Глава 9

  • 1. Ён, увайшоўшы ў лодку,
    пераплыў і прыйшоў у Свой горад.
  • 2. І вось, прынеслі да Яго паралізаванага,
    пакладзенага на пасцелі.
    І ўбачыўшы веру іхнюю, Іісус сказаў паралізаванаму:
    мацуйся, сыне! даруюцца табе грахі твае.
  • 3. І вось, некаторыя кніжнікі
    сказалі самі сабе: Ён блюзнерыць.
  • 4. А Іісус, зразумеўшы помыслы іх, сказаў:
    навошта вы намышляеце ліхое ў сэрцах вашых?
  • 5. бо што лягчэй – сказаць: "даруюцца табе грахі",
    альбо сказаць: "устань і хадзі"?
  • 6. Але каб вы ведалі,
    што Сын Чалавечы мае ўладу на зямлі дараваць грахі,
    тады кажа паралізаванаму: устань,
    вазьмі пасцель тваю і ідзі ў дом твой.
  • 7. І той устаў, узяў пасцель сваю,
    і пайшоў у дом свой.
  • 8. А людзі, убачыўшы гэта, дзіву даліся
    і праславілі Бога, Які даў такую ўладу людзям.
  • 9. Праходзячы адтуль,
    убачыў Іісус чалавека, што сядзеў на мытні,
    якога звалі Матфей,
    і кажа яму: ідзі за Мною.
    І ўстаў той і пайшоў услед за Ім.
  • 10. І сталася, калі Іісус узляжаў у доме, вось,
    многія мытнікі і грэшнікі прыйшлі
    і ўзлеглі з Ім і вучнямі Ягонымі.
  • 11. І ўбачыўшы гэта, фарысеі сказалі вучням Яго:
    навошта Настаўнік ваш есць і п'е з мытнікамі і грэшнікамі?
  • 12. А Іісус, пачуўшы гэта, сказаў ім:
    не здаровыя маюць патрэбу ў лекары, а хворыя;
  • 13. ідзіце, навучыцеся,
    што азначае: "міласці хачу, а не ахвяры"?,
    бо Я прыйшоў заклікаць не праведнікаў,
    а грэшнікаў да пакаяння.
  • 14. Тады прыходзяць да Яго вучні Іаанавы
    і кажуць: чаму мы і фарысеі посцім многа,
    а Твае вучні не посцяць?
  • 15. І сказаў ім Іісус:
    ці могуць засмучацца сыны харомаў вясельных, пакуль з імі жаніх?
    Але прыйдуць дні, калі адымецца ў іх жаніх,
    і тады будуць пасціць.
  • 16. І ніхто не прыстаўляе латкі
    з нябеленага палатна да старон адзежыны;
    бо зноў прышытае аддзярэ ад старога,
    і дзірка будзе яшчэ горшая.
  • 17. Не ўліваюць таксама віна і маладога ў мяхі старыя;
    а інакш дзяруцца мяхі,
    і віно выцякае,
    і мяхі прападаюць;
    а віно маладое ўліваюць у новыя мяхі,
    і зберагаецца тое і другое.
  • 18. Калі Ён ім гэта казаў, вось,
    прыйшоў нейкі начальнік
    і, кланяючыся Яму, казаў: дачка мая зараз памерла;
    але прыйдзі, ускладзі на яе руку Тваю,
    і яна будзе жыць.
  • 19. І ўстаўшы, Іісус пайшоў за ім,
    і вучні Яго.
  • 20. І вось, жанчына,
    якая дванаццаць гадоў пакутавала ад крывацечы,
    падышоўшы ззаду, дакранулася да краю вопраткі Яго,
  • 21. бо яна казала сама сабе:
    калі толькі дакрануся да вопраткі Яго, выздаравею.
  • 22. А Іісус, абярнуўшыся і ўбачыўшы яе,
    сказаў: мацуйся, дачка!
    вера твая ўратавала цябе.
    І выздаравела жанчына з таго часу.
  • 23. А як прыйшоў Іісус у начальнікаў дом
    і ўбачыў жалейнікаў і збянтэжаны люд,
  • 24. сказаў ім: выйдзіце;
    бо не памерла дзяўчына, а спіць.
    І насміхаліся з Яго.
  • 25. Калі ж людзі былі высланы,
    Ён, увайшоўшы, узяў яе за руку,
    і дзяўчына ўстала.
  • 26. І разнеслася вестка пра гэта па ўсёй зямлі той.
  • 27. І калі ішоў адтуль Іісус,
    ішлі за Ім двое сляпых
    і крычалі: памілуй нас, Іісусе, Сыне Давідаў!
  • 28. І калі Ён прыйшоў у дом, прыступілі да Яго сляпыя.
    І кажа ім Іісус: ці верыце, што Я магу зрабіць гэта?
    Яны кажуць Яму: так Госпадзе!
  • 29. Тады Ён крануўся вачэй іх
    і сказаў: па веры вашай хан будзе вам.
  • 30. І адкрыліся вочы ў іх;
    і строга наказаў ім Іісус:
    глядзіце, каб ніхто не даведаўся.
  • 31. А яны, выйшаўшы, расказалі пра Яго па ўсёй зямлі той.
  • 32. Калі ж тыя выходзілі,
    вось, прывялі да Яго чалавека нямога, апанаванага дэманам.
  • 33. І калі дэман быў выгнаны, нямы пачаў гаварыць.
    І люд, дзіву даючыся, казаў:
    ніколі не было такога явішча ў Ізраілі.
  • 34. А фарысеі казалі:
    сілаю князя дэманскага выганяе Ён дэманаў.
  • 35. І хадзіў Іісус па ўсіх гарадах і па селішчах,
    вучачы ў сінагогах іх,
    прапаведуючы Дабравесце Царства
    і ацаляючы ўсякую хваробу і ўсякую немач у людзях.
  • 36. Бачачы людзей, Ён пашкадаваў іх,
    бо яны былі знясіленыя і пакінутыя,
    як авечкі без пастуха.
  • 37. Тады кажа вучням Сваім:
    жніва многа, ды работнікаў мала;
  • 38. дык маліце Гаспадара жніва,
    каб паслаў работнікаў на жніво Сваё.