< предыдущая глава   следующая глава >
Глава 1 2 3 4 5 6 7 8 9 10 11 12 13 14 15 16 17 18 19 20 21 22 23 24 25 26 27 28

Глава 5

  • Закрыть сопоставления
  • 1. Убачыўшы люд, Ён узышоў на гару;
    і калі сеў, прыступілі да Яго вучні Ягоныя.
  • 2. I, адкрыўшы вусны Свае,
    Ён вучыў іх, кажучы:
  • 3. Блажэнныя ўбогія духам,
    бо іх ёсць Царства Нябеснае.
  • 4. Блажэнныя тыя, што плачуць,
    бо яны суцешацца.
  • 5. Блажэнныя лагодныя,
    бо яны ўспадкуюць зямлю.
  • 6. Блажэнныя тыя, хто жадае і прагне праўды,
    бо яны спатоляцца.
  • 7. Блажэнныя міласэрныя,
    бо яны памілаваны будуць.
  • 8. Блажэнныя чыстыя сэрцам,
    бо яны Бога ўбачаць.
  • 9. Блажэнныя міратворцы,
    бо яны сынамі Божымі назавуцца.
  • 10. Блажэнныя гнаныя за праўду,
    бо іх ёсць Царства Нябеснае.
  • 11. Блажэнныя вы, калі будуць вас ганьбіць і гнаць
    і ўсякім словам ліхім несправядліва зневажаць за Мяне.
  • 12. Радуйцеся і весяліцеся,
    бо ўзнагарода ваша вялікая на нябёсах:
    так гналі прарокаў, што былі перад вамі.
  • 13. Вы — соль зямлі.
    Калі ж соль страціць сілу, то чым паправіць яе?
    Яна ўжо ні на што не прыдатная,
    хіба што выкінуць яе прэч на патаптанне людзям.
  • 14. Вы — святло свету:
    не можа схавацца горад, які стаіць на гары.
  • 15. І запаліўшы свечку,
    не ставяць яе пад пасудзінаю, а на падсвечніку,
    і свеціць усім, хто ў доме.
  • 16. Так няхай свеціць святло ваша перад людзьмі,
    каб яны бачылі вашыя добрыя ўчынкі
    і ўслаўлялі Айца вашага, Які ёсць у нябёсах.
  • 17. Не думайце, што Я прыйшоў парушыць закон,
    альбо прарокаў: не парушыць прыйшоў Я, а здзейсніць.
  • 18. Бо праўду кажу вам:
    пакуль не мінецца неба і зямля,
    ані ёта адна,
    ані рыска адзіная не мінецца з закона,
    пакуль не збудзецца ўсё.
  • 19. Дык вось,
    хто парушыць адну з запаведзяў гэтых найменшых
    і навучыць гэтак людзей,
    той найменшым назавецца ў Царстве Нябесным;
    а хто выканае і навучыць,
    той вялікім назавецца ў Царстве Нябесным.
  • 20. Бо, кажу вам, калі праведнасць ваша
    не перавысіць праведнасці кніжнікаў і фарысеяў,
    дык не ўвойдзеце вы ў Царства Нябеснае.
  • 21. Вы чулі,
    што сказана продкам: "Не забівай;
    а хто заб'е, падпадае суду".
  • 22. А Я кажу вам,
    што кожны, хто гневаецца на брата свайго марна, падпадае суду;
    хто ж бо скажа брату свайму "рака", падпадае сінедрыёну;
    а хто скажа "неразумны", падпадае геене вогненнай.
  • 23. Дык вось, калі ты прынясеш дар твой да ахвярніка
    і ўспомніш там, што брат твой мае нешта супроць цябе,
  • 24. пакінь там дар твой перад ахвярнікам,
    і ідзі спярша памірыся з братам тваім,
    і тады прыйдзі і прынясі дар твой.
  • 25. Мірыся з праціўнікам тваім хутчэй,
    пакуль ты яшчэ ў дарозе з ім,
    каб не аддаў цябе праціўнік суддзі,
    а суддзя не аддаў цябе слузе,
    і не кінулі цябе ў цямніцу;
  • 26. праўду кажу табе: не выйдзеш адтуль,
    пакуль не аддасі апошняга кадранта.
  • 27. Вы чулі,
    што сказана продкам: "Не чыні пералюбу".
  • 28. А я вам кажу,
    што кожны, хто глядзіць на жанчыну з пажадаю,
    ужо ўчыніў пералюб з ёю ў сэрцы сваім.
  • 29. Калі ж правае вока тваё спакушае цябе,
    вырві яго і кінь ад сябе;
    бо лепей табе, каб загінуў адзін з членаў тваіх,
    а не ўсё цела тваё было ўкінута ў геену.
  • 30. І калі правая твая рука спакушае цябе,
    адатні яе і кінь ад сябе;
    бо лепей табе, каб загінуў адзін з членаў тваіх,
    а не ўсё цела тваё было ўкінута ў геену.
  • 31. Сказана таксама, што, калі хто развядзецца з жонкаю сваёю,
    няхай дасць ёй разводны ліст.
  • 32. А Я вам кажу:
    кожны, хто разводзіцца з жонкаю сваёю,
    акрамя як з прычыны распусты,
    той даводзіць яе да пралюбадзейства;
    і хто ажэніцца з разведзенай, той пралюбадзейнічае.
  • 33. Зноў жа чулі вы,
    што сказана продкам: "Не давай ілжывай прысягі,
    а выконвай перад Госпадам прысягі твае".
  • 34. А Я вам кажу:
    не прысягай зусім:
    ні небам, бо яно — Прастол Божы;
  • 35. ні зямлёю, бо яна падножжа нагам Яго;
    ні Іерусалімам, бо ён горад Вялікага Цара;
  • 36. ні галавою тваёю не прысягай,
    бо не можаш ніводнай валасінкі зрабіць белаю альбо чорнаю.
  • 37. А няхай будзе слова ваша: "так - так", "не - не";
    а што звыш гэтага, тое ад ліхога.
  • 38. Вы чулі,
    што сказана: "Вока за вока, і зуб за зуб".
  • 39. А Я кажу вам не працівіцца злому.
    А калі хто цябе ўдарыць па правай шчацэ тваёй,
    падстаў яму і другую;
  • 40. і калі хто захоча судзіцца з табою
    і ўзяць у цябе сарочку,
    аддай яму і вопратку;
  • 41. і калі хто цябе змусіць ісці з ім адно попрышча,
    ідзі за ім два.
  • 42. Таму, хто просіць у цябе, дай
    і ад таго, хто хоча пазычыць у цябе, не адварочвайся.
  • 43. Вы чулі, што сказана:
    "Любі блізкага твайго і ненавідзь ворага твайго".
  • 44. А Я кажу вам: любіце ворагаў вашых,
    благаслаўляйце тых, што праклінаюць вас,
    рабіце дабро тым, што ненавідзяць вас
    і маліцеся за тых, што крыўдзяць вас і гоняць вас;
  • 45. і будзеце вы сынамі Айца вашага, Які ёсць у нябёсах;
    бо Ён загадвае сонцу Свайму ўзыходзіць над ліхімі і добрымі
    і пасылае дождж на праведных і няправедных.
  • 46. Бо, калі вы будзеце любіць тых, што любяць вас,
    якая вам узнагарода?
    Ці не тое ж самае робяць і мытнікі?
  • 47. І калі вы вітаеце братоў вашых толькі,
    што асаблівага робіце?
    Ці не тое ж самае робяць і язычнікі?
  • 48. Дык вось, будзьце дасканалыя,
    як дасканалы Анцец ваш Нябесны.
Ничего нет для сопоставления.