Глава 8

  • 1. Калі Ён сышоў з гары,
    за Ім следам пайшло мноства людзей.
  • 2. І вось, падышоў пракажоны
    і, кланяючыся Яму, сказаў: Госпадзе!
    калі хочаш, можаш мяне ачысціць.
  • 3. Іісус, працягнуўшы руку, дакрануўся да яго
    і сказаў: хачу, ачысціся.
    І адразу ачысціўся той ад праказы.
  • 4. І кажа яму Іісус: глядзі, не кажы нікому;
    але ідзі, пакажыся святару,
    і прынясі дар, аб якім загадаў Майсей,
    на сведчанне ім.
  • 5. Калі ж увайшоў Іісус у Капернаум,
    падышоў да Яго сотнік і папрасіў у Яго:
  • 6. Госпадзе!
    слуга мой ляжыць дома ў паралічы і моцна пакутуе.
  • 7. Іісус кажа яму: Я прыйду і ацалю яго.
  • 8. А сотнік сказаў Яму ў адказ: Госпадзе!
    я не варты, каб Ты ўвайшоў пад мой дах;
    але скажы толькі слова, і выздаравее слуга мой;
  • 9. бо і я чалавек падуладны;
    і, маючы ў сябе ў падначаленні воінаў,
    кажу аднаму: "ідзі", і ідзе;
    і другому: "прыйдзі", і прыходзіць;
    і слузе майму: "зрабі тое", і робіць.
  • 10. Пачуўшы гэта, Іісус здзівіўся
    і сказаў тым, што ішлі за Ім: праўду кажу вам:
    і ў Ізраілі не знайшоў Я такое веры.
  • 11. Кажу к вам, што многія з усходу і з захаду прыйдуць
    і ўзлягуць з Аўраамам, Ісаакам і Іакавам
    у Царстве Нябесным;
  • 12. а сыны царства будуць выкінуты у цемру вонкавую,
    там будзе плач і скрыгат зубоў.
  • 13. І сказаў Іісус сотніку: ідзі,
    і, як ты вераваў, няхай будзе табе.
    І выздаравеў слуга ягоны ў тую ж гадзіну.
  • 14. Прыйшоўшы ў дом Пятра
    Іісус убачыў цешчу яго, якая ляжала ў гарачцы,
  • 15. і дакрануўся да рукі яе,
    і пакінула яе гарачка;
    і ўстала яна і слугавала ім.
  • 16. Калі ж звечарэла,
    прывялі да Яго многа людзей, апанаваных дэманамі:
    і Ён выгнаў духаў словам
    і ўсіх нядужых ацаліў;
  • 17. каб збылося сказанае праз прарока Ісаію, які кажа:
    "Ён узяў на Сябе нашы немачы, і хваробы панёс".
  • 18. Калі ж Іісус убачыў вакол Сябе мноства люду,
    эагадаў вучням адплысці на той бок.
  • 19. І адзін кніжнік,
    падышоўшы, сказаў Яму: Настаўнік!
    я пайду за Габою, куды б Ты ні пайшоў.
  • 20. І кажа яму Іісус: лісы маюць норы,
    і птушкі нябесныя гнёзды;
    а Сын Чалавечы не мае, дзе прыхіліць галаву.
  • 21. А другі, з вучняў, сказаў Яму: Госпадзе,
    дазволь мне спярша пайсці і пахаваць майго бацьку.
  • 22. Але Іісус сказаў Яму: ідзі за Мною,
    і пакінь мёртвым хаваць сваіх памерлых.
  • 23. І калі ўвайшоў Ён у лодку,
    увайшлі за Ім вучні Яго.
  • 24. І вось, бура вялікая сталася на моры,
    ажно лодку захліствалі хвалі;
    а Ён спаў.
  • 25. І вучні Яго, падышоўшы да Яго, разбудзілі Яго
    і сказалі: Госпадзе! ратуй нас, гінем.
  • 26. І кажа ім: чаго вы спалохаліся, малаверы?
    Тады, устаўшы, забараніў вятрам і мору,
    і сталася ціша вялікая.
  • 27. А людзі, дзівуючыся, казалі: хто Гэты,
    што і вятры, і мора слухаюцца Яго?
  • 28. І калі прыплыў Ён на другі бераг у краіну Гергесінскую,
    сустрэлі Яго, выйшаўшы з магіл, двое апанаваных дэманамі,
    вельмі лютыя,
    так што ніхто не мог праходзіць тою дарогаю.
  • 29. І вось, яны закрычалі: што Табе да нас, Іісусе, Сыне Божы?
    прыйшоў Ты сюды дачасна мучыць нас.
  • 30. А зводдаль ад іх пасвіўся вялікі гурт свіней.
  • 31. І дэманы прасіліся ў Яго:
    калі выганіш нас, дык пашлі нас у гурт свіней.
  • 32. І Ён сказаў ім: ідзіце.
    І выйшлі яны, і пайшлі ў гурт свіны.
    І вось, кінуўся ўвесь гурт свіней з урвішча ў мора
    і загінуў у вадзе.
  • 33. А пастухі паўцякалі
    і, прыйшоўшы ў горад, расказалі пра ўсё,
    і пра апанаваных дэманамі.
  • 34. І вось, увесь горад выйшаў на сустрэчу Іісусу;
    і, убачыўшы Яго, прасілі, каб Ён адышоў ад іх межаў.