< предыдущая глава   следующая глава >
Глава 1 2 3 4 5 6 7 8 9 10 11 12 13 14 15 16 17 18 19 20 21 22 23 24 25 26 27 28

Глава 17

  • Закрыть сопоставления
  • 1. І праз шэсць дзён
    ўзяў Іісус Пятра, Іакава і Іаана, брата яго,
    і ўзвёў іх на гару высокую адных,
  • 2. і перамяніўся перед імі,
    і заззяла аблічча Яго, як сонца,
    а ўбранне Яго стала белае, як святло.
  • 3. I вось, явіліся ім Маісей і Ілія,
    і з Ім гутарылі.
  • 4. Азваўшыся, Пётр сказаў Іісусу:
    Госпадзе! добра нам тут быць;
    калі хочаш, зробім тут тры шатры:
    Табе адну,
    і Маісею адну,
    і адну Іліі.
  • 5. Калі ён яшчэ гаварыў,
    вось, воблака светлае ахінула іх;
    і вось, голас з воблака мовіў:
    Гэты ёсць Сын Мой Любасны, Якога Я ўпадабаў;
    Яго слухайце.
  • 6. І пачуўшы,
    вучні ўпалі на твары свае і вельмі перапалохаліся.
  • 7. І прыступіўшы, Іісус дакрануўся да іх
    і сказаў: устаньце і не бойцеся.
  • 8. А узвёўшы вочы свае,
    яны нікога не ўбачылі, акрамя аднаго Іісуса.
  • 9. І калі сыходзілі яны з гары,
    Іісус загадаў ім, кажучы:
    нікому не кажыце пра бачанае,
    пакуль Сын Чалавечы не ўваскрэсне з мёртвых.
  • 10. І спыталіся ў Яго вучні Ягоныя, кажучы:
    як жа кніжнікі кажуць, што Ілія мае прыйсці раней?
  • 11. Іісус сказаў ім у адказ:
    Ілія сапраўды прыйдзе раней і падрыхтуе усё;
  • 12. але кажу вам, што Ілія ўжо прыйшоў, і не пазналі яго,
    а зрабілі з ім, што хацелі;
    так і Сын Чалавечы мае пацярпець ад іх.
  • 13. Тады зразумелі вучні, што Ён пра Іаана Хрысціцеля казаў ім.
  • 14. І калі прыйшлі яны да люду,
    надышоў да Яго чалавек
    і, укленчыўшы перад ім,
  • 15. сказаў: Госпадзе! памілуй сына майго;
    ён лунатык і цяжка пакутуе,
    бо часта падае ў агонь і часта ў ваду;
  • 16. я прыводзіў яго да вучняў Тваіх,
    і яны не маглі ацаліць яго.
  • 17. А Іісус сказаў у адказ:
    о, родзе бязверны і разбэшчаны!
    дакуль буду з вамі?
    дакуль буду цярпець вас?
    прывядзіце яго да Мяне сюды.
  • 18. І забараніў яму Іісус;
    і выйшаў з яго дэман;
    і выздаравеў хлопец у тую ж хвіліну.
  • 19. Тады вучні, прыступіўшы да Іісуса асобна,
    сказалі: чаму мы не маглі выгнаць яго?
  • 20. А Іісус сказаў ім: ад няверства вашага;
    бо праўду кажу вам:
    калі вы будзеце мець веру з гарчычнае зерне
    і скажаце гары гэтай: "перайдзі адсюль туды",
    і яна пяройдзе;
    і нічога не будзе немагчымага вам.
  • 21. Гэты ж род выганяецца толькі малітваю і постам.
  • 22. У той час, як былі яны ў Галілеі,
    сказаў ім Іісус:
    аддадзены будзе Сын Чалавечы ў рукі чалавечыя,
  • 23. і заб'юць Яго,
    і на трэці дзень уваскрэсне.
    І засмуціліся яны вельмі.
  • 24. Калі ж прыйшлі яны ў Капернаум,
    дык падышлі збіральнікі дыдрахмаў да Пятра
    і сказалі: Настаўнік ваш ці не дасць дыдрахмы?
  • 25. Ён кажа: так.
    І калі ўвайшоў ён у дом,
    дык Іісус, напярэдзіўшы яго, сказаў: як табе здаецца, Сімане?
    цары зямныя з каго бяруць мыта ці падатак?
    ці з сыноў сваіх, ці з чужых?
  • 26. Кажа Яму Пётр: з чужых.
    Сказаў яму Іісус: значыцца, сыны свабодныя;
  • 27. але каб нам не спакусіць іх,
    ідзі на мора, закінь вуду,
    і першую рыбіну, якая зловіцца, вазьмі;
    і, адкрыўшы рот ёй, знойдзеш статыр;
    вазьмі яго і дай ім за Мяне і за сябе.
Ничего нет для сопоставления.