< предыдущая глава   следующая глава >
Глава 1 2 3 4 5 6 7 8 9 10 11 12 13 14 15 16 17 18 19 20 21 22 23 24 25 26 27 28

Глава 12

  • Закрыть сопоставления
  • 1. Тым часам праходзіў Іісус у суботу пасевамі,
    а вучні Яго згаладаліся
    і пачалі зрываць каласы і есці.
  • 2. Фарысеі, убачыўшы гэта, сказалі Яму:
    вось, вучні Твае робяць тое, што не дазволена рабіць у суботу.
  • 3. А Ён сказаў ім: хіба вы не чыталі,
    што зрабіў Давід, калі згаладаўся сам і тыя, што былі з ім?
  • 4. Як ён увайшоў у дом Божы
    і еў хлябы выстаўлення,
    якіх нельга было есці ні яму, ні тым, што з ім былі,
    а толькі адным святарам?
  • 5. Альбо ці не чыталі вы ў законе,
    што ў суботы святары ў храме парушаюць суботу,
    аднак не вінаватыя?
  • 6. Але кажу вам, што тут нешта большае за храм;
  • 7. калі б ведалі вы, што азначае:
    "міласці хачу, а не ахвяры",
    не асудзілі б невінаватых;
  • 8. бо Сын Чалавечы ёсць Гаспадар і суботы.
  • 9. І перайшоўшы адтуль, увайшоў Ён у сінагогу іхнюю.
  • 10. І вось там быў чалавек з сухою рукою.
    І спыталіся ў Яго: ці можна ацаляць у суботы?
    каб звінаваціць Яго.
  • 11. А Ён сказаў ім:
    ці ёсць сярод вас такі чалавек, што маючы адну авечку,
    калі яна ў суботу ўпадзе ў яму,
    не возьме і не выцягне яе?
  • 12. Наколькі ж чалавек лепшы за авечку!
    Таму можна ў суботы дабро рабіць.
  • 13. Тады кажа чалавеку таму: працягні руку тваю.
    І той працягнуў;
    і стала яна здаровай, як другая.
  • 14. А фарысеі выйшлі і раду мелі супраць Яго,
    як бы загубіць Яго.
    Але Іісус, даведаўшыся, пайшоў адтуль.
  • 15. І пайшло за Ім следам багата людзей,
    і Ён ацаліў іх усіх.
  • 16. і забараніў ім расказваць пра Яго:
  • 17. каб збылося сказанае праз прарока Ісаію,
    які кажа:
  • 18. "Вось, Юнак Мой, Якога Я выбраў;
    Любасны Мой, Якога ўпадабала душа Мая.
    Ускладу Дух Мой на Яго
    і Ён суд народам абвесціць
  • 19. не запярэчыць, ні залямантуе,
    і не пачуе ніхто на вуліцах голасу Яго;
  • 20. трысціны надламанай не пераломіць,
    і кнота, які тлее, не патушыць,
    пакуль не давядзе суд да перамогі;
  • 21. і на імя Яго будуць спадзявацца народы"
  • 22. Тады прывялі да Яго апанаванага дэманам
    сляпога і нямога;
    і ацаліў яго,
    так што сляпы і нямы пачаў гаварыць і бачыць.
  • 23. І здзіўляўся ўвесь люд і казаў:
    ці не гэта Хрыстос, Сын Давідаў?
  • 24. А фарысеі, пачуўшы гэта, сказалі:
    Ён выганяе дэманаў няйначай, як сілаю вельзевула,
    князя дэманскага.
  • 25. Але Іісус, ведаючы помыслы іх, сказаў ім:
    усякае царства, якое раздзялілася самое ў сабе, запусцее;
    і ўсякі горад альбо дом, які раздзяліўся сам у сабе, не ўстаіць.
  • 26. І калі сатана сатану выганяе,
    дык ён раздзяліўся сам у сабе,
    як жа ўстаіць царства ягонае?
  • 27. І калі Я вельзевулам выганяю дэманаў,
    дык сыны вашыя кім выганяюць?
    Таму яны вам суддзямі будуць.
  • 28. Калі ж Я Духам Божым выганяю дэманаў,
    то дайшло да вас Царства Божае.
  • 29. Альбо, як можа хто ўвайсці ў дом дужага
    і рэчы яго зрабаваць,
    калі спярша не звяжа дужага
    і тады дом яго зрабуе?
  • 30. Хто не са Мною, той супраць Мяне;
    і хто не збірае са Мною, той раскідае.
  • 31. Таму кажу вам:
    усякі грэх і блюзнерства даруюцца людзям;
    а супраць Духа блюзнерства не даруецца людзям;
  • 32. калі хто скажа слова на Сына Чалавечага, даруецца яму;
    а калі хто скажа на Духа Святога,
    не даруецца яму ані ў гэтым веку, ані ў будучым.
  • 33. Альбо прызнайце дрэва добрым і плод яго добрым;
    альбо прызнайце дрэва кепскім і плод яго кепскім,
    бо па плодзе дрэва пазнаецца.
  • 34. Адроддзе яхідніна
    як вы можаце добрае казаць, калі вы ліхія?
    Бо ад лішніцы сэрца вусны маўляюць.
  • 35. Добры чалавек з добрай скарбніцы выносіць добрае;
    а ліхі чалавек з ліхой скарбніцы выносіць ліхое.
  • 36. Кажу ж вам,
    што за кожнае марнае слова, якое вымавяць людзі,
    дадуць яны адказ у дзень судны:
  • 37. бо паводле слоў сваіх апраўдаешся,
    і паводле слоў сваіх асудзішся.
  • 38. Тады адказалі некаторыя кніжнікі і фарысеі, кажучы:
    Настаўнік! хочам ад Цябе знаменне ўбачыць.
  • 39. Ён ім сказаў у адказ:
    род ліхі і пералюбны знамення шукае;
    і знаменне не будзе дадзена яму,
    акрамя знамення Іоны прарока;
  • 40. бо як Іона быў у чэраве ў кіта тры дні і тры ночы,
    так і Сын Чалавечы будзе ў сэрцы зямлі тры дні і тры ночы.
  • 41. Ніневіцяне ўстануць на судзе з родам гэтым
    і асудзяць яго,
    бо яны пакаяліся ад пропаведзі Іонавай;
    і вось, тут больш за Іону.
  • 42. Царыца поўдня ўстане на судзе з родам гэтым
    і асудзіць яго,
    бо яна прыходзіла з краю зямлі паслухаць мудрасці Саламонавай,
    і вось, тут большае за Саламона.
  • 43. Калі нячысты дух выйдзе з чалавека,
    то блукае па бязводных мясцінах, шукаючы спакою,
    і не знаходзіць;
  • 44. тады кажа: вярнуся ў дом мой, адкуль я выйшаў.
    І прыйшоўшы застае яго пустым,
    падмеценым і прыбраным;
  • 45. тады ідзе
    і бярэ з сабою сем іншых духаў, люцейшых за сябе,
    і, ўвайшоўшы, жывуць там;
    і бывае апошняе для чалавека таго горшы за першае.
    Так будзе і роду гэтаму ліхому.
  • 46. Калі ж Ён яшчэ прамаўляў да людзей,
    вось, Маці Яго і браты Яго стаялі на дварэ,
    хочучы гаварыць з ім.
  • 47. І нехта сказаў Яму:
    вось Маці Твая і браты Твае на дварэ стаяць,
    хочучы гаварыць з Табою.
  • 48. Ён жа ў адказ таму, хто гаварыў Яму, сказаў:
    хто маці Мая? і хто браты Мае?
  • 49. І паказаўшы рукою Сваёю на вучняў Сваіх,
    сказаў: вось маці Мая і браты Мае;
  • 50. бо хто будзе выконваць волю Айца Майго, Які ёсць у нябёсах,
    той Мне брат, і сястра, і маці.
Ничего нет для сопоставления.