- 1. Убачыўшы люд, Ён узышоў на гару;
і калі сеў, прыступілі да Яго вучні Ягоныя. - 2. I, адкрыўшы вусны Свае,
Ён вучыў іх, кажучы: - 3. Блажэнныя ўбогія духам,
бо іх ёсць Царства Нябеснае. - 4. Блажэнныя тыя, што плачуць,
бо яны суцешацца. - 5. Блажэнныя лагодныя,
бо яны ўспадкуюць зямлю. - 6. Блажэнныя тыя, хто жадае і прагне праўды,
бо яны спатоляцца. - 7. Блажэнныя міласэрныя,
бо яны памілаваны будуць. - 8. Блажэнныя чыстыя сэрцам,
бо яны Бога ўбачаць. - 9. Блажэнныя міратворцы,
бо яны сынамі Божымі назавуцца. - 10. Блажэнныя гнаныя за праўду,
бо іх ёсць Царства Нябеснае. - 11. Блажэнныя вы, калі будуць вас ганьбіць і гнаць
і ўсякім словам ліхім несправядліва зневажаць за Мяне. - 12. Радуйцеся і весяліцеся,
бо ўзнагарода ваша вялікая на нябёсах:
так гналі прарокаў, што былі перад вамі. - 13. Вы — соль зямлі.
Калі ж соль страціць сілу, то чым паправіць яе?
Яна ўжо ні на што не прыдатная,
хіба што выкінуць яе прэч на патаптанне людзям. - 14. Вы — святло свету:
не можа схавацца горад, які стаіць на гары. - 15. І запаліўшы свечку,
не ставяць яе пад пасудзінаю, а на падсвечніку,
і свеціць усім, хто ў доме. - 16. Так няхай свеціць святло ваша перад людзьмі,
каб яны бачылі вашыя добрыя ўчынкі
і ўслаўлялі Айца вашага, Які ёсць у нябёсах. - 17. Не думайце, што Я прыйшоў парушыць закон,
альбо прарокаў: не парушыць прыйшоў Я, а здзейсніць. - 18. Бо праўду кажу вам:
пакуль не мінецца неба і зямля,
ані ёта адна,
ані рыска адзіная не мінецца з закона,
пакуль не збудзецца ўсё. - 19. Дык вось,
хто парушыць адну з запаведзяў гэтых найменшых
і навучыць гэтак людзей,
той найменшым назавецца ў Царстве Нябесным;
а хто выканае і навучыць,
той вялікім назавецца ў Царстве Нябесным. - 20. Бо, кажу вам, калі праведнасць ваша
не перавысіць праведнасці кніжнікаў і фарысеяў,
дык не ўвойдзеце вы ў Царства Нябеснае. - 21. Вы чулі,
што сказана продкам: "Не забівай;
а хто заб'е, падпадае суду". - 22. А Я кажу вам,
што кожны, хто гневаецца на брата свайго марна, падпадае суду;
хто ж бо скажа брату свайму "рака", падпадае сінедрыёну;
а хто скажа "неразумны", падпадае геене вогненнай. - 23. Дык вось, калі ты прынясеш дар твой да ахвярніка
і ўспомніш там, што брат твой мае нешта супроць цябе, - 24. пакінь там дар твой перад ахвярнікам,
і ідзі спярша памірыся з братам тваім,
і тады прыйдзі і прынясі дар твой. - 25. Мірыся з праціўнікам тваім хутчэй,
пакуль ты яшчэ ў дарозе з ім,
каб не аддаў цябе праціўнік суддзі,
а суддзя не аддаў цябе слузе,
і не кінулі цябе ў цямніцу; - 26. праўду кажу табе: не выйдзеш адтуль,
пакуль не аддасі апошняга кадранта. - 27. Вы чулі,
што сказана продкам: "Не чыні пералюбу". - 28. А я вам кажу,
што кожны, хто глядзіць на жанчыну з пажадаю,
ужо ўчыніў пералюб з ёю ў сэрцы сваім. - 29. Калі ж правае вока тваё спакушае цябе,
вырві яго і кінь ад сябе;
бо лепей табе, каб загінуў адзін з членаў тваіх,
а не ўсё цела тваё было ўкінута ў геену. - 30. І калі правая твая рука спакушае цябе,
адатні яе і кінь ад сябе;
бо лепей табе, каб загінуў адзін з членаў тваіх,
а не ўсё цела тваё было ўкінута ў геену. - 31. Сказана таксама, што, калі хто развядзецца з жонкаю сваёю,
няхай дасць ёй разводны ліст. - 32. А Я вам кажу:
кожны, хто разводзіцца з жонкаю сваёю,
акрамя як з прычыны распусты,
той даводзіць яе да пралюбадзейства;
і хто ажэніцца з разведзенай, той пралюбадзейнічае. - 33. Зноў жа чулі вы,
што сказана продкам: "Не давай ілжывай прысягі,
а выконвай перад Госпадам прысягі твае". - 34. А Я вам кажу:
не прысягай зусім:
ні небам, бо яно — Прастол Божы; - 35. ні зямлёю, бо яна падножжа нагам Яго;
ні Іерусалімам, бо ён горад Вялікага Цара; - 36. ні галавою тваёю не прысягай,
бо не можаш ніводнай валасінкі зрабіць белаю альбо чорнаю. - 37. А няхай будзе слова ваша: "так - так", "не - не";
а што звыш гэтага, тое ад ліхога. - 38. Вы чулі,
што сказана: "Вока за вока, і зуб за зуб". - 39. А Я кажу вам не працівіцца злому.
А калі хто цябе ўдарыць па правай шчацэ тваёй,
падстаў яму і другую; - 40. і калі хто захоча судзіцца з табою
і ўзяць у цябе сарочку,
аддай яму і вопратку; - 41. і калі хто цябе змусіць ісці з ім адно попрышча,
ідзі за ім два. - 42. Таму, хто просіць у цябе, дай
і ад таго, хто хоча пазычыць у цябе, не адварочвайся. - 43. Вы чулі, што сказана:
"Любі блізкага твайго і ненавідзь ворага твайго". - 44. А Я кажу вам: любіце ворагаў вашых,
благаслаўляйце тых, што праклінаюць вас,
рабіце дабро тым, што ненавідзяць вас
і маліцеся за тых, што крыўдзяць вас і гоняць вас; - 45. і будзеце вы сынамі Айца вашага, Які ёсць у нябёсах;
бо Ён загадвае сонцу Свайму ўзыходзіць над ліхімі і добрымі
і пасылае дождж на праведных і няправедных. - 46. Бо, калі вы будзеце любіць тых, што любяць вас,
якая вам узнагарода?
Ці не тое ж самае робяць і мытнікі? - 47. І калі вы вітаеце братоў вашых толькі,
што асаблівага робіце?
Ці не тое ж самае робяць і язычнікі? - 48. Дык вось, будзьце дасканалыя,
як дасканалы Анцец ваш Нябесны.
Головна > Бібліотека > Бібліїстика > Переклади Біблії > Переклади Біблії білоруською мовою > Святое Дабравесце (па Беларуску) пераклад Бiблейскай камiсii БПЦ МП > Святое Дабравесце паводле Матфея > Глава 5