Глава 25

< предыдущая глава   следующая глава >
Глава 1 2 3 4 5 6 7 8 9 10 11 12 13 14 15 16 17 18 19 20 21 22 23 24 25 26 27 28
  • 1. Тады ўпадобніцца Царства Нябеснае дзесяці дзевам,
    якія, узяўшы свяцільнікі свае,
    выйшлі сустрэць жаніха;
  • 2. пяць з іх было неразумных пяць мудрых;
  • 3. неразумныя, узяўшы свяцільнікі свае,
    не ўзялі з сабою алею;
  • 4. а мудрыя
    узялі алею ў пасудзінах разам з свяцільнікамі сваімі;
  • 5. і калі жаніх замарудзіўся,
    дык задрамалі ўсе і паснулі.
  • 6. Але апоўначы крык пачуўся: "вось, жаніх ідзе,
    выходзьце на сустрэчу яму".
  • 7. Тады ўсталі ўсе дзевы тыя
    і паправілі свяцільнікі свае.
  • 8. А неразумныя мудрым сказалі:
    "дайце нам алею вашага,
    бо свяцільнікі нашыя гаснуць".
  • 9. А мудрыя сказалі ў адказ:
    "каб не сталася недахопу і ў нас і ў вас,
    ідзіце лепей да прадаўцоў і купіце сабе".
  • 10. Калі ж пайшлі яны купляць, прыйшоў жаніх,
    і гатовыя ўвайшлі з ім на вяселле,
    і зачыніліся дзверы.
  • 11. Пасля прыходзяць і астатнія дзевы
    і кажуць: "пане! пане! адчыні нам".
  • 12. Ён жа сказаў ім у адказ:
    "праўду кажу вам: не ведаю вас".
  • 13. Дык вось, чувайце;
    бо не ведаеце ні дня, ні гадзіны,
    у якую прыйдзе Сын Чалавечы.
  • 14. Гэтак і чалавек нейкі, адыходзячы,
    заклікаў рабоў сваіх і даручыў ім маёмасць сваю:
  • 15. і аднаму даў пяць талантаў,
    другому два,
    іншаму адзін,
    кожнаму паводле яго сілы;
    і адразу адышоў.
  • 16. Той, хто атрымаў пяць талантаў,
    пайшоў: уклаў іх у справу
    і набыў другія пяць;
  • 17. гэтак сама і той з двума набыў другія два;
  • 18. а той, хто атрымаў адзін талант,
    пайшоў і закапаў яго ў зямлю
    і схаваў серабро гаспадара свайго.
  • 19. Па доўгім часе прыходзіць гаспадар рабоў тых
    і зводзіць з імі рахунак.
  • 20. І той,
    хто атрымаў пяць талантаў,
    падышоўшы, прынёс другія пяць талантаў
    і кажа: "Гаспадар! пяць талантаў ты даў мне;
    вось, другія пяць талантаў я набыў на іх".
  • 21. Сказаў жа яму гаспадар яго: "добра, раб добры і верны!
    у малым ты быў верны,
    над многім цябе пастаўлю;
    увайдзі ў радасць гаспадара твайго".
  • 22. Падышоў таксама і той, што атрымаў два таланты,
    і сказаў: "гаспадар! два таланты ты даў мне;
    вось, другія два таланты набыў я на іх".
  • 23. Сказаў жа яму гаспадар яго: "добра, раб добры і верны!
    у малым ты быў верны,
    над многім цябе пастаўлю;
    увайдзі ў радасць гаспадара твайго".
  • 24. Падышоў і той, што атрымаў адзін талант,
    і сказаў: "гаспадар! я ведаў цябе, што ты чалавек жорсткі,
    жнеш, дзе не сеяў,
    і збіраеш, дзе не рассыпаў;
  • 25. і пабаяўшыся,
    пайшоў і схаваў талант твой у зямлі;
    вось табе тваё".
  • 26. Гаспадар жа ягоны сказаў яму ў адказ: "ліхі раб і гультай!
    ты ведаў, што я жну, дзе не сеяў,
    і збіраю, дзе не рассыпаў;
  • 27. таму трэба было табе аддаць серабро маё гандлярам,
    і я, прыйшоўшы, атрымаў бы маё з прыбыткам.
  • 28. Дык вось вазьміце ў яго талант
    і дайце таму, хто мае дзесяць талантаў,
  • 29. бо кожнаму, хто мае, дасца і памножыцца,
    а ў таго, хто не мае, адымецца і тое, што мае;
  • 30. а нягоднага раба выкіньце ў цемру вонкавую:
    там будзе плач і скрыгат зубоў".
    (Сказаўшы гэта, усклікнуў:
    хто мае вушы, каб чуць, няхай чуе!)
  • 31. Калі ж прыйдзе Сын Чалавечы ў славе Сваёй
    і ўсе святыя Ангелы з Ім,
    тады сядзе на прастоле славы Сваёй,
  • 32. і збяруцца перад Ім усе народы;
    і аддзеліць адных ад другіх,
    як пастух аддзяляе авечак ад казлоў;
  • 33. і паставіць авечак праваруч ад Сябе,
    а казлоў — леваруч.
  • 34. Тады скажа Цар тым, якія праваруч ад Яго:
    "Прыйдзіце, благаславёныя Айца Майго,
    прыміце ў спадчыну Царства, угатаванае вам ад стварэння свету:
  • 35. бо быў галодны Я, і вы далі Мне есці;
    быў сасмяглы, і вы напаілі Мяне;
    быў падарожны, і вы прынялі Мяне;
  • 36. быў голы, і вы адзелі Мяне;
    быў хворы, і вы адведалі Мяне;
    у цямніцы быў, і вы прыйшлі да Мяне.
  • 37. Тады праведнікі скажуць Яму ў адказ:
    "Госпадзе! калі мы бачылі Цябе галоднага і накармілі?
    альбо сасмяглага і напаілі?
  • 38. калі ж мы бачылі Цябе падарожнага і прынялі?
    альбо голага і адзелі?
  • 39. калі ж мы бачылі Цябе хворага, альбо ў цямніцы,
    і прыйшлі да цябе?"
  • 40. І Цар скажа ім у адказ: "праўду кажу вам:
    як што зрабілі вы гэта аднаму з братоў Маіх меншых,
    дык зрабілі Мне".
  • 41. Тады скажа і тым, якія леваруч ад яго:
    "ідзіце ад Мяне, праклятыя, у агонь вечны,
    угатаваны дыявалу і ангелам яго:
  • 42. бо быў галодны Я, вы не далі Мне есці;
    быў сасмяглы, і вы не напаілі Мяне;
  • 43. быў падарожны, і не прынялі Мяне;
    быў голы, і не адзелі Мяне;
    хворы і ў цямніцы, і не адведалі Мяне".
  • 44. Тады і яны скажуць Яму ў адказ: "Госпадзе,
    калі мы бачылі Цябе галоднага,
    альбо сасмяглага,
    альбо падарожнага,
    альбо голага,
    альбо хворага,
    альбо ў цямніцы,
    і не паслужылі Табе?"
  • 45. Тады скажа ім у адказ: "праўду кажу вам:
    як што вы не зрабілі гэтага аднаму з гэтых меншых,
    дык не зрабілі Мне".
  • 46. І пойдуць гэтыя на пакуты вечныя,
    а праведнікі ў жыццё вечнае.