< предыдущая глава   следующая глава >
Глава 1 2 3 4 5 6 7 8 9 10 11 12 13 14 15 16 17 18 19 20 21 22 23 24 25 26 27 28

Глава 22

  • Закрыть сопоставления
  • 1. І ў адказ Іісус зноў прамовіў да іх у прытчах,
    кажучы:
  • 2. падобнае Царства Нябеснае на чалавека-цара,
    які справіў вяселле сыну свайму
  • 3. і паслаў рабоў сваіх клікаць запрошаных на вяселле;
    і не хацелі прыйсці.
  • 4. Зноў паслаў іншых рабоў, сказаўшы:
    скажыце запрошаным: "вось я прыгатаваў абед мой,
    цяляты мае і што ўкормлена, заколата,
    і ўсё гатова;
    прыходзьце на вяселле".
  • 5. Але яны, не даўшы ўвагі,
    пайшлі, хто на поле сваё,
    а хто да гандлю свайго.
  • 6. Астатнія ж,
    схапіўшы рабоў ягоных,
    зняважылі і забілі іх.
  • 7. І пачуўшы, цар той угневаўся,
    і, паслаўшы войскі свае, вынішчыў забойцаў тых
    і горад іхні спаліў.
  • 8. Тады кажа ён рабам сваім:
    вяселле гатова,
    а запрошаныя не былі вартыя.
  • 9. Дык вось, ідзіце на ростані
    і ўсіх, каго спаткаеце, клічце на вяселле.
  • 10. І рабы тыя, выйшаўшы на дарогі,
    сабралі ўсіх, каго толькі знайшлі,
    і ліхіх і добрых;
    і напоўнілася вяселле бяседнікамі.
  • 11. Цар, увайшоўшы паглядзець на бяседнікаў,
    убачыў там чалавека, апранутага не ў вясельныя строі,
  • 12. і кажа яму:
    дружа! як ты ўвайшоў сюды не ў вясельных строях?
    А той маўчаў.
  • 13. Тады сказаў цар слугам:
    звязаўшы яму рукі і ногі,
    вазьміце яго і выкіньце ў цемру вонкавую:
    там будзе плач і скрыгат зубоў;
  • 14. бо шмат пакліканых, ды мала выбраных.
  • 15. Тады фарысеі пайшлі і дамаўляліся,
    як злавіць Яго на слове.
  • 16. І пасылаюць да Яго вучняў сваіх з ірадыянамі,
    кажучы: Настаўнік! мы ведаем, што Ты справядлівы,
    і шляху Божаму праўдзіва вучыш,
    і не стараешся дагадзіць каму-небудзь,
    бо не глядзіш на абліччы;
  • 17. дык вось скажы нам: як Табе здаецца?
    ці дазваляецца даваць падатак кесару, ці не?
  • 18. Але Іісус, убачыўшы зламыснасць іхнюю, сказаў:
    што спакушаеце Мяне, крывадушнікі?
  • 19. пакажыце Мне манету, якою плаціцца падатак.
    Яны прынеслі Яму дынарый.
  • 20. І кажа ім: чыя гэта выява і надпіс?
  • 21. І кажуць Яму: кесаравы.
    Тады кажа ім:
    дык аддавайце кесарава кесару, а Божае Богу.
  • 22. Пачуўшы гэта, яны здзівіліся
    і, пакінуўшы Яго, пайшлі.
  • 23. У той дзень падышлі да Яго садукеі,
    якія кажуць, што няма ўваскрасення,
    і спыталіся ў Яго:
  • 24. Настаўнік! Маісей сказаў:
    "калі хто памрэ, не маючы дзяцей,
    няхай возьме брат яго жонку яго
    і адродзіць семя брату свайму".
  • 25. Было ў нас сем братоў:
    першы, ажаніўшыся, памёр
    і, не маючы семені, пакінуў жонку сваю брату свайму;
  • 26. гэтак сама і другі, і трэці,
    нават да сёмага;
  • 27. а пасля ўсіх памерла і жонка.
  • 28. Дык вось, ва ўваскрэсенні, катораму з сямі будзе яна за жонку,
    бо ўсе мелі яе.
  • 29. Іісус сказаў ім у адказ: памыляецеся,
    не ведаючы Пісанняў, ні сілы Божай;
  • 30. бо ва ўваскрэсенні ні жэняцца, ні выходзяць замуж,
    а жывуць, як Ангелы Божыя на нябёсах.
  • 31. А пра ўваскрэсенне мёртвых
    ці не чыталі вы сказанага вам Богам:
  • 32. "Я Бог Аўраама, і Бог Ісаака, і Бог Іакава"?
    Бог не ёсць Бог мёртвых, а жывых.
  • 33. І пачуўшы, люд здзіўляўся з вучэння Яго.
  • 34. А фарысеі,
    пачуўшы, што Ён прывёў садукеяў у маўчанне,
    сабраліся разам.
  • 35. І спытаўся адзін з іх, законнік,
    спакушаючы Яго і кажучы:
  • 36. Настаўнік! якая запаведзь найбольшая ў законе?
  • 37. Іісус жа сказаў яму: "узлюбі Госпада Бога твайго
    ўсім сэрцам тваім,
    і ўсёю душою тваёю,
    і ўсім разуменнем тваім".
  • 38. гэта найбольшая і першая запаведзь;
  • 39. а другая падобная да яе:
    "узлюбі блізкага твайго, як самога сябе";
  • 40. на гэтых дзвюх запаведзях грунтуецца ўвесь закон і прарокі.
  • 41. Калі ж сабраліся фарысеі,
    спытаўся ў іх Іісус:
  • 42. што вы думаеце пра Хрыста?
    чый Ён сын?
    Кажуць Яму: Давідаў.
  • 43. Кажа ім:
    як жа Давід, з натхнення, Госпадам Яго называе,
    калі кажа:
  • 44. "Сказаў Гасподзь Госпаду майму:
    сядзі праваруч Мяне,
    пакуль пакладу ворагаў Тваіх у падножжа ног Тваіх"?
  • 45. Дык вось, калі Давід называе Яго Госпадам,
    як жа Ён сын яму?
  • 46. І ніхто не мог адказаць Яму ні слова;
    і не адважваўся ўжо ніхто з таго дня дапытвацца ў Яго.
Ничего нет для сопоставления.