- 1. Не судзіце, каб і вас не судзілі;
- 2. бо якім судом судзіце, такім вас судзіць будуць;
і якою мераю мераеце, такою і вам адмераецца. - 3. І што ты глядзіш на парушынку ў воку брата твайго,
а бервяна ў тваім воку не заўважаеш? - 4. Альбо, як скажаш брату свайму:
"Дай, я выму парушынку з вока твайго";
а вось у тваім воку бервяно? - 5. Крывадушнік!
вымі спачатку бервяно са свайго вока,
і тады ўбачыш, як выняць парушынку з вока брата твайго. - 6. Не давайце святога сабакам
і не кідайце перлаў вашых перад свіннямі,
каб яны не стапталі іх нагамі сваімі
і, абярнуўшыся, не разарвалі вас. - 7. Прасіце, і дадзена будзе вам;
шукайце, і знойдзеце;
стукайцеся, і адчыняць вам; - 8. бо кожны, хто просіць, атрымлівае,
і, хто шукае, знаходзіць,
і, хто стукаецца, таму адчыняць. - 9. Ці ёсць сярод вас такі чалавек,
які, калі папросіць сын ягоны ў яго хлеба,
камень падаў бы яму? - 10. і калі рыбы папросіць,
змяю падаў бы яму? - 11. Дык вось, калі вы, ліхія,
умееце дары добрыя даваць вашым дзецям,
тым болей Айцец ваш, Які ёсць у нябёсах,
дасць даброты тым, хто просіць у Яго. - 12. І вось усё, што хочаце, каб рабілі вам людзі,
тое і вы рабіце ім;
бо ў гэтым закон і прарокі. - 13. Уваходзьце вузкімі варотамі;
бо шырокія вароты і прасторная дарога вядуць у пагібель,
і многія ідуць імі; - 14. бо вузкія вароты і цесная дарога вядуць у жыццё,
і нямногія знаходзяць іх. - 15. Пільнуйцеся ад ілжывых прарокаў,
якія прыходзяць да вас у авечай адзежы,
а ўсярэдзіне — ваўкі драпежныя; - 16. па іхніх пладах пазнаеце іх.
Ці ж збіраюць з цярноўніку вінаград,
альбо з дзядоўніку смоквы? - 17. Так усякае добрае дрэва родзіць і плады добрыя,
а кепскае дрэва родзіць і плады кепскія: - 18. не можа добрае дрэва радзіць кепскія плады,
ні дрэва кепскае радзіць плады добрыя. - 19. Усякае дрэва, якое не родзіць плоду добрага,
ссякаюць і кідаюць у агонь. - 20. Дык вось, па пладах іхніх пазнаеце іх.
- 21. Не кожны, хто кажа Мне: "Госпадзі! Госпадзі!"
увойдзе ў Царства Нябеснае,
а той, хто выконвае волю Айца Майго, Які ёсць у нябёсах. - 22. Многія скажуць Мне ў той дзень: "Госпадзі! Госпадзі!
ці не ад Твайго імя мы прарочылі?
і ці не Тваім імем дэманаў выганялі?
і ці не Тваім імем многія цуды ўчынялі?" - 23. І тады абвяшчу ім: "Я ніколі не знаў вас;
адыдзіце ад Мяне, вы, што робіце беззаконне". - 24. Дык вось, кожнага,
хто слухае гэтыя словы Мае і выконвае іх,
параўнаю з мужам разумным,
які збудаваў свой дом на камені; - 25. і паліўся дождж,
і разліліся рэкі,
і падзьмулі вятры,
і рынуліся на той дом;
і ён не ўпаў,
бо закладзены быў на камені. - 26. А кожны,
хто слухае гэтыя словы Мае і не выконвае іх,
падобны будзе да мужа неразважлівага,
які збудаваў свой дом на пяску; - 27. і паліўся дождж,
і разліліся рэкі,
і падзьмулі вятры,
і налеглі на дом той;
і ён абваліўся, і было падзенне яго вялікае. - 28. І сталася, калі Іісус выказаў гэтыя словы,
вельмі здзіўляліся людзі вучэнню Яго, - 29. бо Ён іх вучыў як той, хто мае ўладу,
а не як кніжнікі і фарысеі.
Головна > Бібліотека > Бібліїстика > Переклади Біблії > Переклади Біблії білоруською мовою > Святое Дабравесце (па Беларуску) пераклад Бiблейскай камiсii БПЦ МП > Святое Дабравесце паводле Матфея > Глава 7