Глава 3

  • 1. У тыя дні прыходзіць Іаан Хрысціцель
    і прапаведуе ў пустыні Іудзейскай
  • 2. і кажа: пакайцеся, бо наблізілася Царства Нябеснае.
  • 3. Бо Ён Той, пра Каго сказаў прарок Ісаія:
    голас таго, хто кліча ў пустыні:
    падрыхтуйце шлях Госпаду,
    простымі зрабіце сцежкі Яму.
  • 4. А ў самога Іаана была вопратка з вярблюджага воласу
    і скураны пояс на паясніцы ягонай;
    а ежай яму былі акрыды і дзікі мёд.
  • 5. Тады выходзілі да яго Іерусалім і ўся Іудзея,
    і ўсё наваколле Іарданскае
  • 6. і хрысціліся ў Іардане ад яго,
    спавядаючыся ў грахах сваіх.
  • 7. Убачыўшы многіх фарысеяў і садукеяў, што ішлі да яго хрысціцца,
    Іаан сказаў ім: адроддзе яхідніна!
    хто вас намовіў уцякаць ад будучага гневу?
  • 8. Прынясіце ж годны плод пакаяння;
  • 9. і не думайце гаварыць самі сабе: "бацька ў нас Аўраам";
    бо кажу вам, што Бог можа з камянёў гэтых узвесці дзяцей Аўрааму;
  • 10. ужо і сякера пры корані дрэў ляжыць:
    бо ўсякае дрэва, якое не прыносіць добрага плоду,
    ссякаюць і кідаюць у агонь;
  • 11. Я хрышчу вас вадою на пакаянне;
    але Той, Хто ідзе за мною, мацнейшы за мяне;
    я не варты панесці абутак Яго;
    Ён будзе хрысціць вас Духам Святым і агнём;
  • 12. лапата Яго ў руцэ ў Яго,
    і Ён ачысціць гумно Сваё,
    і збярэ пшаніцу Сваю ў жытніцу,
    а мякіну спаліць агнём непагасным.
  • 13. Тады прыходзіць Іісус з Галілеі на Іардан да Іаана
    хрысціцца ад яго.
  • 14. Іаан жа стрымліваў Яго,
    кажучы: мне трэба ў Цябе хрысціцца,
    а Ты прыходзіш да мяне?
  • 15. Але Іісус сказаў у адказ яму: дапусці цяпер,
    бо так належыць нам здзейсніць ўсякую праўду.
    Тады Іаан дапускае Яго.
  • 16. І ахрысціўшыся, Іісус выйшаў адразу з вады; —
    і вось, адкрыліся Яму нябёсы,
    і ўбачыў Іаан Духа Божага,
    Які сыходзіў, як голуб,
    і апускаўся на Яго.
  • 17. І вось, голас з нябёсаў прамовіў:
    Гэты ёсць Сын Мой Любасны, Якога Я ўпадабаў.