- 1. У той час Ірад тэтрарх
пачуў погалас пра Іісуса, - 2. і сказаў служкам сваім: гэта Іаан Хрысціцель;
ён паўстаў з мёртвых,
і таму цуды ўчыняюцца ім. - 3. Бо Ірад, узяўшы Іаана,
звязаў яго і пасадзіў у цямніцу
з-за Ірадыяды, жонкі Філіпа, брата свайго; - 4. таму што Іаан казаў яму:
нельга табе мець яе. - 5. І хацеў яго забіць, але пабаяўся народу,
бо яго ўважалі за прарока. - 6. А ў дзень народзін Ірада,
скакала дачка Ірадыяды перад усімі і дагадзіла Іраду; - 7. таму ён пад прысягаю абяцаў ёй
даць, чаго толькі яна ні папросіць. - 8. А яна, падбухтораная маці сваёю, сказала:
дай мне тут на місе галаву Іаана Хрысціцеля. - 9. І засмуціўся цар;
але дзеля прысягі і тых, што ўзляжалі з ім, загадаў даць ёй, - 10. і паслаў адцяць Іаану галаву ў цямніцы.
- 11. І прынеслі галаву яго на місе, і далі дзяўчыне;
а яна занесла маці сваёй. - 12. А вучні яго, прыйшоўшы,
узялі яго цела і пахавалі яго;
і пайшлі, абвясцілі Іісусу. - 13. І пачуўшы,
адплыў Іісус адтуль на лодцы ў пустэльнае месца адзін;
а люд, пачуўшы пра тое,
пайшоў за Ім з гарадоў пяшком. - 14. І выйшаўшы, Іісус убачыў мноства людзей
і пашкадаваў іх,
і ацаліў хворых іх. - 15. Калі ж звечарэла,
прыступілі да Яго вучні Ягоныя і сказалі:
пустэльная тут мясціна, і час ужо позні;
адпусці людзей,
каб яны пайшлі ў селішчы і купілі ежы сабе. - 16. Але Іісус сказаў ім: не трэба ім ісці;
вы дайце ім есці. - 17. Яны ж кажуць Яму:
у нас тут толькі пяць хлябоў і дзве рыбіны. - 18. Ён сказаў: прынясіце іх Мне сюды.
- 19. І загадаў народу ўзлегчы на траву
і, узяўшы пяць хлябоў і дзве рыбіны,
узвёў вочы ў неба, благаславіў,
разламаў і даў хлябы вучням,
а вучні — народу. - 20. І елі ўсе, і насыціліся;
і набралі рэшты кавалкаў дванаццаць кашоў поўных; - 21. а тых, што елі, было каля пяці тысяч чалавек,
апроч жанчын і дзяцей. - 22. І адразу
прымусіў Іісус вучняў Сваіх увайсці ў лодку
і выправіцца раней за Яго на той бок,
пакуль Ён адпусціць людзей. - 23. І адпусціўшы людзей,
Ён узышоў на гару сам-насам памаліцца;
і калі звечарэла, заставаўся там адзін. - 24. А лодка была ўжо на сярэдзіне мора,
і яе біла хвалямі,
бо вецер быў супраціўны. - 25. А ў чацвёртую варту ночы
пайшоў да іх Іісус, ідучы па моры. - 26. І вучні, убачыўшы Яго, што ішоў Ён па моры,
сумеліся і казалі: гэта прывід;
і ад страху закрычалі. - 27. Але Іісус адразу загаварыў з імі
і сказаў: узбадзёрцеся;
гэта Я, не бойцеся. - 28. Пётр сказаў Яму ў адказ: Госпадзе!
калі гэта Ты, загадай мне прыйсці да Цябе па вадзе. - 29. А Ён сказаў: ідзі.
І выйшаўшы з лодкі, Пётр пайшоў па вадзе,
каб падысці да Іісуса; - 30. але, бачачы моцны вецер, спалохаўся
і, пачаўшы тануць, закрычаў: Госпадзе! уратуй мяне. - 31. Іісус адразу, працягнуўшы руку, падтрымаў яго
і кажа яму: малаверны! навошта ты засумняваўся? - 32. І калі ўвайшлі яны ў лодку, вецер аціх.
- 33. А тыя, што ў лодцы былі, падышлі, пакланіліся Яму
і сказалі: сапраўды, Ты Сын Божы. - 34. І пераправіўшыся,
прыбылі ў зямлю Генісарэцкую. - 35. І, пазнаўшы Яго, жыхары той мясціны
паслалі ва ўсё наваколле тое
і прынеслі да Яго ўсіх хворых, - 36. і прасілі Яго,
каб толькі дакрануцца да краю адзення Яго;
і каторыя дакраналіся, ацаляліся.
Головна > Бібліотека > Бібліїстика > Переклади Біблії > Переклади Біблії білоруською мовою > Святое Дабравесце (па Беларуску) пераклад Бiблейскай камiсii БПЦ МП > Святое Дабравесце паводле Матфея > Глава 14