- 1. І ў адказ Іісус зноў прамовіў да іх у прытчах,
кажучы: - 2. падобнае Царства Нябеснае на чалавека-цара,
які справіў вяселле сыну свайму - 3. і паслаў рабоў сваіх клікаць запрошаных на вяселле;
і не хацелі прыйсці. - 4. Зноў паслаў іншых рабоў, сказаўшы:
скажыце запрошаным: "вось я прыгатаваў абед мой,
цяляты мае і што ўкормлена, заколата,
і ўсё гатова;
прыходзьце на вяселле". - 5. Але яны, не даўшы ўвагі,
пайшлі, хто на поле сваё,
а хто да гандлю свайго. - 6. Астатнія ж,
схапіўшы рабоў ягоных,
зняважылі і забілі іх. - 7. І пачуўшы, цар той угневаўся,
і, паслаўшы войскі свае, вынішчыў забойцаў тых
і горад іхні спаліў. - 8. Тады кажа ён рабам сваім:
вяселле гатова,
а запрошаныя не былі вартыя. - 9. Дык вось, ідзіце на ростані
і ўсіх, каго спаткаеце, клічце на вяселле. - 10. І рабы тыя, выйшаўшы на дарогі,
сабралі ўсіх, каго толькі знайшлі,
і ліхіх і добрых;
і напоўнілася вяселле бяседнікамі. - 11. Цар, увайшоўшы паглядзець на бяседнікаў,
убачыў там чалавека, апранутага не ў вясельныя строі, - 12. і кажа яму:
дружа! як ты ўвайшоў сюды не ў вясельных строях?
А той маўчаў. - 13. Тады сказаў цар слугам:
звязаўшы яму рукі і ногі,
вазьміце яго і выкіньце ў цемру вонкавую:
там будзе плач і скрыгат зубоў; - 14. бо шмат пакліканых, ды мала выбраных.
- 15. Тады фарысеі пайшлі і дамаўляліся,
як злавіць Яго на слове. - 16. І пасылаюць да Яго вучняў сваіх з ірадыянамі,
кажучы: Настаўнік! мы ведаем, што Ты справядлівы,
і шляху Божаму праўдзіва вучыш,
і не стараешся дагадзіць каму-небудзь,
бо не глядзіш на абліччы; - 17. дык вось скажы нам: як Табе здаецца?
ці дазваляецца даваць падатак кесару, ці не? - 18. Але Іісус, убачыўшы зламыснасць іхнюю, сказаў:
што спакушаеце Мяне, крывадушнікі? - 19. пакажыце Мне манету, якою плаціцца падатак.
Яны прынеслі Яму дынарый. - 20. І кажа ім: чыя гэта выява і надпіс?
- 21. І кажуць Яму: кесаравы.
Тады кажа ім:
дык аддавайце кесарава кесару, а Божае Богу. - 22. Пачуўшы гэта, яны здзівіліся
і, пакінуўшы Яго, пайшлі. - 23. У той дзень падышлі да Яго садукеі,
якія кажуць, што няма ўваскрасення,
і спыталіся ў Яго: - 24. Настаўнік! Маісей сказаў:
"калі хто памрэ, не маючы дзяцей,
няхай возьме брат яго жонку яго
і адродзіць семя брату свайму". - 25. Было ў нас сем братоў:
першы, ажаніўшыся, памёр
і, не маючы семені, пакінуў жонку сваю брату свайму; - 26. гэтак сама і другі, і трэці,
нават да сёмага; - 27. а пасля ўсіх памерла і жонка.
- 28. Дык вось, ва ўваскрэсенні, катораму з сямі будзе яна за жонку,
бо ўсе мелі яе. - 29. Іісус сказаў ім у адказ: памыляецеся,
не ведаючы Пісанняў, ні сілы Божай; - 30. бо ва ўваскрэсенні ні жэняцца, ні выходзяць замуж,
а жывуць, як Ангелы Божыя на нябёсах. - 31. А пра ўваскрэсенне мёртвых
ці не чыталі вы сказанага вам Богам: - 32. "Я Бог Аўраама, і Бог Ісаака, і Бог Іакава"?
Бог не ёсць Бог мёртвых, а жывых. - 33. І пачуўшы, люд здзіўляўся з вучэння Яго.
- 34. А фарысеі,
пачуўшы, што Ён прывёў садукеяў у маўчанне,
сабраліся разам. - 35. І спытаўся адзін з іх, законнік,
спакушаючы Яго і кажучы: - 36. Настаўнік! якая запаведзь найбольшая ў законе?
- 37. Іісус жа сказаў яму: "узлюбі Госпада Бога твайго
ўсім сэрцам тваім,
і ўсёю душою тваёю,
і ўсім разуменнем тваім". - 38. гэта найбольшая і першая запаведзь;
- 39. а другая падобная да яе:
"узлюбі блізкага твайго, як самога сябе"; - 40. на гэтых дзвюх запаведзях грунтуецца ўвесь закон і прарокі.
- 41. Калі ж сабраліся фарысеі,
спытаўся ў іх Іісус: - 42. што вы думаеце пра Хрыста?
чый Ён сын?
Кажуць Яму: Давідаў. - 43. Кажа ім:
як жа Давід, з натхнення, Госпадам Яго называе,
калі кажа: - 44. "Сказаў Гасподзь Госпаду майму:
сядзі праваруч Мяне,
пакуль пакладу ворагаў Тваіх у падножжа ног Тваіх"? - 45. Дык вось, калі Давід называе Яго Госпадам,
як жа Ён сын яму? - 46. І ніхто не мог адказаць Яму ні слова;
і не адважваўся ўжо ніхто з таго дня дапытвацца ў Яго.
Ничего нет для сопоставления.