- 1. І сталася ў тыя дні:
выйшаў указ ад кесара Аўгуста
зрабіць перапіс па ўсёй зямлі. - 2. Гэта быў першы перапіс, калі Сірыяй правіў Квірыній.
- 3. І ўсе ішлі запісвацца, кожны ў свой горад.
- 4. Пайшоў таксама і Іосіф з Галілеі,
з горада Назарэта, у Іудзею,
у горад Давідаў, які называецца Віфлеем,
бо ён быў з дому і роду Давідавага, - 5. запісацца з Марыяй, заручонай з ім Жонкай,
Якая была цяжарная. - 6. І сталася: калі яны былі там,
споўніліся дні, каб радзіць Ёй; - 7. і нарадзіла Сына Свайго Першынца,
і спавіла Яго,
і паклала Яго ў яслях,
бо не было ім месца ў гасцініцы. - 8. У той краіне былі пастухі,
што пільнавалі і неслі начную варту каля статку свайго. - 9. І вось Ангел Гасподні стаў перад імі,
і слава Гасподня азарыла іх;
і напоўніліся страхам вялікім. - 10. І сказаў ім Ангел: не бойцеся,
бо вось абвяшчаю вам радасць вялікую,
якая будзе ўсяму народу: - 11. нарадзіўся вам сёння ў горадзе Давідавым Збавіцель,
Які ёсць Хрыстос Гасподзь; - 12. і вось вам знак:
вы знойдзеце Дзіцятка спавітае, што ляжыць у яслях. - 13. І раптам з‘явілася з Ангелам шматлікае воінства нябеснае,
усхваляючы Госпада і прамаўляючы: - 14. слава ў вышніх Богу і на зямлі мір,
у людзях добрая воля. - 15. І сталася: калі адышлі ад іх Ангелы на неба,
людзі-пастухі казалі адзін аднаму:
пойдзем у Віфлеем і паглядзім тое,
што адбылося, пра што Гасподзь абвясціў нам. - 16. І, спяшаючыся, прыйшлі,
і знайшлі Марыю і Іосіфа,
і Дзіцятка, што ляжала ў яслях. - 17. Убачыўшы ж, абвясцілі тое,
што было сказана ім пра гэтае Дзіця. - 18. І ўсе, хто чуў, здзіўляліся таму, што казалі ім пастухі.
- 19. А Марыя захоўвала ўсе словы гэтыя,
складаючы ў сэрцы Сваім. - 20. І вярнуліся пастухі, славячы і хвалячы Бога
за ўсё, што пачулі і ўбачылі,
як было сказана ім. - 21. І калі споўнілася восем дзён,
каб абрэзаць Дзіця,
далі імя Яму Іісус,
названае Ангелам перш, чым Ён зачаты быў ва ўлонні. - 22. І калі споўніліся дні ачышчэння іх паводле закону Маісеевага,
прынеслі Яго ў Іерусалім, каб прадставіць Яго Госпаду, — - 23. як напісана ў законе Гасподнім:
каб кожнае дзіця мужчынскага полу, што раскрывае ўлонне,
было пасвячона Госпаду, — - 24. і каб прынесці ахвяру паводле
сказанага ў законе Гасподнім:
пару горліц або дваіх птушанят галубіных. - 25. І вось, быў у Іерусаліме чалавек, імя якому Сімяон.
І чалавек гэты, праведны і богабаязны,
чакаў суцяшэння Ізраіля,
і Дух Святы быў на ім. - 26. І было яму прадвешчана Духам Святым,
што ён не ўбачыць смерці,
пакуль не ўбачыць Хрыста Гасподняга. - 27. І прыйшоў ён у Духу ў храм.
І калі бацькі прынеслі Дзіця Іісуса,
каб выканаць над Ім устаноўленае па закону, - 28. ён узяў Яго на рукі,
благаславіў Бога і сказаў: - 29. цяпер адпускаеш раба Твайго, Уладыка,
паводле слова Твайго, з мірам; - 30. бо бачылі вочы мае збаўленне Тваё,
- 31. якое Ты ўгатаваў перад абліччам усіх народаў,
- 32. святло для асветы язычнікаў і славу народа Твайго Ізраіля.
- 33. Іосіф жа і Маці Яго здзіўляліся сказанаму пра Яго.
- 34. І благаславіў іх Сімяон
і сказаў Марыі, Маці Яго:
вось, Ён ляжыць для падзення і паўстання многіх у Ізраілі
і на знаменне супярэчання, — - 35. і Табе Самой душу пратне меч, —
каб адкрыліся многіх сэрцаў помыслы. - 36. І была Анна прарочыца,
дачка Фануілава, з калена Асіравага,
якая дасягнула глыбокай старасці,
пражыўшы з мужам сем год ад дзявоцтва свайго, - 37. удава гадоў васьмідзесяці чатырох,
якая не адыходзіла ад храма,
пастамі і малітвамі служачы Богу дзень і ноч. - 38. І яна ў той самы час падышоўшы, славіла Госпада
і гаварыла пра Яго ўсім, хто чакаў збаўлення ў Іерусаліме. - 39. І калі выканалі яны ўсё паводле Закону Гасподняга,
вярнуліся ў Галілею, у горад свой Назарэт. - 40. Дзіця ж расло
і ўмацоўвалася духам, напаўняючыся мудрасцю,
і благадаць Божая была на Ім. - 41. І хадзілі бацькі Яго штогод у Іерусалім на свята Пасхі.
- 42. І калі Яму было дванаццаць гадоў,
узышлі яны ў Іерусалім, паводле звычаю свята, - 43. і правялі тыя дні;
і калі вярталіся яны, застаўся Хлопчык Іісус у Іерусаліме;
і не ведалі Іосіф і Маці Яго; - 44. думаючы, што Ён разам са спадарожнымі,
прайшлі яны дзённы шлях;
і сталі шукаць Яго сярод сваякоў і знаёмых; - 45. і не знайшоўшы Яго,
вярнуліся ў Іерусалім, шукаючы Яго. - 46. І сталася: праз тры дні знайшлі Яго ў храме,
калі сядзеў Ён сярод настаўнікаў,
слухаў іх і пытаўся ў іх; - 47. і дзівіліся ўсе, хто слухаў Яго, розуму і адказам Яго.
- 48. І ўбачыўшы Яго, яны вельмі здзівіліся,
і Маці Яго сказала Яму: Дзіця! чаму Ты зрабіў нам так?
Вось, бацька Твой і Я, пакутуючы, шукалі Цябе. - 49. І сказаў Ён ім: чаго ж вы шукалі Мяне?
хіба вы не ведалі,
што Я павінен быць у тым, што належыць Айцу Майму? - 50. Але яны не зразумелі слова, якое Ён казаў ім.
- 51. І Ён пайшоў з імі, і прыйшоў у Назарэт;
і быў паслухмяны ім.
І Маці Яго захоўвала ўсе словы гэтыя ў сэрцы Сваім. - 52. А Іісус узрастаў у мудрасці і гадах,
і ў любві ў Бога і ў людзей.
Головна > Бібліотека > Бібліїстика > Переклади Біблії > Переклади Біблії білоруською мовою > Святое Дабравесце (па Беларуску) пераклад Бiблейскай камiсii БПЦ МП > Святое Дабравесце паводле Лукi > Глава 2