Глава 10

< предыдущая глава   следующая глава >
Глава 1 2 3 4 5 6 7 8 9 10 11 12 13 14 15 16 17 18 19 20 21 22 23 24 25 26 27 28
  • 1. І паклікаўшы дванаццаць вучняў Сваіх,
    Ён даў ім уладу над нячыстымі духамі, каб выганяць іх,
    і ацаляць усякую хваробу і ўсякую немач.
  • 2. А дванаццаці Апосталаў імёны вось такія:
    першы Сіман, якога называюць Пятром,
    і Андрэй, брат ягоны,
    Іакаў Зевядзееў
    і Іаан, брат яго.
  • 3. Філіп і Варфаламей,
    Фама і Матфей мытнік,
    Іакаў Алфееў
    і Леўвей, празваны Фадзеем,
  • 4. Сіман Кананіт
    і Іуда Іскарыёт, які і здрадзіў Яму.
  • 5. Гэтых дванаццаць паслаў Іісус
    і запавядаў ім, кажучы: на шлях язычнікаў не хадзіце
    і ў горад Самаранскі не ўваходзьце;
  • 6. а ідзіце найболей да пагіблых авечак дому Ізраілевага;
  • 7. і ходзячы, прапаведуўце,
    што наблізілася Царства Нябеснае;
  • 8. хворых ацаляйце,
    пракажоных ачышчайце,
    мёртвых уваскрашайце,
    дэманаў выганяйце;
    задарам атрымалі, задарам давайце.
  • 9. Не бярыце з сабою ні золата,
    ні срэбра, ні медзі ў паясы свае,
  • 10. ні торбы ў дарогу,
    ні дзве вопраткі,
    ні абутку,
    ні посаха.
    Бо хто працуе, той варты пракорму.
  • 11. У які горад ці селішча вы ні ўвайшлі б,
    даведайцеся, хто ў ім годны,
    і там заставайцеся, пакуль не выйдзеце;
  • 12. а ўваходзячы ў дом, вітайце яго,
    кажучы: "мір дому гэтаму";
  • 13. і калі дом будзе годны,
    дык сыдзе мір ваш на яго;
    калі ж не будзе годны,
    дык мір ваш да вас вернецца.
  • 14. А калі хто не прыме вас і не паслухаецца слоў вашых,
    дык, выходзячы з дому, альбо з горада таго,
    абтрасіце пыл з ног вашых;
  • 15. праўду кажу вам:
    лягчэй будзе зямлі Садомскай і Гаморскай у дзень судны,
    чым гораду таму.
  • 16. Вось, я пасылаю вас, як авечак сярод ваўкоў:
    дык вось, будзьце мудрыя, як змеі,
    і простыя, як галубы.
  • 17. Сцеражыцеся ж людзей:
    бо яны аддаваць будуць вас на судзілішчы
    і ў сінагогах сваіх біць будуць вас,
  • 18. і павядуць вас да правіцеляў і да цароў за Мяне,
    на сведчанне перад імі і язычнікамі.
  • 19. Калі ж будуць выдаваць вас,
    не турбуйцеся, як або што сказаць;
    бо дадзена будзе вам у той час, што сказаць;
  • 20. бо не вы будзеце гаварыць,
    а Дух Айца вашага гаварыць будзе ў вас.
  • 21. І выдасць брат брата на смерть,
    і бацька — дзіця;
    і паўстануць дзеці на бацькоў
    і заб'юць іх;
  • 22. і будзеце зненавіджаныя ўсімі за імя Маё;
    а хто вытрывае да канца, уратаваны будзе.
  • 23. Калі ж будуць вас гнаць у адным горадзе, уцякайце ў другі,
    Бо праўду кажу вам:
    не паспееце абысці гарадоў Ізраілевых,
    як прыйдзе Сын Чалавечы.
  • 24. Вучань не вышэйшы за настаўніка,
    і слуга не вышэйшы за гаспадара свайго.
  • 25. Даволі вучню, каб ён быў, як настаўнік ягоны,
    і слузе, каб ён быў, як гаспадар ягоны.
    Калі гаспадара дома назвалі вельзевулам,
    дык ці не тым болей дамашніх яго?
  • 26. Дык вось, не бойцеся іх:
    бо няма нічога схаванага, што не адкрылася б,
    і таемнага, што не было б уведана.
  • 27. Што кажу вам у цемры, кажыце пры святле;
    і што на вуха чуеце, прапаведуйце з дахаў.
  • 28. І не бойцеся тых, што забіваюць цела,
    але ж душы забіць не могуць;
    а бойцеся болей таго,
    хто можа і душу, і цела загубіць у геене.
  • 29. Ці ж не два вараб’і прадаюцца за асарый?
    І ніводны з іх не ўпадзе на зямлю без волі Айца вашага;
  • 30. а ў вас і валасы на галаве ўсе палічаны;
  • 31. дык не бойцеся: вы больш вартыя, чым мноства вераб’ёў.
  • 32. Дык вось, кожнага, хто вызнае Мяне перад людзьмі,
    таго вызнаю і Я перад Айцом Маім, Які ёсць у нябёсах;
  • 33. а хто адрачэцца ад Мяне перад людзьмі,
    ад таго адракуся і Я перад Айцом Маім, Які ёсць у нябёсах.
  • 34. Не думайце, што Я прыйшоў прынесці мір на зямлю;
    не мір прыйшоў Я прынесці, а меч;
  • 35. бо Я прыйшоў падзяліць чалавека з бацькам ягоным,
    і дачку з маці яе,
    і нявестку са свякрухай яе.
  • 36. І ворагі чалавеку — дамашнія яго.
  • 37. Хто любіць бацьку ці маці больш за Мяне, не варты Мяне;
    і хто любіць сына ці дачку больш за Мяне, не варты Мяне;
  • 38. і хто не бярэ крыжа свайго і не ідзе следам за Мною,
    той не варты Мяне.
  • 39. Хто зберагае душу сваю, страціць яе;
    а хто страціў душу сваю за Мяне, зберажэ яе.
  • 40. Хто прымае вас, Мяне прымае;
    а хто Мяне прымае, прымае Таго, Хто паслаў Мяне;
  • 41. хто прымае прарока ў імя прарока,
    узнагароду прарокаву атрымае;
    і хто прымае праведніка ў імя праведніка,
    узнагароду праведнікаву атрымае.
  • 42. І хто напоіць аднаго з малых гэтых
    толькі чашай халоднай вады
    ў імя вучня,
    праўду кажу вам, не страціць узнагароды сваёй.