- 1. Як прайшла субота,
на світанні першага дня тыдня,
прыйшла Марыя Магдаліна і другая Марыя паглядзець магілу. - 2. І вось, зрабіўся вялікі землятрус:
бо Ангел Гасподні, які сышоў з неба,
прыступіўшы, адваліў камень ад уваходу ў магілу
і сядзеў на ім; - 3. выгляд жа яго быў, як маланка,
і ўбранне яго белае, як снег. - 4. І ад страху перад ім затрымцелі вартаўнікі,
і сталі як мёртвыя. - 5. Ангел жа, прамаўляючы да жанчын,
сказаў: не бойцеся вы;
бо ведаю, што вы шукаеце Іісуса ўкрыжаванага; - 6. няма Яго тут;
Ён уваскрэс, як сказаў;
падыдзіце, пабачце месца, дзе ляжаў Гасподзь; - 7. ды ідзіце хутка,
скажыце вучням Яго, што Ён уваскрэс з мёртвых
і сустракае вас у Галілеі:
там Яго ўбачыце;
вось я сказаў вам. - 8. І пайшоўшы спешна ад магілы,
яны са страхам і радасцю вялікаю
пабеглі ўзвясціць вучням Яго; - 9. калі ж ішлі яны ўзвясціць вучням Ягоным,
і вось, Іісус сустрэў іх і сказаў: радуйцеся!
І яны, прыступіўшы, абхапілі ногі Яго і пакланяліся Яму. - 10. Тады кажа ім Іісус: не бойцеся;
ідзіце, узвясціце братам Маім, каб ішлі ў Галілею,
і там яны ўбачаць Мяне. - 11. А калі яны ішлі,
дык некаторыя з варты, увайшоўшы ў горад,
паведамілі першасвятарам усё, што адбылося. - 12. І яны, сабраўшыся са старэйшынамі і зрабіўшы нараду,
немалыя грошы далі воінам, - 13. кажучы: скажыце,
што вучні Яго, уначы прыйшоўшы,
укралі Яго, калі мы спалі; - 14. і калі чуткі пра гэта дойдуць да намесніка, мы пераканаем яго
і вас ад непрыемнасці выбавім. - 15. Яны ж, узяўшы грошы,
зрабілі, як навучаныя былі.
І пранеслася слова гэгае сярод Іудзеяў аж да сённяшняга дня. - 16. Адзінаццаць жа вучняў пайшлі ў Галілею,
на гару, куды загадаў ім Іісус; - 17. і, убачыўшы Яго, пакланіліся Яму;
а другія засумняваліся. - 18. І, прыступіўшы, Іісус сказаў ім:
дадзена Мне ўсякая ўлада на небе і на зямлі: - 19. дык ідзіце, навучыце ўсе народы,
хрысцячы іх у імя Айца і Сына і Святога Духа, - 20. вучачы іх выконваць усё, што Я запаведаў вам;
і вось, Я з вамі ва ўсе дні да сканчэння веку.
Амінь.
Головна > Бібліотека > Бібліїстика > Переклади Біблії > Переклади Біблії білоруською мовою > Святое Дабравесце (па Беларуску) пераклад Бiблейскай камiсii БПЦ МП > Святое Дабравесце паводле Матфея > Глава 28