- 1. Пасля гэтага было свята Іудзейскае,
і прыйшоў Іісус у Іерусалім. - 2. Ёсць жа ў Іерусаліме каля Авечых варот купальня,
што называецца па-яўрэйску Віфезда,
і мае пяць крытых хадоў; - 3. у іх ляжала вялікае мноства хворых,
сляпых, кульгавых, ссохлых,
што чакалі руху вады; - 4. бо Ангел Гасподні час ад часу сыходзіў у купальню
і ўзрушаў ваду;
і хто першы ўваходзіў у яе пасля ўзрушэння вады,
той выздараўліваў, якой бы хваробай ні быў апанаваны. - 5. Быў жа тут нейкі чалавек,
што трыццаць восем гадоў пакутаваў ад хваробы сваёй. - 6. Іісус, убачыўшы яго ляжачым
і даведаўшыся, што ўжо доўгі час ён хварэе,
кажа яму: хочаш стаць здаровым? - 7. Адказаў Яму хворы: так, Гаспадар,
але не маю чалавека,
які апусціў бы мяне ў купальню, калі ўзрушыцца вада;
а пакуль я прыходжу, іншы сыходзіць раней за мяне. - 8. Кажа яму Іісус: устань,
вазьмі пасцель тваю і хадзі. - 9. І адразу выздаравеў чалавек;
і ўзяў пасцель сваю і пайшоў.
Была ж субота ў той дзень. - 10. Таму казалі Іудзеі ацалёнаму: сёння субота,
і нельга табе браць пасцелі тваёй. - 11. Ён адказаў ім: Той, Хто мяне ацаліў,
сказаў мне: "вазьмі пасцель тваю і хадзі". - 12. Тады спыталіся ў яго: хто Той Чалавек,
Які сказаў табе: "вазьмі пасцель тваю і хадзі"? - 13. Ацалёны ж не ведаў, хто Ён,
таму што Іісус скрыўся, бо натоўп быў на тым месцы. - 14. Пасля таго Іісус сустрэў яго ў храме
і сказаў яму: вось, ты стаў здаровым;
больш не грашы, каб не здарылася з табою чаго горшага. - 15. Пайшоў чалавек гэты і паведаміў Іудзеям:
гэта Іісус ацаліў мяне. - 16. І таму Іудзеі сталі гнаць Іісуса і імкнуліся забіць Яго,
што Ён рабіў гэта ў суботу. - 17. Іісус жа казаў ім:
Айцец Мой дагэтуль дзее, і Я дзею. - 18. І з-за таго яшчэ больш імкнуліся Іудзеі забіць Яго,
што Ён не толькі парушаў суботу,
але і Айцом Сваім называў Бога, робячы Сябе роўным Богу. - 19. На гэта Іісус сказаў ім: праўду, праўду кажу вам:
не можа Сын рабіць Сам ад Сябе нічога,
калі не будзе бачыць, што Айцец робіць,
бо што Ён робіць, тое і Сын робіць таксама; - 20. бо Айцец любіць Сына і паказвае Яму ўсё, што Сам робіць;
і большыя за гэтыя пакажа Яму справы, так што вы дзівіцца будзеце; - 21. бо як Айцец уваскрашае мёртвых і ажыўляе,
так і Сын ажыўляе, каго хоча; - 22. бо Айцец і не судзіць нікога, але суд увесь аддаў Сыну,
- 23. каб усе шанавалі Сына, як шануюць Айца;
хто не шануе Сына, той не шануе і Айца, Які паслаў Яго. - 24. Праўду, праўду кажу вам:
хто слухае слова Маё і верыць Таму, Хто паслаў Мяне,
мае жыццё вечнае і на суд не прыходзіць,
але перайшоў ад смерці ў жыццё. - 25. Праўду, праўду кажу вам:
настае час, ды і цяпер ёсць,
калі мёртвыя пачуюць голас Сына Божага
і, пачуўшы, ажывуць, - 26. бо як Айцец мае жыццё ў Самім Сабе,
так даў і Сыну жыццё мець у Сабе, - 27. і ўладу даў Яму суд чыніць,
бо Ён ёсць Сын Чалавечы. - 28. Не здзіўляйцеся гэтаму:
бо настае час,
калі ўсе, што ў магілах,
пачуюць голас Сына Божага, - 29. і выйдуць тыя, што рабілі дабро, ва ўваскрасенне жыцця,
а тыя, што рабілі зло, ва ўваскрасенне суду. - 30. Не магу Я рабіць Сам ад Сябе нічога.
Як чую, так суджу,
і суд Мой праведны,
бо не шукаю волі Маёй, але волі Айца, Які паслаў Мяне. - 31. Калі б Я сведчыў пра Сябе,
то сведчанне Маё непраўдзівае; - 32. іншы ёсць, які сведчыць пра Мяне,
і Я ведаю, што праўдзівае тое сведчанне,
якім Ён сведчыць пра Мяне; - 33. вы пасылалі да Іаана,
і ён засведчыў пра ісціну. - 34. Я не ад чалавека сведчанне прымаю,
але кажу гэта, каб вы збаўлены былі; - 35. ён быў свяцільнікам, які гарэў і свяціў,
а вы хацелі пацешыцца нейкі час пры святле яго. - 36. Але Я маю сведчанне, большае за Іаанава:
бо справы, што даў Мне Айцец, каб здзейсніць,
самі справы, якія Я раблю,
сведчаць пра Мяне, што Айцец паслаў Мяне, - 37. і Айцец, Які паслаў Мяне, Сам засведчыў пра Мяне.
Вы ні голасу Яго ніколі не чулі, ні аблічча Яго не бачылі, - 38. і не маеце слова Яго, якое было б у вас,
бо Таму, Каго Ён паслаў, вы не верыце. - 39. Даследуйце Пісанні,
бо вы думаеце праз іх мець жыццё вечнае,
а яны сведчаць пра Мяне. - 40. Але вы не хочаце прыйсці да Мяне, каб мець жыццё.
- 41. Славы ад людзей Я не прымаю,
- 42. але ведаю вас, што любові да Бога вы не маеце ў сабе.
- 43. Я прыйшоў у імя Айца Майго, і вы не прымаеце Мяне;
а калі іншы прыйдзе ў імя сваё, яго прымеце. - 44. Як вы можаце вераваць,
калі славу адзін ад аднаго прымаеце,
а славы, якая ад Адзінага Бога, не шукаеце? - 45. Не думайце, што Я буду абвінавачваць вас перад Айцом;
ёсць той, хто абвінавачвае вас, Маісей, на якога вы спадзеяцеся. - 46. Бо калі б верылі вы Маісею, то верылі б і Мне,
бо ён пісаў пра Мяне. - 47. Калі ж вы яго пісанням не верыце,
як Маім словам паверыце?
Головна > Бібліотека > Бібліїстика > Переклади Біблії > Переклади Біблії білоруською мовою > Святое Дабравесце (па Беларуску) пераклад Бiблейскай камiсii БПЦ МП > Святое Дабравесце паводле Iаана > Глава 5