Глава 14

  • 1. І сталася: калі Ён у суботу
    ўвайшоў у дом аднаго з начальнікаў фарысейскіх паесці хлеба,
    і яны сачылі за Ім;
  • 2. і вось, нейкі чалавек,
    хворы на вадзянку, быў перад Ім.
  • 3. І, азваўшыся, Іісус прамовіў да законнікаў і фарысеяў,
    кажучы: ці дазваляецца ў суботу ацаляць?
  • 4. Яны ж прамаўчалі.
    І, дакрануўшыся, Ён ацаліў яго і адпусціў.
  • 5. А звярнуўшыся да іх, сказаў:
    калі ў каго з вас асёл або вол упадзе ў калодзеж,
    ці не адразу той выцягне яго ў дзень суботні?
  • 6. І яны не змаглі адказаць Яму на гэта.
  • 7. Казаў жа запрошаным прытчу,
    убачыўшы, як яны выбіраюць сабе першыя месцы, гаворачы да іх:
  • 8. калі ты будзеш пакліканы кім-небудзь на вяселле,
    не ўзлягай на першае месца,
    каб не аказаўся хто пачэснейшы за цябе запрошаны ім,
  • 9. і той, хто паклікаў цябе і яго,
    каб не падышоў ды не сказаў табе: "дай яму месца",
    і тады з сорамам пачнеш займаць апошняе месца.
  • 10. Але калі будзеш пакліканы,
    прыйшоўшы, узлягай на апошняе месца,
    каб той, хто паклікаў цябе,
    падышоўшы, сказаў табе: "дружа, перайдзі вышэй",
    тады будзе табе гонар перад тымі, хто ўзляжыць з табою;
  • 11. бо кожны, хто ўзвышае сябе, будзе прыніжаны,
    а хто прыніжае сябе, будзе узвышаны.
  • 12. Казаў жа і таму, хто Яго запрасіў:
    калі ты будзеш даваць абед ці вячэру,
    не кліч сяброў тваіх, ні братоў тваіх,
    ні тваіх сваякоў, ні суседзяў багатых дзеля таго,
    каб і яны цябе таксама паклікалі і была табе адплата.
  • 13. Але калі робіш гасціну,
    кліч убогіх, калек, кульгавых, сляпых,
  • 14. і блажэнны будзеш, бо яны не маюць, чым адплаціць табе,
    адплачана ж табе будзе пры ўваскрасенні праведных.
  • 15. Пачуўшы гэта,
    нехта з тых, што ўзляжалі з Ім, сказаў Яму:
    блажэнны, хто будзе есці абед у Царстве Божым!
  • 16. Ён жа сказаў яму:
    адзін чалавек рабіў вялікую вячэру і паклікаў многіх;
  • 17. і паслаў раба свайго ў час вячэры
    сказаць пакліканым: прыходзьце,
    бо ўжо гатова ўсё.
  • 18. І пачалі ўсе, як адзін, прасіць прабачэння.
    Першы сказаў яму: я купіў поле,
    і мне трэба пайсці паглядзець яго;
    прашу цябе, прабач мне.
  • 19. І другі сказаў: я купіў пяць пар валоў,
    і іду выпрабоўваць іх;
    прашу цябе, прабач мне.
  • 20. І іншы сказаў: я ажаніўся і таму не магу прыйсці.
  • 21. І, прыйшоўшы, раб той паведаміў гаспадару свайму гэта.
    Тады, разгневаўшыся, гаспадар дома сказаў рабу свайму:
    выйдзі хутчэй на вуліцы і завулкі горада
    і прывядзі сюды ўбогіх і калек, і сляпых, і кульгавых.
  • 22. І сказаў раб: гаспадар! зроблена, як ты загадаў,
    і яшчэ месца ёсць.
  • 23. І сказаў гаспадар рабу: выйдзі да дарог і загарадзяў
    і ўгавары прыйсці, каб напоўніўся дом мой.
  • 24. Бо кажу вам,
    што ніхто з тых людзей пакліканых не пакаштуе маёй вячэры,
    бо многа пакліканых, але мала выбраных.
  • 25. Ішло з Ім мноства людзей,
    і Ён, абярнуўшыся, сказаў ім:
  • 26. калі хто прыходзіць да Мяне,
    і не зненавідзіць бацьку свайго і маці,
    і жонку і дзяцей, і братоў і сясцёр,
    а яшчэ і жыццё сваё,
    той не можа быць Маім вучнем;
  • 27. і хто не нясе крыжа свайго і ідзе за Мною,
    не можа быць Маім вучнем.
  • 28. Бо хто з вас, жадаючы пабудаваць вежу,
    перш не сядзе і не палічыць выдаткі,
    ці мае ён патрэбнае для завяршэння,
  • 29. каб, калі пакладзе падмурак і не здолее дакончыць,
    усе, хто пабачыць, не пачалі смяяцца з яго,
  • 30. кажучы: гэты чалавек пачаў будаваць і не здолеў дакончыць?
  • 31. Або які цар, ідучы, каб з другім царом уступіць у вайну,
    не сядзе перш параіцца,
    ці зможа ён з дзесяццю тысячамі
    сустрэць таго, хто ідзе на яго з дваццаццю тысячамі?
  • 32. Бо калі не, то пакуль той яшчэ далёка,
    ён пашле пасольства да яго прасіць міру.
  • 33. Гэтак і кожны з вас,
    хто не адрачэцца ад усяго, што мае,
    не можа быць Маім вучнем.
  • 34. Добрая рэч — соль,
    але калі соль страціць сілу, чым паправіць яе?
  • 35. Ні ў зямлю, ні ў гной яна непрыдатная:
    вон выкідаюць яе.
    Хто мае вушы, каб чуць, няхай чуе!