- 1. І сталася, калі Іісус закончыў словы гэтыя,
дык выйшаў з Галілеі
і прыйшоў у межы Іудзейскія, па той бок Іардана. - 2. За Ім следам пайшло шмат людзей,
і Ён ацаліў іх там. - 3. I прыступілі да Яго фарысеі
і, спакушаючы Яго, казалі Яму: ці з усякай прычыны
дазволена чалавеку разводзіцца з жонкай сваёю? - 4. Ён сказаў ім у адказ:
ці не чыталі вы,
што Творца ад пачатку стварыў іх мужчынам і жанчынай? - 5. І сказаў: таму пакіне чалавек бацьку і маці
і прылепіцца да жонкі сваёй,
і будуць двое плоццю адною, - 6. так што яны ўжо не двое, а адна плоць.
Дык вось, што Бог злучыў,
таго чалавек няхай не разлучае. - 7. Яны кажуць Яму: як жа Маісей запаведаў
даваць разводны ліст і разводзіцца з ёю? - 8. Ён кажа ім: Маісей, з прычыны жорсткага сэрца вашага,
дазволіў вам разводзіцца з жонкамі вашымі;
а спачатку не было так. - 9. Але Я кажу вам:
хто развядзецца з жонкаю сваёю не за распусту
і ажэніцца з іншаю,
той пралюбадзейнічае;
і хто ажэніцца з разведзенай, пралюбадзейнічае. - 10. Кажуць Яму вучні Яго:
калі такі абавязак чалавека перад жонкаю,
дык лепш не жаніцца. - 11. А Ён сказаў ім: не ўсе разумеюць слова гэтае,
а каму дадзена, - 12. бо ёсць скапцы, якія з лона матчынага нарадзіліся так;
і ёсць скапцы, якія выпакладаны людзьмі;
і ёсць скапцы,
якія зрабілі самі сябе скапцамі дзеля Царства Нябеснага.
Хто можа зразумець, няхай зразумее. - 13. Тады прыведзены былі да Яго дзеці,
каб Ён усклаў на іх рукі і памаліўся;
а вучні забаранялі ім. - 14. Але Іісус сказаў: пусціце дзяцей
і не перашкаджайце ім прыходзіць да Мяне,
бо такім належыць Царства Нябеснае. - 15. І ўсклаўшы на іх рукі, пайшоў адтуль.
- 16. І вось, адзін нейкі, падышоўшы, сказаў Яму:
Настаўнік Добры!
што зрабіць мне добрага, каб мець жыццё вечнае? - 17. А Ён сказаў яму: што ты называеш Мяне добрым?
Ніхто не добры, толькі адзін Бог.
Калі ж хочаш увайсці ў жыццё, трымайся запаведзяў. - 18. Кажа Яму: якіх?
А Іісус сказаў:
не забівай;
не пралюбадзейнічай;
не крадзі;
не сведчы лжыва; - 19. шануй бацьку і маці;
і: любі блізкага твайго, як самога сябе. - 20. Кажа Яму юнак: усё гэта захаваў я з юнацтва майго:
чаго яшчэ не хапае мне? - 21. Сказаў яму Іісус: калі хочаш дасканалым быць,
ідзі, прадай уласнасць тваю
і раздай убогім;
і мець будзеш скарб на нябёсах;
і прыходзь, і ідзі за Мною. - 22. Пачуўшы слова гэтае, юнак адышоў у смутку,
бо ў яго была вялікая маёмасць. - 23. А Іісус сказаў вучням Сваім: праўду кажу вам,
што цяжка багатаму ўвайсці ў Царства Нябеснае; - 24. і яшчэ кажу вам:
лягчэй вярблюду прайсці праз ігольнае вушка,
чым багатаму ўвайсці ў Царства Божае. - 25. Пачуўшы гэта, вучні Яго вельмі здзівіліся
і сказалі: дык хто ж можа быць збаўлены? - 26. А Іісус паглядзеў і сказаў ім:
людзям гэта немагчыма,
а Богу ўсё магчыма. - 27. Тады Пётр, адказваючы, сказаў Яму:
вось, мы пакінулі ўсё і пайшлі следам за Табою;
што ж будзе нам? - 28. А Іісус сказаў ім: праўду кажу вам,
што вы, хто пайшоў следам за Мною, у новым жыцці,
калі сядзе Сын Чалавечы на прастоле славы Сваёй,
сядзеце і вы на дванаццаці прастолах
судзіць дванаццаць каленаў Ізраілевых; - 29. і кожны, хто пакіне дамы,
альбо братоў,
альбо сясцёр,
альбо бацьку,
альбо маці,
альбо жонку,
альбо дзяцей,
альбо палі дзеля імя Майго,
атрымае ў сто разоў больш і ўспадкуе жыццё вечнае. - 30. А многія першыя будуць апошнімі,
і апошнія першымі.
Головна > Бібліотека > Бібліїстика > Переклади Біблії > Переклади Біблії білоруською мовою > Святое Дабравесце (па Беларуску) пераклад Бiблейскай камiсii БПЦ МП > Святое Дабравесце паводле Матфея > Глава 19