< предыдущая глава   следующая глава >
Глава 1 2 3 4 5 6 7 8 9 10 11 12 13 14 15 16 17 18 19 20 21 22 23 24 25 26 27 28

Глава 21

  • Закрыть сопоставления
  • 1. І калі наблізіліся да Іерусаліма
    і прыйшлі ў Віфагію да гары Елеонскай,
    тады Іісус паслаў двух вучняў,
  • 2. сказаўшы ім: ідзіце ў селішча, што проста перад вамі;
    і адразу знойдзеце асліцу прывязаную і асляня з ёю;
    адвязаўшы, прывядзіце да Мяне.
  • 3. І калі вам хто скажа што-небудзь,
    адказвайце, што яны патрэбныя Госпаду;
    і адразу пашле іх.
  • 4. Усё ж гэта было,
    каб збылося сказанае праз прарока,
    які гаворыць:
  • 5. "скажыце дачцэ Сіёнавай:
    вось, Цар твой ідзе да цябе лагодны,
    седзячы на асліцы
    і асляне, сыне пад'ярэмнай".
  • 6. Вучні пайшлі і зрабілі так, як загадаў ім Іісус,
  • 7. прывялі асліцу і асляня
    і паклалі на іх вопратку сваю,
    і Ён сеў паверх яе.
  • 8. Мноства людзей пасцілалі вопратку сваю на дарозе,
    а іншыя рэзалі галіны з дрэў і пасцілалі на дарозе;
  • 9. а люд, які ішоў спераду і следам,
    усклікаў: асанна Сыну Давідаваму!
    Благаславёны Той, Хто прыходзіць ў імя Гасподняе!
    Асанна ў вышніх!
  • 10. І калі ўвайшоў Ён у Іерусалім,
    увесь горад прыйшоў у рух
    і казалі: хто гэта?
  • 11. А люд казаў: Гэта Іісус,
    Прарок з Назарэта Галілейскага.
  • 12. І ўвайшоў Іісус у храм Божы
    і выгнаў усіх тых, што прадавалі і куплялі ў храме,
    і сталы мянялаў перакуліў і ўслоны прадаўцоў галубоў,
  • 13. і сказаў ім: напісана: "дом Мой домам малітвы назавецца";
    а вы зрабілі з яго логава разбойнікаў.
  • 14. І прыступілі да Яго ў храме сляпыя і кульгавыя,
    і Ён ацаліў іх.
  • 15. А першасвятары і кніжнікі, убачыўшы цуды, якія Ён учыніў,
    і дзяцей, якія ўсклікалі ў храме
    і казалі: "асанна Сыну Давідаваму",
    абураліся
  • 16. і сказалі Яму: ці чуеш, што яны кажуць?
    А Іісус кажа ім: так!
    хіба вы ніколі не чыталі:
    "з вуснаў дзетак і немаўлят Ты ўчыніў хвалу?"
  • 17. І пакінуўшы іх,
    выйшаў з горада ў Віфанію
    і правёў там ноч.
  • 18. А раніцай, вяртаючыся ў горад, схацеў есці.
  • 19. І, угледзеўшы пры дарозе адну смакоўніцу, падышоў да яе
    і, нічога на ёй не знайшоўшы, акрамя толькі лісця,
    кажа ёй: няхай не будзе больш ад цябе плоду вавек.
    І адразу ўсохла смакоўніца.
  • 20. Убачыўшы гэта, вучні здзівіліся
    і казалі: як гэта адразу ўсохла смакоўніца?
  • 21. А Іісус сказаў ім у адказ: праўду кажу вам:
    калі будзеце мець веру і не спаняверыцеся,
    не толькі зробіце тое, што зроблена са смакоўніцай,
    але, калі і гары гэтай скажаце: "падыміся і ўвергніся ў мора", —
    будзе;
  • 22. і ўсё, чаго ні папросіце ў малітве з вераю, атрымаеце.
  • 23. І калі прыйшоў Ён у храм і вучыў,
    прыступілі да Яго першасвятары і старэйшыны народу
    і сказалі: якою ўладаю Ты гэта робіш?
    і хто Табе даў такую ўладу?
  • 24. Іісус сказаў ім у адказ: спытаю і Я ў вас адну рэч;
    калі пра тое скажаце Мне,
    і Я вам скажу, якою ўладаю гэта раблю.
  • 25. Хрышчэнне Іаанава адкуль было:
    з нябёсаў, ці ад людзей?
    Яны ж разважалі паміж сабою:
    калі скажам: "з неба",
    дык Ён скажа нам: "чаму ж вы не паверылі яму?"
  • 26. а калі скажам: "ад людзей", —
    баімся народу,
    бо ўсе лічаць Іаана прарокам.
  • 27. І сказалі ў адказ Іісусу: не ведаем.
    Сказаў ім і Ён: і Я вам не скажу, якою ўладаю гэта раблю.
  • 28. А як вам здаецца?
    У аднаго чалавека было два сыны;
    і ён, падышоўшы да першага, сказаў:
    сыне! ідзі, сёння працуй у вінаградніку маім.
  • 29. Але ён сказаў у адказ: "не хачу";
    а пасля, раскаяўшыся, пайшоў.
  • 30. І, падышоўшы да другога, ён сказаў тое самае.
    Гэты сказаў у адказ: "іду, гаспадар".
    І не пайшоў.
  • 31. Каторы з двух выканаў бацькаву волю?
    Кажуць Яму: першы.
    Кажа ім Іісус: праўду кажу вам,
    што мытнікі і распусніцы
    паперад вамі ідуць у Царства Божае.
  • 32. Бо прыйшоў да вас Іаан шляхам праведнасці,
    і вы не паверылі яму,
    а мытнікі і распусніца паверылі яму;
    вы ж, і бачыўшы гэта,
    не раскаяліся пасля, каб паверыць яму.
  • 33. Выслухайце іншую прытчу.
    Быў адзін гаспадар дома, які
    пасадзіў вінаграднік:
    і абнёс агароджаю яго,
    і выкапаў у ім выціскальню
    і збудаваў вежу,
    і аддаў яго вінаградарам,
    і адлучыўся.
  • 34. А калі надышоў час пладоў,
    ён паслаў сваіх рабоў да вінаградараў
    узяць плады свае.
  • 35. Вінаградары, схапіўшы рабоў яго,
    каго набілі,
    каго забілі,
    а каго каменнем пабілі.
  • 36. Зноў паслаў ён іншых рабоў,
    больш чым раней;
    і з імі зрабілі тое самае.
  • 37. Нарэшце паслаў ён да іх сына свайго,
    кажучы: пасаромеюцца сына майго.
  • 38. Але вінаградары, убачыўшы сына,
    сказалі адзін аднаму: гэта спадкаемец;
    хадзем, заб'ем яго і завалодаем спадчынай яго:
  • 39. І схапіўшы яго, вывелі вонкі з вінаградніка і забілі.
  • 40. І вось, калі прыйдзе гаспадар вінаградніка,
    што зробіць ён з гэтымі вінаградарамі?
  • 41. Кажуць Яму: ліхадзеяў гэтых аддасць на лютую смерць,
    а вінаграднік аддасць іншым вінаградарам,
    якія аддаваць будуць яму плады ў свой час.
  • 42. Іісус кажа ім: няўжо вы ніколі не чыталі ў Пісанні:
    "Камень, які адкінулі будаўнікі,
    той самы зрабіўся галавою вугла:
    гэта — ад Госпада, і ёсць дзіўна ў вачах нашых"?
  • 43. Таму кажу вам,
    што адымецца ад вас Царства Божае,
    і дадзена будзе народу, які прыносіць плады яго.
  • 44. І той, хто ўпадзе на гэты камень, разаб'ецца;
    а на каго ён упадзе, таго раздушыць.
  • 45. І чуючы прытчы Яго,
    першасвятары і фарысеі зразумелі,
    што Ён пра іх гаворыць;
  • 46. і намерваліся схапіць Яго;
    але пабаяліся люду,
    бо Яго ўважалі за прарока.
Ничего нет для сопоставления.