- 1. Бо Царства Нябеснае падобнае на гаспадара дома,
які выйшаў на досвітку наняць работнікаў у вінаграднік свой. - 2. І, згадзіўшы работнікаў па дынарыі ў дзень,
паслаў іх у вінаграднік свой. - 3. І выйшаўшы каля трэцяй гадзіны,
ён убачыў іншых,
якія стаялі на рынку без працы, - 4. і ім сказаў: ідзіце і вы ў вінаграднік мой,
і што справядліва будзе, дам вам.
Яны пайшлі. - 5. Зноў выйшаўшы каля шостай і дзевятай гадзіны,
зрабіў тое самае. - 6. А, выйшаўшы каля адзінаццатай гадзіны,
ён знайшоў іншых, якія стаялі без працы,
і кажа ім: што вы тут стаіце цэлы дзень без працы? - 7. Яны кажуць яму: ніхто не наняў нас.
Ён кажа ім: ідзіце і вы ў вінаграднік мой,
і што справядліва будзе, атрымаеце. - 8. А калі звечарэла,
кажа гаспадар вінаградніка наглядчыку свайму:
пакліч работнікаў і аддай ім плату,
пачаўшы з апошніх да першых. - 9. І тыя, што прыйшлі каля адзінаццатай гадзіны,
атрымалі па дынарыі. - 10. Тыя, што прыйшлі першыя, думалі, што болей атрымаюць;
але атрымалі і яны па дынарыі. - 11. І атрымаўшы, пачалі наракаць на гаспадара дома
- 12. і казалі: гэтыя апошнія адну гадзіну працавалі,
і ты зраўняў іх з намі,
а мы ж перанеслі цягату дня і спёку. - 13. А ён у адказ сказаў аднаму з іх:
дружа! я не крыўджу цябе;
ці ж не за дынарый ты дамовіўся са мною? - 14. вазьмі сваё ды ідзі;
я ж хачу гэтаму апошняму даць што і табе; - 15. хіба я не маю ўлады рабіць што хачу ў сваім?
ці вока тваё зайздрослівае ад таго, што я добры? - 16. Так будуць апошнія першымі, і першыя апошнімі;
бо шмат пакліканых, ды мала выбраных. - 17. І, узыходзячы ў Іерусалім,
Іісус адвёў дванаццаць вучняў асобна
і дарогаю сказаў ім: - 18. вось, мы ўзыходзім у Іерусалім,
і Сын Чалавечы, выдадзены будзе першасвятарам і кніжнікам,
і засудзяць Яго на смерць; - 19. і выдадуць Яго язычнікам на ганьбаванне
і біццё
і ўкрыжаванне;
і на трэці дзень уваскрэсне. - 20. Тады прыступіла да Яго
маці сыноў Зевядзеевых з сынамі сваімі,
кланяючыся і чагосьці просячы ўЯго. - 21. Ён жа сказаў ёй: чаго ты хочаш?
Яна кажа Яму: скажы,
каб селі гэтыя два сыны мае
адзін праваруч, а другі леваруч ад Цябе
ў Царстве Тваім. - 22. Іісус сказаў у адказ: не ведаеце, чаго просіце;
ці можаце піць чашу, якую Я буду піць,
альбо хрышчэннем, якім Я хрышчуся хрысціцца?
Яны кажуць Яму: можам. - 23. І кажа ім: чашу Маю будзеце піць,
і хрышчэннем, якім Я хрышчуся, будзеце хрысціцца;
але даць сесці ў Мяне праваруч і леваруч
не ад Мяне залежыць, а каму ўгатавана Айцом Маім. - 24. Пачуўшы гэта, дзесяцера вучняў
абурыліся на двух братоў. - 25. Іісус жа, паклікаўшы іх, сказаў:
вы ведаеце, што князі народаў пануюць над імі,
і вяльможы ўладараць над імі. - 26. Але не так няхай будзе паміж вамі;
а хто хоча між вамі большым быць, няхай будзе вам слугою; - 27. і хто хоча між вамі быць першым, няхай будзе вам рабом;
- 28. бо Сын Чалавечы не прыйшоў, каб Яму служылі,
а каб паслужыць
і аддаць душу Сваю як выкуп за многіх. - 29. І калі выходзілі яны з Іерыхона,
за Ім следам ішло мноства людзей. - 30. І вось, двое сляпых, што сядзелі пры дарозе,
пачуўшы, што Іісус ідзе міма, пачалі крычаць:
памілуй нас, Госпадзе, Сыне Давідаў! - 31. А людзі змушалі іх маўчаць;
але яны яшчэ галасней закрычалі:
памілуй нас, Госпадзе, Сыне Давідаў! - 32. Іісус, спыніўшыся, паклікаў іх і сказаў:
што вы хочаце, каб Я зрабіў вам? - 33. Яны кажуць Яму: Госпадзе! каб адкрыліся вочы нашыя.
- 34. Іісус жа, злітаваўшыся, дакрануўся да вачэй іх;
і адразу вочы іх пачалі бачыць, і яны пайшлі за Ім.
Ничего нет для сопоставления.