- 1. І сталася, калі закончыў Іісус настаўленні дванаццаці вучням Сваім,
перайшоў адтуль вучыць і прапаведаваць у гарадах іх. - 2. А Іаан, пачуўшы ў цямніцы пра дзеі Хрыстовы,
паслаў двух вучняў сваіх - 3. сказаць Яму: ці Той Ты, Які павінен прыйсці,
ці чакаць нам другога? - 4. І сказаў ім Іісус у адказ:
ідзіце, скажыце Іаану, што чуеце і бачыце: - 5. сляпыя робяцца відушчымі і кульгавыя ходзяць,
пракажоныя ачышчаюцца і глухія чуюць,
мёртвыя ўваскрасаюць, і ўбогія дабравесцяць, - 6. і блажэнны, хто не спакусіцца аба Мне.
- 7. Калі ж пайшлі яны,
Іісус пачаў гаварыць народу пра Іаана:
што глядзець хадзілі вы ў пустыню?
ці не трысціну, ветрам калыханую? - 8. Што ж глядзець хадзілі вы?
ці не чалавека, убранага ў мяккае адзенне?
Але тыя, што носяць мяккае адзенне, жывуць у харомах царскіх. - 9. Што ж глядзець хадзілі вы?
прарока?
Так, кажу вам,
і больш, чым прарока. - 10. Бо ён той, пра якога напісана:
"вось, Я пасылаю Ангела Майго перад абліччам Тваім,
які падрыхтуе шлях Твой перад Табою". - 11. Праўду кажу вам:
сярод народжаных жанчынамі не паўставаў большы за Іаана Хрысціцеля;
але меншы ў Царстве Нябесным большы за яго. - 12. Ад дзён жа Іаана Хрысціцеля да сёння
Царства Нябеснае дасягаецца сілаю,
і тыя, што сілу ўжываюць здабываюць яго; - 13. бо ўсе прарокі і закон прадвясцілі да Іаана.
- 14. І калі хочаце прыняць,
ён ёсць Ілія, які мае прыйсці. - 15. Хто мае вушы, каб чуць, няхай чуе.
- 16. З кім параўнаю род гэты?
Падобны ён да дзяцей, якія сядзяць на рынку
і, аклікаючы адны другіх, - 17. кажуць:
"мы ігралі вам на дудцы, а вы не танцавалі;
мы спявалі вам жалобнае, а вы не галасілі". - 18. Бо прыйшоў Іаан, не есць, не п'е;
і кажуць: "у ім дэман". - 19. Прыйшоў Сын Чалавечы, есць і п'е;
і кажуць: "вось, чалавек, які любіць есці і віно піць,
прыяцель мытнікам і грэшніка".
І апраўдана мудрасць дзецьмі яе. - 20. Тады пачаў Ён дакараць гарады,
у якіх найбольш праявіліся сілы Яго,
бо яны не пакаяліся. - 21. Гора табе, Харазіне!
гора табе, Віфсаіда!
бо калі б у Тыры і Сідоне
явіліся сілы, яўленыя ў вас,
яны б даўно ўжо ў валасяніцы і ў попеле пакаяліся; - 22. але кажу вам:
Тыру і Сідону лягчэй будзе ў дзень судны, чым вам. - 23. І ты, Капернауме,
што да неба ўзвысіўся, да пекла будзеш нізрынуты;
бо калі б у Садоме явіліся сілы, яўленыя ў табе,
дык ён прастаяў бы па сённяшні дзень; - 24. але кажу вам, што зямлі Садомскай лягчэй будзе ў дзень судны,
чым табе. - 25. Тым часам, далей прамаўляючы, Іісус сказаў:
слаўлю Цябе, Ойча,
Госпадзе неба і зямлі,
што Ты ўтаіў гэта ад мудрых і разумных
і адкрыў гэта дзецям. - 26. Так, Ойча!
бо такое было Тваё ўпадабанне. - 27. Усё Мне перададзена Айцом Маім,
і ніхто не ведае Сына, толькі Айцец;
і Айца не ведае ніхто, толькі Сын,
і каму Сын хоча адкрыць. - 28. Прыйдзіце да Мяне, усе струджаныя і прыгнечаныя,
і Я супакою вас; - 29. вазьміце ярмо Маё на сябе і навучыцеся ад Мяне,
бо Я лагодны і пакорлівы сэрцам;
і знойдзеце спакой душам вашым; - 30. бо ярмо Маё добрае, і цяжар Мой лёгкі.
Ничего нет для сопоставления.