< предыдущая глава   следующая глава >
Глава 1 2 3 4 5 6 7 8 9 10 11 12 13 14 15 16 17 18 19 20 21 22 23 24 25 26 27 28

Глава 14

  • Закрыть сопоставления
  • 1. У той час Ірад тэтрарх
    пачуў погалас пра Іісуса,
  • 2. і сказаў служкам сваім: гэта Іаан Хрысціцель;
    ён паўстаў з мёртвых,
    і таму цуды ўчыняюцца ім.
  • 3. Бо Ірад, узяўшы Іаана,
    звязаў яго і пасадзіў у цямніцу
    з-за Ірадыяды, жонкі Філіпа, брата свайго;
  • 4. таму што Іаан казаў яму:
    нельга табе мець яе.
  • 5. І хацеў яго забіць, але пабаяўся народу,
    бо яго ўважалі за прарока.
  • 6. А ў дзень народзін Ірада,
    скакала дачка Ірадыяды перад усімі і дагадзіла Іраду;
  • 7. таму ён пад прысягаю абяцаў ёй
    даць, чаго толькі яна ні папросіць.
  • 8. А яна, падбухтораная маці сваёю, сказала:
    дай мне тут на місе галаву Іаана Хрысціцеля.
  • 9. І засмуціўся цар;
    але дзеля прысягі і тых, што ўзляжалі з ім, загадаў даць ёй,
  • 10. і паслаў адцяць Іаану галаву ў цямніцы.
  • 11. І прынеслі галаву яго на місе, і далі дзяўчыне;
    а яна занесла маці сваёй.
  • 12. А вучні яго, прыйшоўшы,
    узялі яго цела і пахавалі яго;
    і пайшлі, абвясцілі Іісусу.
  • 13. І пачуўшы,
    адплыў Іісус адтуль на лодцы ў пустэльнае месца адзін;
    а люд, пачуўшы пра тое,
    пайшоў за Ім з гарадоў пяшком.
  • 14. І выйшаўшы, Іісус убачыў мноства людзей
    і пашкадаваў іх,
    і ацаліў хворых іх.
  • 15. Калі ж звечарэла,
    прыступілі да Яго вучні Ягоныя і сказалі:
    пустэльная тут мясціна, і час ужо позні;
    адпусці людзей,
    каб яны пайшлі ў селішчы і купілі ежы сабе.
  • 16. Але Іісус сказаў ім: не трэба ім ісці;
    вы дайце ім есці.
  • 17. Яны ж кажуць Яму:
    у нас тут толькі пяць хлябоў і дзве рыбіны.
  • 18. Ён сказаў: прынясіце іх Мне сюды.
  • 19. І загадаў народу ўзлегчы на траву
    і, узяўшы пяць хлябоў і дзве рыбіны,
    узвёў вочы ў неба, благаславіў,
    разламаў і даў хлябы вучням,
    а вучні — народу.
  • 20. І елі ўсе, і насыціліся;
    і набралі рэшты кавалкаў дванаццаць кашоў поўных;
  • 21. а тых, што елі, было каля пяці тысяч чалавек,
    апроч жанчын і дзяцей.
  • 22. І адразу
    прымусіў Іісус вучняў Сваіх увайсці ў лодку
    і выправіцца раней за Яго на той бок,
    пакуль Ён адпусціць людзей.
  • 23. І адпусціўшы людзей,
    Ён узышоў на гару сам-насам памаліцца;
    і калі звечарэла, заставаўся там адзін.
  • 24. А лодка была ўжо на сярэдзіне мора,
    і яе біла хвалямі,
    бо вецер быў супраціўны.
  • 25. А ў чацвёртую варту ночы
    пайшоў да іх Іісус, ідучы па моры.
  • 26. І вучні, убачыўшы Яго, што ішоў Ён па моры,
    сумеліся і казалі: гэта прывід;
    і ад страху закрычалі.
  • 27. Але Іісус адразу загаварыў з імі
    і сказаў: узбадзёрцеся;
    гэта Я, не бойцеся.
  • 28. Пётр сказаў Яму ў адказ: Госпадзе!
    калі гэта Ты, загадай мне прыйсці да Цябе па вадзе.
  • 29. А Ён сказаў: ідзі.
    І выйшаўшы з лодкі, Пётр пайшоў па вадзе,
    каб падысці да Іісуса;
  • 30. але, бачачы моцны вецер, спалохаўся
    і, пачаўшы тануць, закрычаў: Госпадзе! уратуй мяне.
  • 31. Іісус адразу, працягнуўшы руку, падтрымаў яго
    і кажа яму: малаверны! навошта ты засумняваўся?
  • 32. І калі ўвайшлі яны ў лодку, вецер аціх.
  • 33. А тыя, што ў лодцы былі, падышлі, пакланіліся Яму
    і сказалі: сапраўды, Ты Сын Божы.
  • 34. І пераправіўшыся,
    прыбылі ў зямлю Генісарэцкую.
  • 35. І, пазнаўшы Яго, жыхары той мясціны
    паслалі ва ўсё наваколле тое
    і прынеслі да Яго ўсіх хворых,
  • 36. і прасілі Яго,
    каб толькі дакрануцца да краю адзення Яго;
    і каторыя дакраналіся, ацаляліся.
Ничего нет для сопоставления.