- 1. Тым часам праходзіў Іісус у суботу пасевамі,
а вучні Яго згаладаліся
і пачалі зрываць каласы і есці. - 2. Фарысеі, убачыўшы гэта, сказалі Яму:
вось, вучні Твае робяць тое, што не дазволена рабіць у суботу. - 3. А Ён сказаў ім: хіба вы не чыталі,
што зрабіў Давід, калі згаладаўся сам і тыя, што былі з ім? - 4. Як ён увайшоў у дом Божы
і еў хлябы выстаўлення,
якіх нельга было есці ні яму, ні тым, што з ім былі,
а толькі адным святарам? - 5. Альбо ці не чыталі вы ў законе,
што ў суботы святары ў храме парушаюць суботу,
аднак не вінаватыя? - 6. Але кажу вам, што тут нешта большае за храм;
- 7. калі б ведалі вы, што азначае:
"міласці хачу, а не ахвяры",
не асудзілі б невінаватых; - 8. бо Сын Чалавечы ёсць Гаспадар і суботы.
- 9. І перайшоўшы адтуль, увайшоў Ён у сінагогу іхнюю.
- 10. І вось там быў чалавек з сухою рукою.
І спыталіся ў Яго: ці можна ацаляць у суботы?
каб звінаваціць Яго. - 11. А Ён сказаў ім:
ці ёсць сярод вас такі чалавек, што маючы адну авечку,
калі яна ў суботу ўпадзе ў яму,
не возьме і не выцягне яе? - 12. Наколькі ж чалавек лепшы за авечку!
Таму можна ў суботы дабро рабіць. - 13. Тады кажа чалавеку таму: працягні руку тваю.
І той працягнуў;
і стала яна здаровай, як другая. - 14. А фарысеі выйшлі і раду мелі супраць Яго,
як бы загубіць Яго.
Але Іісус, даведаўшыся, пайшоў адтуль. - 15. І пайшло за Ім следам багата людзей,
і Ён ацаліў іх усіх. - 16. і забараніў ім расказваць пра Яго:
- 17. каб збылося сказанае праз прарока Ісаію,
які кажа: - 18. "Вось, Юнак Мой, Якога Я выбраў;
Любасны Мой, Якога ўпадабала душа Мая.
Ускладу Дух Мой на Яго
і Ён суд народам абвесціць - 19. не запярэчыць, ні залямантуе,
і не пачуе ніхто на вуліцах голасу Яго; - 20. трысціны надламанай не пераломіць,
і кнота, які тлее, не патушыць,
пакуль не давядзе суд да перамогі; - 21. і на імя Яго будуць спадзявацца народы"
- 22. Тады прывялі да Яго апанаванага дэманам
сляпога і нямога;
і ацаліў яго,
так што сляпы і нямы пачаў гаварыць і бачыць. - 23. І здзіўляўся ўвесь люд і казаў:
ці не гэта Хрыстос, Сын Давідаў? - 24. А фарысеі, пачуўшы гэта, сказалі:
Ён выганяе дэманаў няйначай, як сілаю вельзевула,
князя дэманскага. - 25. Але Іісус, ведаючы помыслы іх, сказаў ім:
усякае царства, якое раздзялілася самое ў сабе, запусцее;
і ўсякі горад альбо дом, які раздзяліўся сам у сабе, не ўстаіць. - 26. І калі сатана сатану выганяе,
дык ён раздзяліўся сам у сабе,
як жа ўстаіць царства ягонае? - 27. І калі Я вельзевулам выганяю дэманаў,
дык сыны вашыя кім выганяюць?
Таму яны вам суддзямі будуць. - 28. Калі ж Я Духам Божым выганяю дэманаў,
то дайшло да вас Царства Божае. - 29. Альбо, як можа хто ўвайсці ў дом дужага
і рэчы яго зрабаваць,
калі спярша не звяжа дужага
і тады дом яго зрабуе? - 30. Хто не са Мною, той супраць Мяне;
і хто не збірае са Мною, той раскідае. - 31. Таму кажу вам:
усякі грэх і блюзнерства даруюцца людзям;
а супраць Духа блюзнерства не даруецца людзям; - 32. калі хто скажа слова на Сына Чалавечага, даруецца яму;
а калі хто скажа на Духа Святога,
не даруецца яму ані ў гэтым веку, ані ў будучым. - 33. Альбо прызнайце дрэва добрым і плод яго добрым;
альбо прызнайце дрэва кепскім і плод яго кепскім,
бо па плодзе дрэва пазнаецца. - 34. Адроддзе яхідніна
як вы можаце добрае казаць, калі вы ліхія?
Бо ад лішніцы сэрца вусны маўляюць. - 35. Добры чалавек з добрай скарбніцы выносіць добрае;
а ліхі чалавек з ліхой скарбніцы выносіць ліхое. - 36. Кажу ж вам,
што за кожнае марнае слова, якое вымавяць людзі,
дадуць яны адказ у дзень судны: - 37. бо паводле слоў сваіх апраўдаешся,
і паводле слоў сваіх асудзішся. - 38. Тады адказалі некаторыя кніжнікі і фарысеі, кажучы:
Настаўнік! хочам ад Цябе знаменне ўбачыць. - 39. Ён ім сказаў у адказ:
род ліхі і пералюбны знамення шукае;
і знаменне не будзе дадзена яму,
акрамя знамення Іоны прарока; - 40. бо як Іона быў у чэраве ў кіта тры дні і тры ночы,
так і Сын Чалавечы будзе ў сэрцы зямлі тры дні і тры ночы. - 41. Ніневіцяне ўстануць на судзе з родам гэтым
і асудзяць яго,
бо яны пакаяліся ад пропаведзі Іонавай;
і вось, тут больш за Іону. - 42. Царыца поўдня ўстане на судзе з родам гэтым
і асудзіць яго,
бо яна прыходзіла з краю зямлі паслухаць мудрасці Саламонавай,
і вось, тут большае за Саламона. - 43. Калі нячысты дух выйдзе з чалавека,
то блукае па бязводных мясцінах, шукаючы спакою,
і не знаходзіць; - 44. тады кажа: вярнуся ў дом мой, адкуль я выйшаў.
І прыйшоўшы застае яго пустым,
падмеценым і прыбраным; - 45. тады ідзе
і бярэ з сабою сем іншых духаў, люцейшых за сябе,
і, ўвайшоўшы, жывуць там;
і бывае апошняе для чалавека таго горшы за першае.
Так будзе і роду гэтаму ліхому. - 46. Калі ж Ён яшчэ прамаўляў да людзей,
вось, Маці Яго і браты Яго стаялі на дварэ,
хочучы гаварыць з ім. - 47. І нехта сказаў Яму:
вось Маці Твая і браты Твае на дварэ стаяць,
хочучы гаварыць з Табою. - 48. Ён жа ў адказ таму, хто гаварыў Яму, сказаў:
хто маці Мая? і хто браты Мае? - 49. І паказаўшы рукою Сваёю на вучняў Сваіх,
сказаў: вось маці Мая і браты Мае; - 50. бо хто будзе выконваць волю Айца Майго, Які ёсць у нябёсах,
той Мне брат, і сястра, і маці.
Головна > Бібліотека > Бібліїстика > Переклади Біблії > Переклади Біблії білоруською мовою > Святое Дабравесце (па Беларуску) пераклад Бiблейскай камiсii БПЦ МП > Святое Дабравесце паводле Матфея > Глава 12