць вам Сын Чалавечы,
    бо Айцец вызначыў Яго пячаццю Сваёю, Бог.
  • 28. Яны ж сказалі Яму:
    што нам рабіць, каб здзяйсняць справы Божыя?
  • 29. У адказ Іісус сказаў ім: вось справа Божая:
    каб вы веравалі ў Таго, Каго паслаў Ён.
  • 30. Яны ж сказалі Яму: якое Ты зробіш знаменне,
    каб мы ўбачылі і паверылі Табе?
    што Ты здзейсніш?
  • 31. айцы нашы елі манну ў пустыні,
    як напісана: "хлеб з неба даў ім есці".
  • 32. Сказаў жа ім Іісус: праўду, праўду кажу вам:
    не Маісей даў вам хлеб з неба,
    а Айцец Мой дае вам з неба хлеб ісцінны;
  • 33. бо хлеб Божы — гэта Той,
    Хто сыходзіць з неба і дае жыццё свету.
  • 34. Яны ж сказалі Яму:
    Госпадзі! заўсёды давай нам хлеб гэты.
  • 35. І сказаў ім Іісус: Я — хлеб жыцця;
    хто прыходзіць да Мяне, не зведае голаду,
    і хто веруе ў Мяне, не будзе мець смагі ніколі;
  • 36. але Я сказаў вам, што і бачылі вы Мяне, і не веруеце;
  • 37. усё, што дае Мне Айцец, да Мяне прыйдзе,
    і таго, хто прыходзіць да Мяне, Я не выганю вон,
  • 38. бо Я сышоў з неба не дзеля таго, каб чыніць волю Сваю,
    але волю Айца, Які паслаў Мяне;
  • 39. а воля Айца, Які паслаў Мяне, у тым,
    каб з усяго, што Ён даў Мне, Я нічога не загубіў,
    але ўваскрасіў гэта ў апошні дзень;
  • 40. Воля Таго, Хто паслаў Мяне, у тым,
    каб кожны, хто бачыць Сына і веруе ў Яго,
    меў жыццё вечнае,
    і Я ўваскрашу яго ў апошні дзень.
  • 41. Абурыліся тады Іудзеі на Яго
    за тое, што Ён сказаў: "Я ёсць хлеб, які сышоў з неба",
  • 42. і гаварылі: ці не Іісус гэта, сын Іосіфаў,
    бацьку і Маці Якога мы ведаем?
    як жа Ён кажа: "з неба Я сышоў"?
  • 43. На гэта Іісус сказаў ім: не абурайцеся паміж сабою;
  • 44. ніхто не можа прыйсці да Мяне,
    калі Айцец, Які паслаў Мяне, не прывядзе яго,
    і Я ўваскрашу яго ў апошні дзень;
  • 45. напісана ў прарокаў: і будуць усе навучаны Богам.
    Кожны, хто пачуў ад Айца і навучыўся, прыходзіць да Мяне;
  • 46. гэта не значыць, што Айца бачыў нехта,
    апрача Таго, Хто ад Бога:
    Ён бачыў Айца.
  • 47. Праўду, праўду кажу вам:
    хто веруе ў Мяне, мае жыццё вечнае.
  • 48. Я — хлеб жыцця;
  • 49. айцы вашы елі манну ў пустыні і памерлі;
  • 50. а хлеб, які сыходзіць з неба, такі,
    што той, хто яго есць, не памрэ;
  • 51. Я — хлеб жывы, які сышоў з неба;
    хто есць хлеб гэты, жыць будзе вечна;
    і хлеб, які Я дам, ёсць Плоць Мая,
    якую Я аддам за жыццё свету.
  • 52. І спрачаліся між сабою Іудзеі,
    гаворачы: як можа Ён даць нам Плоць Сваю есці?
  • 53. Іісус жа сказаў ім: праўду, праўду кажу вам:
    калі не будзеце есці Плоці Сына Чалавечага і піць Крыві Яго,
    то жыцця не будзеце мець у сабе;
  • 54. хто есць Маю Плоць і п’е Маю Кроў, той мае жыццё вечнае,
    і Я ўваскрашу яго ў апошні дзень;
  • 55. бо Плоць Мая сапраўды ёсць ежа,
    і Кроў Мая сапраўды ёсць пітво;
  • 56. Хто есць Маю Плоць і п’е Маю Кроў,
    той ува Мне застаецца і Я ў ім;
  • 57. як паслаў Мяне жывы Айцец і Я жыву Айцом,
    так і той, хто есць Мяне, жыць будзе Мною;
  • 58. гэта і ёсць хлеб, які сышоў з неба;
    не так, як айцы вашы елі манну і памерлі;
    хто есць хлеб гэты, жыць будзе вечна.
  • 59. Гэта сказаў Ён у сінагозе, навучаючы ў Капернауме.
  • 60. І многія з вучняў Яго, пачуўшы гэта, сказалі:
    жудасныя гэта словы;
    хто можа іх слухаць?
  • 61. Іісус жа, ведаючы ў Сабе, што абураюцца гэтым вучні Яго,
    сказаў ім: хіба гэта вас спакушае?
  • 62. а што, калі ўбачыце Сына Чалавечага,
    Які ўзыходзіць туды, дзе быў раней?
  • 63. дух дае жыццё,
    плоць не прыносіць ніякай карысці;
    словы, якія Я кажу вам, ёсць дух і жыццё;
  • 64. але ёсць сярод вас некаторыя, што не веруюць.
    Бо ведаў ад пачатку Іісус,
    хто няверуючыя і хто выдасць Яго,
  • 65. і сказаў: дзеля таго Я і гаварыў вам,
    што ніхто не можа прыйсці да Мяне,
    калі не будзе яму дадзена Айцом Маім.
  • 66. З таго часу многія з вучняў Яго адышлі
    і ўжо не хадзілі з Ім.
  • 67. Сказаў тады Іісус дванаццаці: ці не хочаце і вы адысці?
  • 68. Адказаў Яму Сіман Пётр:
    Госпадзі! да каго мы пойдзем?
    Ты маеш словы жыцця вечнага,
  • 69. і мы ўверавалі і спазналі,
    што Ты Хрыстос, Сын Бога жывога.
  • 70. Адказаў ім Іісус: ці не Я вас дванаццаць абраў?
    але адзін з вас — дыявал.
  • 71. Гаварыў жа Ён пра Іуду Сіманавага Іскарыёта,
    бо той меўся выдаць Яго,
    будучы адным з дванаццаці.