< предыдущая глава   следующая глава >
Глава 1 2 3 4 5 6 7 8 9 10 11 12 13 14 15 16 17 18 19 20 21 22 23 24 25 26 27 28

Глава 23

  • Закрыть сопоставления
  • 1. Тады Іісус прамовіў да люду і вучняў Сваіх,
  • 2. кажучы: на Маісеевым пасадзе селі кніжнікі і фарысеі;
  • 3. дык вось, усё, што яны кажуць вам захоўваць, рабіце і захоўвайце;
    а паводле ўчынкаў іхніх не рабіце,
    бо яны гавораць, і неробяць:
  • 4. звязваюць цяжары важкія і непасільныя
    і ўскладаюць на плечы людзям,
    а самі не хочуць і пальцам зрушыць іх;
  • 5. а ўсе справы свае робяць дзеля таго, каб бачылі іх людзі;
    пашыраюць філактэрыі свае
    ды павялічваюць кутасы на адзенні сваім;
  • 6. а таксама любяць узляжаць наперадзе на гасцінах,
    і наперадзе сядзець у сінагогах,
  • 7. і вітанні на плошчах,
    і каб людзі клікалі іх: "Вучыцель!*вучыцель!"
  • 8. А вы не называйцеся вучыцелямі,
    бо адзін у вас Вучыцель — Хрыстос,
    а ўсе вы — браты;
  • 9. і айцом сабе не называйце нікога на зямлі,
    бо адзін у вас Айцец, Які на нябёсах;
  • 10. і не называйцеся настаўнікамі,
    бо адзін у вас Настаўнік — Хрыстос.
  • 11. Большы з вас няхай будзе вам слуга:
  • 12. бо хто ўзвышае сябе, той прыніжаны будзе;
    а хто прыніжае сябе, той узвысіцца.
  • 13. Гора вам, кніжнікі і фарысеі, крывадушнікі,
    што зачыняеце Царства Нябеснае перад людзьмі;
    бо самі не ўваходзіце і тых, што ўваходзяць, не пускаеце ўвайсці.
  • 14. Гора вам, кніжнікі і фарысеі, крывадушнікі,
    што паядаеце дамы ўдоў і напаказ доўга моліцеся:
    за тое прымеце тым большае асуджэнне.
  • 15. Гора вам, кніжнікі і фарысеі, крывадушнікі,
    што праходзіце мора і сушу,
    каб прыдбаць хоць аднаго нававерца;
    і калі гэта здараецца,
    робіце яго сынам геены,
    двойчы горшым за вас.
  • 16. Гора вам, павадыры сляпыя, што кажаце:
    "калі хто прысягне храмам, дык нічога;
    а калі прысягне золатам храма, дык вінаваты".
  • 17. Неразумныя і сляпыя!
    што большае:
    золата, ці храм, які асвячае золата?
  • 18. І: "калі хто прысягне ахвярнікам, дык нічога;
    а калі прысягне дарам, які на ім, дык вінаваты".
  • 19. Неразумныя і сляпыя!
    што большае:
    дар, ці ахвярнік, які асвячае дар?
  • 20. Дык вось, хто прысягне ахвярнікам,
    прысягае ім і ўсім, што на ім;
  • 21. і той, хто прысягае храмам,
    прысягае ім і Тым, Хто жыве ў ім;
  • 22. і той, хто прысягае небам,
    прысягае прастолам Божым і Тым, Хто сядзіць на ім.
  • 23. Гора вам, кніжнікі і фарысеі, крывадушнікі,
    што даяце дзесяціну з мяты, анісу і кмену,
    і адкінулі важнейшае ў законе:
    суд, міласць і веру;
    гэта трэба было рабіць, і таго не пакідаць.
  • 24. Павадыры сляпыя,
    што адцэджваеце камара, а вярблюда праглынаеце!
  • 25. Гора вам, кніжнікі і фарысеі, крывадушнікі,
    што ачышчаеце знешнасць чашы і місы,
    а усярэдзіне яны поўныя драпежнасці і няпраўды.
  • 26. Фарысей сляпы!
    ачысці спярша сярэдзіну чашы і місы,
    каб чыстая была і знешнасць іх.
  • 27. Гора вам, кніжнікі і фарысеі, крывадушнікі,
    што прыпадабняецеся да павапленых магіл,
    якія звонку здаюцца прыгожымі,
    а ўсярэдзіне поўныя касцей мёртвых і ўсякага бруду;
  • 28. так і вы знешне здаяцеся людзям праведнымі,
    а ўсярэдзіне поўныя крывадушнасці і беззаконня.
  • 29. Гора вам, кніжнікі і фарысеі, крывадушнікі,
    што будуеце грабніцы прарокам
    і ўпрыгожваеце помнікі праведнікам,
  • 30. і кажаце: "калі б мы былі ў дні бацькоў нашых,
    дык не былі б саўдзельнікамі іх у праліванні крыві прарокаў";
  • 31. тым самым вы самі сведчыце супроць сябе,
    што вы сыны тых, якія забілі прарокаў;
  • 32. дапаўняйце ж меру бацькоў вашых.
  • 33. Змеі, адроддзе яхідніна!
    як унікнеце вы асуджэння ў геену?
  • 34. Таму, вось, Я пасылаю да вас прарокаў, і мудрых, і кніжнікаў;
    і некаторых з іх вы заб'яце і ўкрыжуеце,
    а некаторых будзеце біць у сінагогах вашых
    і гнаць з горада ў горад;
  • 35. каб спала на вас уся кроў праведная, пралітая на зямлі,
    ад крыві Авеля праведнага
    да крыві Захарыі, сына Варахіевага,
    якога вы забілі паміж храмам і ахвярнікам.
  • 36. Праўду кажу вам:
    усё гэта спадзе на род гэты.
  • 37. Іерусаліме, Іерусаліме,
    ты забіваеш прарокаў і каменнем пабіваеш пасланых да цябе!
    колькі разоў хацеў Я сабраць дзяцей тваіх,
    як птушка збірае птушанят сваіх пад крылы,
    і вы не захацелі!
  • 38. Вось, пакідаецца вам дом ваш пусты.
  • 39. Бо кажу вам: не ўбачыце Мяне ад сёння,
    пакуль не ўсклікнеце: "благаславёны Той, Хто ідзе ў імя Гасподняе!"
Ничего нет для сопоставления.