- 1. Тады ўпадобніцца Царства Нябеснае дзесяці дзевам,
якія, узяўшы свяцільнікі свае,
выйшлі сустрэць жаніха; - 2. пяць з іх было неразумных пяць мудрых;
- 3. неразумныя, узяўшы свяцільнікі свае,
не ўзялі з сабою алею; - 4. а мудрыя
узялі алею ў пасудзінах разам з свяцільнікамі сваімі; - 5. і калі жаніх замарудзіўся,
дык задрамалі ўсе і паснулі. - 6. Але апоўначы крык пачуўся: "вось, жаніх ідзе,
выходзьце на сустрэчу яму". - 7. Тады ўсталі ўсе дзевы тыя
і паправілі свяцільнікі свае. - 8. А неразумныя мудрым сказалі:
"дайце нам алею вашага,
бо свяцільнікі нашыя гаснуць". - 9. А мудрыя сказалі ў адказ:
"каб не сталася недахопу і ў нас і ў вас,
ідзіце лепей да прадаўцоў і купіце сабе". - 10. Калі ж пайшлі яны купляць, прыйшоў жаніх,
і гатовыя ўвайшлі з ім на вяселле,
і зачыніліся дзверы. - 11. Пасля прыходзяць і астатнія дзевы
і кажуць: "пане! пане! адчыні нам". - 12. Ён жа сказаў ім у адказ:
"праўду кажу вам: не ведаю вас". - 13. Дык вось, чувайце;
бо не ведаеце ні дня, ні гадзіны,
у якую прыйдзе Сын Чалавечы. - 14. Гэтак і чалавек нейкі, адыходзячы,
заклікаў рабоў сваіх і даручыў ім маёмасць сваю: - 15. і аднаму даў пяць талантаў,
другому два,
іншаму адзін,
кожнаму паводле яго сілы;
і адразу адышоў. - 16. Той, хто атрымаў пяць талантаў,
пайшоў: уклаў іх у справу
і набыў другія пяць; - 17. гэтак сама і той з двума набыў другія два;
- 18. а той, хто атрымаў адзін талант,
пайшоў і закапаў яго ў зямлю
і схаваў серабро гаспадара свайго. - 19. Па доўгім часе прыходзіць гаспадар рабоў тых
і зводзіць з імі рахунак. - 20. І той,
хто атрымаў пяць талантаў,
падышоўшы, прынёс другія пяць талантаў
і кажа: "Гаспадар! пяць талантаў ты даў мне;
вось, другія пяць талантаў я набыў на іх". - 21. Сказаў жа яму гаспадар яго: "добра, раб добры і верны!
у малым ты быў верны,
над многім цябе пастаўлю;
увайдзі ў радасць гаспадара твайго". - 22. Падышоў таксама і той, што атрымаў два таланты,
і сказаў: "гаспадар! два таланты ты даў мне;
вось, другія два таланты набыў я на іх". - 23. Сказаў жа яму гаспадар яго: "добра, раб добры і верны!
у малым ты быў верны,
над многім цябе пастаўлю;
увайдзі ў радасць гаспадара твайго". - 24. Падышоў і той, што атрымаў адзін талант,
і сказаў: "гаспадар! я ведаў цябе, што ты чалавек жорсткі,
жнеш, дзе не сеяў,
і збіраеш, дзе не рассыпаў; - 25. і пабаяўшыся,
пайшоў і схаваў талант твой у зямлі;
вось табе тваё". - 26. Гаспадар жа ягоны сказаў яму ў адказ: "ліхі раб і гультай!
ты ведаў, што я жну, дзе не сеяў,
і збіраю, дзе не рассыпаў; - 27. таму трэба было табе аддаць серабро маё гандлярам,
і я, прыйшоўшы, атрымаў бы маё з прыбыткам. - 28. Дык вось вазьміце ў яго талант
і дайце таму, хто мае дзесяць талантаў, - 29. бо кожнаму, хто мае, дасца і памножыцца,
а ў таго, хто не мае, адымецца і тое, што мае; - 30. а нягоднага раба выкіньце ў цемру вонкавую:
там будзе плач і скрыгат зубоў".
(Сказаўшы гэта, усклікнуў:
хто мае вушы, каб чуць, няхай чуе!) - 31. Калі ж прыйдзе Сын Чалавечы ў славе Сваёй
і ўсе святыя Ангелы з Ім,
тады сядзе на прастоле славы Сваёй, - 32. і збяруцца перад Ім усе народы;
і аддзеліць адных ад другіх,
як пастух аддзяляе авечак ад казлоў; - 33. і паставіць авечак праваруч ад Сябе,
а казлоў — леваруч. - 34. Тады скажа Цар тым, якія праваруч ад Яго:
"Прыйдзіце, благаславёныя Айца Майго,
прыміце ў спадчыну Царства, угатаванае вам ад стварэння свету: - 35. бо быў галодны Я, і вы далі Мне есці;
быў сасмяглы, і вы напаілі Мяне;
быў падарожны, і вы прынялі Мяне; - 36. быў голы, і вы адзелі Мяне;
быў хворы, і вы адведалі Мяне;
у цямніцы быў, і вы прыйшлі да Мяне. - 37. Тады праведнікі скажуць Яму ў адказ:
"Госпадзе! калі мы бачылі Цябе галоднага і накармілі?
альбо сасмяглага і напаілі? - 38. калі ж мы бачылі Цябе падарожнага і прынялі?
альбо голага і адзелі? - 39. калі ж мы бачылі Цябе хворага, альбо ў цямніцы,
і прыйшлі да цябе?" - 40. І Цар скажа ім у адказ: "праўду кажу вам:
як што зрабілі вы гэта аднаму з братоў Маіх меншых,
дык зрабілі Мне". - 41. Тады скажа і тым, якія леваруч ад яго:
"ідзіце ад Мяне, праклятыя, у агонь вечны,
угатаваны дыявалу і ангелам яго: - 42. бо быў галодны Я, вы не далі Мне есці;
быў сасмяглы, і вы не напаілі Мяне; - 43. быў падарожны, і не прынялі Мяне;
быў голы, і не адзелі Мяне;
хворы і ў цямніцы, і не адведалі Мяне". - 44. Тады і яны скажуць Яму ў адказ: "Госпадзе,
калі мы бачылі Цябе галоднага,
альбо сасмяглага,
альбо падарожнага,
альбо голага,
альбо хворага,
альбо ў цямніцы,
і не паслужылі Табе?" - 45. Тады скажа ім у адказ: "праўду кажу вам:
як што вы не зрабілі гэтага аднаму з гэтых меншых,
дык не зрабілі Мне". - 46. І пойдуць гэтыя на пакуты вечныя,
а праведнікі ў жыццё вечнае.
Ничего нет для сопоставления.