< предыдущая глава   следующая глава >
Глава 1 2 3 4 5 6 7 8 9 10 11 12 13 14 15 16 17 18 19 20 21 22 23 24 25 26 27 28

Глава 27

  • Закрыть сопоставления
  • 1. Калі ж настала раніца,
    зрабілі нараду ўсе першасвятары і старэйшыны народу
    супраць Іісуса, каб аддаць Яго на смерць:
  • 2. і звязаўшы Яго,
    завялі і перадалі Яго Понцію Пілату, намесніку.
  • 3. Тады Іуда, які выдаў Яго,
    убачыўшы, што засудзілі Яго,
    і раскаяўшыся,
    аддаў трыццаць срэбранікаў першасвятарам і старэйшынам,
  • 4. кажучы: саграшыў я, прадаўшы кроў нявінную.
    Яны ж сказалі: што нам да таго?
    глядзі сам.
  • 5. І кінуўшы срэбранікі ў храме, ён адышоў;
    і пайшоўшы, павесіўся.
  • 6. Першасвятары, узяўшы срэбранікі, сказалі:
    не дазваляецца класці іх у храмавую скарбніцу,
    бо гэта цана крыві.
  • 7. І зрабіўшы нараду,
    купілі на іх поле ганчара
    для пахавання чужынцаў;
  • 8. таму і называецца поле тое "полем крыві" па сённяшні дзень;
  • 9. тады збылося сказанае праз прарока Іерамію,
    які кажа:
    "і ўзялі трыццаць срэбранікаў, цану Ацэненага,
    Якога ацанілі сыны Ізраілевы,
  • 10. і далі іх за поле ганчара,
    як сказаў мне Гасподзь".
  • 11. Іісус жа стаў перад намеснікам.
    І запытаў у Яго намеснік, кажучы: Ты Цар Іудзейскі?
    Іісус жа сказаў яму: ты кажаш.
  • 12. І калі вінавацілі Яго першасвятары і старэйшыны,
    Ён нічога не адказваў.
  • 13. Тады кажа Яму Пілат:
    ці не чуеш, колькі сведчаць супроць Цябе?
  • 14. І не адказваў яму на ніводнае слова,
    так што намеснік вельмі здзіўляўся.
  • 15. А на свята намеснік меў звычай
    адпускаць народу аднаго вязня,
    якога б хацелі.
  • 16. Быў тады ў іх вядомы вязень,
    званы Варава.
  • 17. І вось, як сабраліся яны, сказаў ім Пілат:
    каго хочаце, каб я адпусціў вам:
    Вараву ці Іісуса, якога завуць Хрыстом?
  • 18. Бо ведаў, што з зайдрасці выдалі Яго.
  • 19. Тым часам, як сядзеў ён на судовым месцы,
    жонка яго паслала яму сказаць:
    не рабі нічога Праведніку Таму,
    бо я сёння ў сне шмат адцярпела за Яго.
  • 20. Але першасвятары і старэйшыны
    падбухторылі люд прасіць Вараву, а Іісуса загубіць.
  • 21. Тады намеснік сказаў ім у адказ:
    каго хочаце з двух, каб я адпусціў вам?
    Яны сказалі: Вараву.
  • 22. Кажа ім Пілат:
    што ж мне зрабіць з Іісусам, якога завуць Хрыстом?
    Кажуць яму ўсе: няхай будзе распяты!
  • 23. Намеснік жа сказаў: якое ж ліха ўчыніў Ён?
    Але яны яшчэ мацней крычалі: няхай будзе распяты!
  • 24. Пілат, бачачы,
    што нічога не дапамагае, а неспакой расце,
    узяў вады і ўмыў рукі перад людзьмі,
    кажучы: невінаваты я ў крыві Праведніка Гэтага;
    глядзіце самі.
  • 25. І, адказваючы, увесь люд сказаў:
    Кроў Яго на нас і на дзецях нашых.
  • 26. Тады адпусціў ім Вараву,
    а Іісуса, біўшы, аддаў на распяцце.
  • 27. Тады воіны намеснікавы, узяўшы Іісуса ў прэторыю,
    сабралі на Яго цэлы полк,
  • 28. і раздзеўшы Яго, надзелі на Яго баграніцу;
  • 29. і, сплёўшы вянец з цёрну, усклалі на галаву Яму
    і далі Яму ў правую руку кій,
    і, стаўшы на калені перад Ім, кпілі з Яго,
    кажучы: радуйся, Цару Іудзейскі?
  • 30. і плявалі на Яго
    і, узяўшы кій, білі па галаве Яго.
  • 31. І калі накпіліся з Яго,
    знялі з Яго пурпуру
    і апранулі Яго ў адзежу Ягоную,
    і павялі Яго на распяцце.
  • 32. Выходзячы, спаткалі яны аднаго Кірынеяніна, імем Сіман:
    яго і прымусілі несці крыж Яго.
  • 33. І прыйшоўшы на месца, якое называецца Галгофа,
    што азначае "месца чэрапа",
  • 34. далі Яму піць воцату, змяшанага з жоўцю;
    і, пакаштаваўшы, не хацеў піць.
  • 35. Тыя, што ўкрыжавалі Яго,
    дзялілі адзежу Яго, кідаючы жэрабя;
  • 36. і, седзячы, вартавалі Яго там;
  • 37. і змясцілі над галавою Яго надпіс з віною Яго:
    гэта Іісус, Цар Іудзейскі.
  • 38. Тады ўкрыжавалі з Ім двух разбойнікаў:
    аднаго па правы бок, а другога па левы.
  • 39. А тыя, што міма праходзілі, зневажалі Яго,
    ківаючы галовамі сваімі
  • 40. і кажучы:
    Ты, што разбураеш храм і за тры дні будуеш!
    уратуй Сябе Самога.
    Калі Ты Сын Божы, сыдзі з крыжа.
  • 41. Падобна і першасвятары з кніжнікамі
    і старэйшынамі і фарысеямі,
    насміхаючыся, казалі:
  • 42. іншых ратаваў, а Самога Сябе не можа ўратаваць.
    Калі Ён Цар Ізраілеў,
    няхай цяпер сыдзе з крыжа,
    і ўверуем у Яго;
  • 43. спадзяваўся на Бога:
    няхай цяпер выбавіць Яго, калі Ён угодны Яму.
    Бо Ён сказаў: Я Божы Сын.
  • 44. Таксама і разбойнікі,
    укрыжаваныя з Ім, ганьбілі Яго.
  • 45. Ад шостай жа гадзіны цемра настала па ўсёй зямлі
    да гадзіны дзевятай;
  • 46. а каля дзевятай гадзіны ўскрыкнуў Іісус моцным голасам,
    кажучы: Ілі, Ілі! лема савахфані?
    што азначае: Божа Мой, Божа Мой! чаму Ты Мяне пакінуў?
  • 47. Некаторыя з тых, што стаялі там,
    чуючы гэта, казалі: Ілію кліча Ён.
  • 48. І адразу пабег адзін з іх,
    узяў губку,
    намачыў у воцат
    і, насадзіўшы на кій, даваў Яму піць;
  • 49. а другія казалі: чакай;
    пабачым, ці прыйдзе Ілія ўратаваць Яго.
  • 50. Іісус жа, зноў ўскрыкнуўшы моцным голасам, спусціў дух.
  • 51. І вось, завеса храма разадралася напалам, зверху данізу;
    і зямля здрыганулася; і каменне раскалолася;
  • 52. і магілы расчыніліся; і многія целы памерлых паўсталі;
  • 53. і выйшаўшы з магіл пасля ўваскрэсення Яго,
    ўвайшлі ў святы горад і явіліся многім.
  • 54. Сотнік жа і тыя, што з ім вартавалі Іісуса,
    бачачы землятрус і ўсё, што адбылося,
    перапалохаліся вельмі
    і казалі: сапраўды Ён быў Сын Божы.
  • 55. Там былі таксама і глядзелі здалёк многія жанчыны,
    якія ішлі следам за Іісусам з Галілеі, служачы Яму;
  • 56. сярод іх былі Марыя Магдаліна
    і Марыя, маці Іакава і Іасіі,
    і маці сыноў Зевядзеевых.
  • 57. Калі ж звечарэла,
    прыйшоў багаты чалавек з Арымафеі, імем Іосіф,
    які таксама вучыўся ў Іісуса;
  • 58. ён, прыйшоўшы да Пілата, прасіў цела Іісусава.
    Тады Пілат загадаў аддаць цела.
  • 59. І ўзяўшы цела,
    Іосіф абгарнуў яго чыстаю плашчаніцаю
  • 60. і паклаў яго ў новай сваёй магіле,
    якую высек у скале;
    і прываліўшы вялікі камень да дзвярэй магілы, адышоў.
  • 61. Была ж там Марыя Магдаліна і другая Марыя,
    якія сядзелі насупраць магілы.
  • 62. На другі дзень, які ідзе за пятніцай,
    сабраліся першасвятары і фарысеі да Пілата
  • 63. і казалі: пане! мы ўспомнілі,
    што ашуканец той, яшчэ калі быў жывы,
    сказаў: "праз тры дні ўваскрэсну";
  • 64. дык вось, загадай вартаваць магілу да трэцяга дня,
    каб вучні Яго, прыйшоўшы ўначы, не ўкралі Яго
    і не сказалі народу: "уваскрэс з мёртвых",
    і будзе апошняе ашуканства горшае за першае.
  • 65. А Пілат сказаў ім: маеце варту;
    ідзіце, ахоўвайце, як ведаеце.
Ничего нет для сопоставления.