Глава 3

  • 1. У пятнаццаты ж год праўлення кесара Тыверыя,
    калі Понцій Пілат быў намеснікам у Іудзеі,
    Ірад быў тэтрархам у Галілеі,
    а Філіп, брат яго
    тэтрархам у Ітурэі і Траханіцкай зямлі,
    а Лісаній тэтрархам у Авілінеі,
  • 2. пры першасвятарах Анне і Каіафе,
    было слова Божае да Іаана, сына Захарыі,
    у пустыні.
  • 3. І прайшоў ён усё наваколле Іарданскае,
    прапаведуючы хрышчэнне пакаяння дзеля адпушчэння грахоў,
  • 4. як напісана ў кнізе слоў Ісаіі прарока:
    "голас таго, хто кліча ў пустыні:
    падрыхтуйце шлях Госпаду,
    простымі зрабіце сцежкі Яму;
  • 5. кожны дол няхай напоўніцца,
    і кожная гара і ўзгорак няхай панізяцца,
    і крывое няхай выпрастаецца,
    і няроўныя дарогі стануць гладкімі,
  • 6. і ўбачыць кожная плоць збаўленне Божае".
  • 7. І вось сказаў народу, які прыходзіў хрысціцца ад яго:
    адроддзе яхідніна!
    хто намовіў вас уцякаць ад будучага гневу?
  • 8. Прынясіце ж годныя плады пакаяння і не думайце гаварыць самі сабе: "бацька ў нас Аўраам";
    бо кажу вам, што Бог можа з камянёў гэтых узвесці дзяцей Аўрааму.
  • 9. Ужо і сякера пры корані дрэў ляжыць:
    бо ўсякае дрэва, якое не родзіць добрага плоду,
    ссякаюць і кідаюць у агонь.
  • 10. І пытаўся ў яго народ, кажучы: што ж рабіць нам?
  • 11. Ён жа гаворыць ім у адказ:
    хто мае дзве кашулі, няхай дасць таму, хто не мае,
    і хто мае ежу, няхай зробіць гэтаксама.
  • 12. Прыйшлі і мытнікі хрысціцца ад яго
    і сказалі яму: настаўнік! што нам рабіць?
  • 13. А ён сказаў ім: нічога больш за вызначанае вам не спаганяйце.
  • 14. Пыталіся ў яго таксама і воіны, гаворачы: а нам што рабіць?
    І сказаў ім: не чыніце крыўды нікому, не даносьце
    і задавальняйцеся платай сваёй.
  • 15. Калі ж народ быў у чаканні
    і ўсе разважалі ў сэрцах сваіх пра Іаана,
    ці не Хрыстос ён, —
  • 16. адказаў Іаан усім, гаворачы: я вадою хрышчу вас,
    але ідзе Мацнейшы за мяне,
    у Якога я няварты развязаць рамень абутку Яго;
    Ён будзе хрысціць вас Духам Святым і агнём.
  • 17. Лапата Яго ў руцэ Яго,
    і Ён ачысціць гумно Сваё,
    і збярэ пшаніцу ў жытніцу сваю,
    а мякіну спаліць агнём непагасным.
  • 18. І многа ў чым іншым настаўляючы, дабравесціў ён народу.
  • 19. А Ірад тэтрарх,
    выкрываны ім за Ірадыяду, жонку Філіпа, брата свайго,
    і за ўсё ліхое, што зрабіў Ірад,
  • 20. дадаў да ўсяго яшчэ і тое,
    што зачыніў Іаана ў цямніцы.
  • 21. І сталася: калі хрысціўся ўвесь народ,
    і Іісус, ахрысціўшыся, маліўся,
    раскрылася неба,
  • 22. і сышоў на Яго Дух Святы ў цялесным выглядзе, як голуб,
    і голас быў з неба, які прамовіў: Ты Сын Мой Узлюблены,
    Цябе Я ўпадабаў.
  • 23. А Сам Іісус меў гадоў трыццаць,
    калі распачынаў, і быў, як думалі, Сын Іосіфаў, Іліеў,
  • 24. Матфатаў, Левіеў, Мелхіеў, Іанаеў, Іосіфаў,
  • 25. Матафіеў, Амосаў, Наумаў, Еслімаў, Наггееў,
  • 26. Маафаў, Матафіеў, Семеіеў, Іосіфаў, Іудаў,
  • 27. Іаананаў, Рысаеў, Зарававелеў, Салафіілеў, Нірыеў,
  • 28. Мелхіеў, Аддзіеў, Касамаў, Елмадамаў, Іраў,
  • 29. Іасіеў, Еліезераў, Іарымаў, Матфатаў, Левіеў,
  • 30. Сімяонаў, Іудаў, Іосіфаў, Іананаў, Еліакімаў,
  • 31. Мелеаеў, Маінанаў, Маттафаеў, Нафанаў, Давідаў,
  • 32. Іесееў, Авідаў, Ваозаў, Салмонаў, Наасонаў,
  • 33. Амінадаваў, Арамаў, Есромаў, Фарэсаў, Іудаў,
  • 34. Іакаваў, Ісаакаў, Аўраамаў, Фараў, Нахораў,
  • 35. Серухаў, Рагаваў, Фалекаў, Евераў, Салаў,
  • 36. Каінанаў, Арфаксадаў, Сімаў, Ноеў, Ламехаў,
  • 37. Мафусалаў, Енохаў, Іарэдаў, Малелеілаў, Каінанаў,
  • 38. Еносаў, Сіфаў, Адамаў, Божы.