- 1. І прыступілі фарысеі і садукеі
і, спакушаючы, прасілі Яго паказаць ім знаменне з неба. - 2. А Ён сказаў ім у адказ:
вечарам вы кажаце: будзе пагода,
бо неба агністае; - 3. і раніцай: сёння непагадзь,
бо неба агніста-хмарнае.
Крывадушнікі!
аблічча неба вы ўмееце адрозніваць,
а знакаў часу не можаце? - 4. Род ліхі і пералюбны азнакі шукае,
і азнака не дасца яму,
акрамя азнакі Іоны прарока.
І пакінуўшы іх, адышоў. - 5. І перапраўляючыся на другі бок,
вучні Яго забыліся ўзяць хлябоў. - 6. Іісус сказаў ім:
глядзіце, сцеражыцеся закваскі фарысейскай і садукейскай. - 7. Яны ж разважалі самі сабе, кажучы:
хлябоў мы не ўзялі. - 8. Уразумеўшы гэта, Іісус сказаў ім:
што разважаеце самі сабе, малаверныя, што хлябоў не ўзялі? - 9. Няўжо яшчэ не разумееце
і не памятаеце пра пяць хлябоў на пяць тысяч,
і колькі кашоў вы набралі? - 10. Ні пра сем хлябоў на чатыры тысячы,
і колькі кошыкаў набралі? - 11. Як не разумееце, што не пра хлябы Я сказаў вам:
"сцеражыцеся закваскі фарысейскай і садукейскай"? - 12. Тады яны зразумелі,
што Ён сказаў асцерагацца не закваскі хлебнай,
а вучэння фарысейскага і садукейскага. - 13. А прыйшоўшы ў межы Кесарыі Філіпавай,
Іісус пытаўся ў вучняў Сваіх, кажучы:
за каго людзі ўважаюць Мяне, Сына Чалавечага? - 14. Яны сказалі: адны за Іаана Хрысціцеля,
а другія за Ілію,
а іншыя за Іерамію альбо за аднаго з прарокаў. - 15. Ён кажа ім: а вы за каго ўважаеце Мяне?
- 16. І Сіман Пётр сказаў у адказ:
Ты — Хрыстос, Сын Бога Жывога. - 17. І Іісус сказаў яму ў адказ:
блажэнны ты, Сімане, сыне Іонаў,
бо не плоць і кроў адкрылі табе гэта,
а Айцец Мой, Які ёсць у нябёсах; - 18. і Я кажу табе: ты Пётр,
і на камені гэтым Я збудую Царкву Маю,
і брамы пякельныя не адолеюць яе. - 19. І дам табе ключы Царства Нябеснага:
і што звяжаш на зямлі, тое будзе звязана ў нябёсах;
і што развяжаш на зямлі, тое будзе развязана ў нябёсах. - 20. Тады Іісус загадаў вучням Сваім,
каб нікому не казалі, што Ён ёсць Хрыстос. - 21. 3 таго часу Іісус пачаў адкрываць вучням Сваім,
што Яму належыць ісці ў Іерусалім
і многа адпакутаваць
ад старэйшын і першасвятароў і кніжнікаў,
і мае быць забіты,
і на трэці дзень уваскрэснуць. - 22. I, адвёўшы Яго,
Пётр пачаў пярэчыць Яму, кажучы:
міласэрны Ты, Госпадзе!
Няхай не будзе гэтага з Табою! - 23. А Ён, абярнуўшыся, сказаў Пятру:
адыдзі ад Мяне, сатана!
ты Мне спакуса,
бо думаеш не пра тое, што Божае, а што чалавечае. - 24. Тады Іісус сказаў вучням Сваім:
калі хто хоча ісці за Мною,
няхай адрачэцца ад сябе і возьме крыж свой
і ідзе ўслед за Мною; - 25. бо хто хоча душу сваю ўратаваць, той страціць яе;
а хто страціць душу сваю дзеля Мяне, той знойдзе яе; - 26. бо якая карысць чалавеку,
калі ён увесь свет здабудзе, а душы сваёй пашкодзіць?
альбо які выкуп дасць чалавек за душу сваю? - 27. бо прыйдзе Сын Чалавечы
ў славе Айца Свайго з Ангеламі Сваімі,
і тады аддасць кожнаму паводле спраў ягоных. - 28. Праўду кажу вам:
ёсць сярод тых, што стаяць тут, некаторыя,
якія не зазнаюць смерці,
пакуль не ўбачаць Сына Чалавечага, як Ён ідзе ў Царстве Сваім.
Ничего нет для сопоставления.