< предыдущая глава   следующая глава >
Глава 1 2 3 4 5 6 7 8 9 10 11 12 13 14 15 16 17 18 19 20 21 22 23 24 25 26 27 28

Глава 7

  • Закрыть сопоставления
  • 1. Не судзіце, каб і вас не судзілі;
  • 2. бо якім судом судзіце, такім вас судзіць будуць;
    і якою мераю мераеце, такою і вам адмераецца.
  • 3. І што ты глядзіш на парушынку ў воку брата твайго,
    а бервяна ў тваім воку не заўважаеш?
  • 4. Альбо, як скажаш брату свайму:
    "Дай, я выму парушынку з вока твайго";
    а вось у тваім воку бервяно?
  • 5. Крывадушнік!
    вымі спачатку бервяно са свайго вока,
    і тады ўбачыш, як выняць парушынку з вока брата твайго.
  • 6. Не давайце святога сабакам
    і не кідайце перлаў вашых перад свіннямі,
    каб яны не стапталі іх нагамі сваімі
    і, абярнуўшыся, не разарвалі вас.
  • 7. Прасіце, і дадзена будзе вам;
    шукайце, і знойдзеце;
    стукайцеся, і адчыняць вам;
  • 8. бо кожны, хто просіць, атрымлівае,
    і, хто шукае, знаходзіць,
    і, хто стукаецца, таму адчыняць.
  • 9. Ці ёсць сярод вас такі чалавек,
    які, калі папросіць сын ягоны ў яго хлеба,
    камень падаў бы яму?
  • 10. і калі рыбы папросіць,
    змяю падаў бы яму?
  • 11. Дык вось, калі вы, ліхія,
    умееце дары добрыя даваць вашым дзецям,
    тым болей Айцец ваш, Які ёсць у нябёсах,
    дасць даброты тым, хто просіць у Яго.
  • 12. І вось усё, што хочаце, каб рабілі вам людзі,
    тое і вы рабіце ім;
    бо ў гэтым закон і прарокі.
  • 13. Уваходзьце вузкімі варотамі;
    бо шырокія вароты і прасторная дарога вядуць у пагібель,
    і многія ідуць імі;
  • 14. бо вузкія вароты і цесная дарога вядуць у жыццё,
    і нямногія знаходзяць іх.
  • 15. Пільнуйцеся ад ілжывых прарокаў,
    якія прыходзяць да вас у авечай адзежы,
    а ўсярэдзіне — ваўкі драпежныя;
  • 16. па іхніх пладах пазнаеце іх.
    Ці ж збіраюць з цярноўніку вінаград,
    альбо з дзядоўніку смоквы?
  • 17. Так усякае добрае дрэва родзіць і плады добрыя,
    а кепскае дрэва родзіць і плады кепскія:
  • 18. не можа добрае дрэва радзіць кепскія плады,
    ні дрэва кепскае радзіць плады добрыя.
  • 19. Усякае дрэва, якое не родзіць плоду добрага,
    ссякаюць і кідаюць у агонь.
  • 20. Дык вось, па пладах іхніх пазнаеце іх.
  • 21. Не кожны, хто кажа Мне: "Госпадзі! Госпадзі!"
    увойдзе ў Царства Нябеснае,
    а той, хто выконвае волю Айца Майго, Які ёсць у нябёсах.
  • 22. Многія скажуць Мне ў той дзень: "Госпадзі! Госпадзі!
    ці не ад Твайго імя мы прарочылі?
    і ці не Тваім імем дэманаў выганялі?
    і ці не Тваім імем многія цуды ўчынялі?"
  • 23. І тады абвяшчу ім: "Я ніколі не знаў вас;
    адыдзіце ад Мяне, вы, што робіце беззаконне".
  • 24. Дык вось, кожнага,
    хто слухае гэтыя словы Мае і выконвае іх,
    параўнаю з мужам разумным,
    які збудаваў свой дом на камені;
  • 25. і паліўся дождж,
    і разліліся рэкі,
    і падзьмулі вятры,
    і рынуліся на той дом;
    і ён не ўпаў,
    бо закладзены быў на камені.
  • 26. А кожны,
    хто слухае гэтыя словы Мае і не выконвае іх,
    падобны будзе да мужа неразважлівага,
    які збудаваў свой дом на пяску;
  • 27. і паліўся дождж,
    і разліліся рэкі,
    і падзьмулі вятры,
    і налеглі на дом той;
    і ён абваліўся, і было падзенне яго вялікае.
  • 28. І сталася, калі Іісус выказаў гэтыя словы,
    вельмі здзіўляліся людзі вучэнню Яго,
  • 29. бо Ён іх вучыў як той, хто мае ўладу,
    а не як кніжнікі і фарысеі.
Ничего нет для сопоставления.