- 1. І сталася: калі скончыў Іісус усе словы гэтыя,
дык сказаў вучням Сваім: - 2. вы ведаеце, што праз два дні Пасха будзе,
і Сын Чалавечы выдадзены будзе на ўкрыжаванне. - 3. Тады сабраліся першасвятары і кніжнікі і старэйшыны народу
ў двор першасвятара, якога звалі Каіафа, - 4. і дамовіліся ўзяць Іісуса хітрасцю і забіць;
- 5. але казалі: толькі не ў свята,
каб не сталася абурэння ў народзе. - 6. Калі ж Іісус быў у Віфаніі,
у доме Сімана пракажонага, - 7. прыступіла да Яго жанчына
з алебастравай пасудзінай міра шматкаштоўнага
і ліла Яму на галаву, калі Ён узляжаў за сталом. - 8. Убачыўшы, вучні Яго абурыліся
і казалі: навошта такая трата? - 9. бо можна было б прадаць гэтае міра за вялікія грошы
і даць убогім. - 10. Але Іісус, зразумеўшы гэта,
сказаў ім: што бянтэжыце жанчыну?
Яна добры ўчынак зрабіла для Мяне; - 11. бо заўсёды убогіх вы маеце з сабою,
а Мяне не заўсёды маеце; - 12. бо ўзліўшы гэтае міра на Цела Маё,
яна падрыхтавала Мяне да пахавання; - 13. праўду кажу вам:
дзе ні будзе абвешчана Дабравесце гэтае ў цэлым свеце,
сказана будзе ў памяць яе і пра тое, што зрабіла яна. - 14. Тады адзін з дванаццаці,
якога звалі Іуда Іскарыёт,
пайшоў да першасвятароў - 15. і сказаў: што вы дасце мне, і я вам выдам Яго?
Яны прапанавалі яму трыццаць срэбранікаў; - 16. і з таго часу ён шукаў зручнай нагоды выдаць Яго.
- 17. У першы ж дзень праснакоў
прыступілі вучні да Іісуса і сказалі Яму:
дзе хочаш, каб мы прыгатавалі Табе есці пасху? - 18. Ён жа сказаў: ідзіце ў горад да такога і такога
і скажыце яму: "Настаўнік кажа: час мой блізкі,
у цябе ўчыню пасху з вучнямі Маімі". - 19. І зрабілі вучні, як загадаў ім Іісус,
і прыгатавалі пасху. - 20. Калі ж звечарэла,
Ён узлёг з дванаццацю вучнямі; - 21. І калі яны елі, сказаў:
праўду кажу вам, што адзін з вас выдасць мяне. - 22. Яны вельмі засмуціліся
і пачалі казаць Яму, кожны з іх: ці не я, Госпадзе? - 23. А Ён сказаў у адказ:
хто апусціў са Мною руку ў місу,
той выдасць Мяне. - 24. Бо Сын Чалавечы ідзе, як напісана пра Яго;
але гора таму чалавеку, які выдае Сына Чалавечага:
лепей было б таму чалавеку не радзіцца. - 25. У адказ жа Іуда, які выдаў Яго,
сказаў: ці не я, Равві?
Іісус кажа яму: ты сказаў. - 26. А калі яны елі: Іісус, узяўшы хлеб
і благаславіўшы, пераламіў
і, раздаючы вучням, сказаў:
прыміце, ешце: гэта Цела Маё. - 27. І ўзяўшы чашу,
і падзякаваўшы, падаў ім
і сказаў: піце з яе ўсе; - 28. бо гэта Кроў Мая новага запавету,
за многіх праліваная дзеля даравання грахоў. - 29. Кажу ж вам,
што ад сёння не буду піць ад плоду гэтага вінаграднага
да таго дня, калі буду піць з вамі новае віно
ў Царстве Айца Майго. - 30. І заспяваўшы,
пайшлі на гару Елеонскую. - 31. Тады кажа ім Іісус:
усе вы спакусіцеся аба Мне ў гэтую ноч,
бо напісана: "паражу пастыра, і рассеюцца авечкі статку". - 32. А пасля ўваскрэсення Майго сустрэну вас у Галілеі.
- 33. У адказ жа Пётр сказаў Яму:
калі і ўсе спакусяцца аб Табе,
я не спакушуся. - 34. Сказаў яму Іісус: праўду кажу табе,
што гэтае ночы,
перш чым заспявае певень,
тройчы адрачэшся ад Мяне. - 35. Кажа Яму Пётр:
хоць бы мне і памерці з Табою,
не адракуся ад Цябе.
Падобнае і ўсе вучні казалі. - 36. Потым прыходзіць з імі Іісус у мясціну, званую Гефсіманія,
і кажа вучням: пасядзіце тут,
пакуль Я пайду, памалюся там. - 37. І ўзяўшы Пятра і абодвух сыноў Зевядзеевых,
пачаў смуткаваць і журыцца. - 38. Тады кажа ім Іісус:
душа Мая смуткуе да смерці;
пабудзьце тут і чувайце са Мною. - 39. І адышоўшы крыху, упаў абліччам Сваім,
маліўся і казаў: Ойча Мой!
калі магчыма, няхай абміне Мяне чаша гэтая;
але не як Я хачу, а як Ты. - 40. І прыходзіць да вучняў і знаходзіць, што яны спяць,
і кажа Пятру:
ці так не змаглі вы адну гадзіну патрываць са Мною? - 41. Не спіце і маліцеся, каб не ўпасці ў спакусу:
дух бадзёры, а плоць нядужая. - 42. Яшчэ, адышоўшы другі раз,
маліўся, кажучы: Ойча Мой!
калі не можа чаша гэтая абмінуць Мяне, каб Мне не піць яе,
няхай будзе воля Твая. - 43. І прыйшоўшы, знайшоў, што зноў яны спяць,
бо ў іх вочы ацяжэлі. - 44. І пакінуўшы іх, адышоў зноў
і памаліўся трэці раз,
тое самае слова сказаўшы. - 45. Тады прыходзіць да вучняў Сваіх
і кажа ім: вы ўсё яшчэ спіце і спачываеце;
вось, наблізілася гадзіна,
і Сын Чалавечы аддаецца ў рукі грэшнікаў; - 46. устаньце, хадзем:
вось наблізіўся той, хто выдае Мяне. - 47. І калі яшчэ гаварыў Ён,
вось, Іуда, адзін з дванаццаці, прыйшоў,
і з ім мноства людзей з мячамі і каламі,
ад першасвятароў і старэйшын народных. - 48. А хто выдаваў Яго, даў ім знак,
кажучы: каго я пацалую, Той і ёсць,
вазьміце Яго. - 49. I, адразу падышоўшы да Іісуса,
сказаў: радуйся, Равві!
І пацалаваў Яго. - 50. Іісус жа сказаў яму: дружа, чаго ты прыйшоў?
Тады падышлі, і ўсклалі рукі на Іісуса,
і ўзялі Яго. - 51. І вось, адзін з тых, што былі з Іісусам,
працягнуўшы руку, дастаў меч свой
і, ударыўшы раба першасвятаровага, адсек яму вуха. - 52. Тады кажа яму Іісус: вярні меч твой у месца ягонае,
бо ўсе, хто возьме меч, ад мяча і загінуць; - 53. альбо думаеш, што Я не магу цяпер упрасіць Айца Майго,
і Ён дасць Мне больш за дванаццаць легіёнаў Ангелаў? - 54. як жа збудуцца Пісанні,
што так павінна быць? - 55. У тую гадзіну сказаў Іісус народу:
быццам на разбойніка
выйшлі вы з мячамі і каламі ўзяць Мяне;
кожны дзень з вамі сядзеў Я, вучачы ў храме,
і вы не ўзялі Мяне. - 56. А ўсё гэта было,
каб збыліся пісанні прарокаў.
Тады ўсе вучні, пакінуўшы Яго, паўцякалі. - 57. А тыя, што ўзялі Іісуса, прывялі Яго да Каіафы першасвятара,
куды сабраліся кніжнікі і старэйшыны. - 58. А Пётр ішоў следам за ім зводдаль, да двара першасвятаровага
і ўвайшоўшы ў сярэдзіну, сеў са слугамі,
каб бачыць канец. - 59. Першасвятары і старэйшыны і ўвесь сінедрыён
шукалі ілжывага сведчання супроць Іісуса,
каб аддаць Яго на смерць; - 60. і не знаходзілі;
і хоць шмат ілжывых сведкаў прыходзіла, не знайшлі.
Але нарэшце прыйшлі два ілжывыя сведкі - 61. і сказалі: Ён казаў:
"магу разбурыць храм Божы
і за тры дні збудаваць яго". - 62. І ўстаўшы, першасвятар сказаў Яму:
нічога не адказваеш?
што яны супроць Цябе сведчаць? - 63. Іісус жа маўчаў.
І першасвятар сказаў Яму:
заклінаю Цябе Богам жывым,
скажы нам, ці Ты Хрыстос, Сын Божы? - 64. Кажа яму Іісус: ты сказаў;
нават маўляю вам: ад сёння ўгледзіце Сына Чалавечага,
што сядзіць праваруч сілы
і ідзе на аблоках нябесных. - 65. Тады першасвятар разадраў адзенне сваё
і сказаў: Ён блюзнерыць.
Навошта яшчэ нам сведкі?
Вось, вы чулі блюзнерства Яго! - 66. Як вам здаецца?
А яны сказалі ў адказ: варты смерці. - 67. Тады плявалі Яму ў твар і тузалі Яго;
а іншыя білі па шчоках - 68. і казалі: скажы нам, Хрысце, хто ўдарыў Цябе?
- 69. А Пётр сядзеў звонку на дварэ.
І падышла да яго адна служанка
і сказала: і ты быў з Іісусам Галілеянінам. - 70. Але ён адрокся перад усімі,
сказаўшы: не ведаю, што ты кажаш. - 71. А калі ён выходзіў за браму,
убачыла яго другая,
і кажа тым, што былі там:
і гэты быў з Іісусам Назарэем. - 72. І зноў адрокся ён, прысягнуўшы:
я не ведаю Гэтага Чалавека. - 73. Крыху пазней падышлі тыя, што стаялі,
і сказалі Пятру: сапраўды і ты з іх,
бо і гаворка твая выдае цябе. - 74. Тады ён пачаў прысягаць і бажыцца:
я не ведаю Гэтага Чалавека.
І тут жа заспяваў певень. - 75. І згадаў Пётр словы, сказаныя яму Іісусам:
перш чым заспявае певень,
тройчы адрачэшся ад Мяне.
І выйшаўшы вонкі, плакаў горка.
Головна > Бібліотека > Бібліїстика > Переклади Біблії > Переклади Біблії білоруською мовою > Святое Дабравесце (па Беларуску) пераклад Бiблейскай камiсii БПЦ МП > Святое Дабравесце паводле Матфея > Глава 26