- 1. Калі ж Іісус нарадзіўся ў Віфлееме Іудзейскім у дні цара Ірада,
вось, магі з усходу прыйшлі ў Іерусалім і кажуць: - 2. дзе народжаны Цар Іудзейскі?
бачылі бо мы зорку Яго на ўсходзе і прыйшлі пакланіцца Яму. - 3. Пачуўшы гэта, цар Ірад занепакоіўся,
і ўвесь Іерусалім з ім. - 4. І, сабраўшы ўсіх першасвятароў і кніжнікаў народных,
пытаўся ў іх: дзе мае нарадзіцца Хрыстос? - 5. Яны ж сказалі яму: у Віфлееме Іудзейскім,
так бо напісана праз прарока: - 6. "І ты, Віфлееме, зямля Іудава,
нічым не меншы сярод ваяводстваў Іудавых;
бо з цябе выйдзе Правадыр,
Які ўпасвіць народ мой Ізраіля". - 7. Тады Ірад, употай паклікаўшы магаў,
выведаў у іх час з'яўлення зоркі - 8. і, паслаўшы іх у Віфлеем, сказаў:
ідзіце, добра разведайце пра Дзіця
і, як знойдзеце, накажыце мне,
каб і я пайшоў пакланіцца Яму. - 9. Яны, выслухаўшы цара, пайшлі.
І вось, зорка, якую бачылі яны на ўсходзе, ішла перад імі,
пакуль, прыйшоўшы, не стала ўгары над месцам, дзе было Дзіця. - 10. Угледзеўшы зорку, яны ўзрадаваліся радасцю вельмі вялікай,
- 11. і, увайшоўшы ў дом, убачылі Дзіця з Марыяю, Маці Яго,
і, упаўшы, пакланіліся Яму;
і адкрыўшы скарбы свае, прынеслі Яму дары: золата, ладан і смірну. - 12. І ў сне атрымаўшы наказ не вяртацца да Ірада,
іншай дарогай адышлі ў краіну сваю. - 13. Калі ж яны адышлі, —
вось, Ангел Гасподні яўляецца ў сне Іосіфу і кажа:
устань, вазьмі Дзіця і Маці Яго, і ўцякай у Егіпет,
і будзь там, пакуль не скажу табе;
бо Ірад хоча шукаць Дзіцятка, каб загубіць Яго. - 14. Ён устаў, узяў Дзіця і Маці Яго,
і адышоў у Егіпет, - 15. і былі там да Ірадавай смерці,
каб збылося сказанае Госпадам праз прарока,
які кажа: "З Егіпта паклікаў Я Сына Майго". - 16. Тады Ірад, убачыўшы, што магі ашукалі яго, разгневаўся надта
і паслаў перабіць усіх дзетак у Віфлееме і ва ўсіх межах яго,
ад двух гадоў і ніжэй, паводле часу, які выведаў у магаў. - 17. Тады збылося сказанае праз прарока Іерамію, які кажа:
- 18. "Голас у Раме чуцен,
плач, і галашэнне, і лямант вялікі;
Рахіль плача па дзецях сваіх і не хоча суцешыцца;
бо іх няма". - 19. А як Ірад памёр, —
вось, Ангел Гасподні ў сне яўляецца Іосіфу ў Егіпце - 20. і кажа: устань, вазьмі Дзіця і Маці Яго
і ідзі ў зямлю Ізраілеву;
бо памерлі тыя, што шукалі душы Дзіцяці. - 21. Ён устаў, узяў Дзіця і Маці Яго
і прыйшоў у зямлю Ізраілеву. - 22. Але пачуўшы, што Архелай царуе ў Іудзеі
замест Ірада, бацькі свайго,
пабаяўся туды ісці;
і атрымаўшы ў сне наказ, адышоў у межы Галілейскія, - 23. і, прыйшоўшы, пасяліўся ў горадзе, які называецца Назарэт,
каб збылося сказанае праз прарокаў,
што Ён Назарэем назавецца.
Ничего нет для сопоставления.