Глава 23

  • 1. І ўстала ўсё мноства іх,
    і павялі Яго да Пілата,
  • 2. І пачалі абвінавачваць Яго,
    гаворачы: мы выявілі, што Ён падбухторвае народ наш
    і забараняе даваць падатак кесару,
    называючы Сябе Хрыстом Царом.
  • 3. Пілат запытаў Яго, кажучы: Ты Цар Іудзейскі?
    Ён жа сказаў Яму ў адказ: ты кажаш.
  • 4. І Пілат сказаў першасвятарам і народу:
    я не знаходжу ніякай віны ў Гэтым Чалавеку.
  • 5. Але яны настойвалі,
    кажучы, што Ён бунтуе народ, навучаючы па ўсёй Іудзеі,
    пачаўшы з Галілеі аж дасюль.
  • 6. Пілат жа, пачуўшы пра Галілею,
    спытаўся: хіба Гэты Чалавек Галілеянін?
  • 7. І, даведаўшыся, што Ён з уладанняў Ірадавых,
    паслаў Яго да Ірада, які таксама быў у Іерусаліме ў тыя дні.
  • 8. Ірад жа, убачыўшы Іісуса, вельмі ўзрадаваўся,
    бо ён даўно ўжо хацеў бачыць Яго, паколькі чуў пра Яго многа
    і спадзяваўся ўбачыць нейкае знаменне, Ім здзейсненае;
  • 9. і задаваў Яму шмат пытанняў,
    але Ён нічога не адказваў яму.
  • 10. І стаялі першасвятары і кніжнікі, і зацята абвінавачвалі Яго.
  • 11. А Ірад са сваімі воінамі,
    зняважыўшы Яго і наглуміўшыся,
    апрануў Яго ў светлую адзежу
    і адаслаў Яго да Пілата.
  • 12. І зрабіліся прыяцелямі між сабою Пілат і Ірад у той дзень;
    раней жа мелі варожасць адзін да аднаго.
  • 13. Пілат жа, склікаўшы першасвятароў і начальнікаў, і народ,
  • 14. сказаў ім:
    вы прывялі да мяне Гэтага Чалавека, Які нібыта бухторыць народ;
    і вось я перад вамі расследаваў
    і не знайшоў у Чалавеку Гэтым ніякай віны
    з таго, у чым вы Яго абвінавачваеце;
  • 15. і Ірад таксама, бо я пасылаў да яго,
    і вось нічога вартага смерці не зроблена Ім;
  • 16. таму, пакараўшы Яго, адпушчу.
  • 17. А яму трэба было дзеля свята адпусціць ім аднаго вязня.
  • 18. Але яны закрычалі ўсе разам,
    кажучы: смерць Яму! адпусці ж нам Вараву.
  • 19. А той быў за нейкі бунт, учынены ў горадзе,
    і забойства пасаджаны ў цямніцу.
  • 20. І зноў Пілат узвысіў голас,
    хочучы адпусціць Іісуса.
  • 21. Але яны крычалі, кажучы: распні, распні Яго!
  • 22. І трэці раз сказаў ім: якое ж зло ўчыніў Ён?
    нічога вартага смерці я не знайшоў у Ім;
    таму, пакараўшы Яго, адпушчу.
  • 23. Яны ж настойвалі з моцнымі крыкамі, патрабуючы,
    каб Ён быў распяты;
    і перамаглі крыкі іх і першасвятароў.
  • 24. І Пілат вырашыў, каб было паводле патрабавання іх,
  • 25. і адпусціў пасаджанага за бунт і забойства ў цямніцу,
    якога яны прасілі,
    а Іісуса аддаў на іх волю.
  • 26. І калі павялі Яго,
    то, забраўшы нейкага Сімана Кірынеяніна, які ішоў з поля,
    усклалі на яго крыж, каб нёс за Іісусам.
  • 27. І ўслед за Ім ішло вялікае мноства народу і жанчын,
    якія рыдалі і галасілі па Ім.
  • 28. Абярнуўшыся да іх,
    Іісус сказаў: дочкі Іерусалімскія! не плачце па Мне,
    а плачце па сабе і дзецях вашых;
  • 29. бо вось надыходзяць дні,
    у якія скажуць: "блажэнныя няплодныя,
    і ўлонні, якія не раджалі,
    і грудзі, якія не кармілі";
  • 30. тады пачнуць гаварыць гарам: "упадзіце на нас",
    і ўзгоркам: "пакрыйце нас";
  • 31. бо калі з зялёным дрэвам гэта робяць,
    то з сухім што будзе?
  • 32. Вялі ж з Ім яшчэ і двух злачынцаў, каб пакараць смерцю.
  • 33. І калі прыйшлі на месца, званае Лобным,
    там распялі Яго і злачынцаў,
    аднаго справа, а другога злева.
  • 34. Іісус жа казаў: Ойча! даруй ім,
    бо яны не ведаюць, што робяць.
    І, дзелячы адзежу Яго, кідалі жэрабя.
  • 35. І стаялі людзі і глядзелі.
    Насміхаліся з імі разам і начальнікі,
    кажучы: іншых збаўляў,
    няхай збавіць Самога Сябе, калі Ён Хрыстос, Божы абраннік.
  • 36. Глуміліся з Яго і воіны,
    падыходзячы і падносячы Яму воцат,
  • 37. і кажучы: калі Ты Цар Іудзейскі, збаў Самога Сябе.
  • 38. Быў жа і надпіс
    напісаны над Ім літарамі грэчаскімі і рымскімі і яўрэйскімі:
    Гэта Цар Іудзейскі.
  • 39. І адзін з павешаных злачынцаў зневажаў Яго,
    кажучы: калі Ты Хрыстос, збаў Сябе і нас.
  • 40. Другі ж у адказ, сунімаючы яго,
    казаў: хіба ты не баішся Бога, бо сам на тое ж асуджаны?
  • 41. але мы — справядліва,
    бо належнае за ўчынкі нашы атрымліваем,
    а Ён нічога дрэннага не зрабіў.
  • 42. І сказаў Іісусу: памяні мяне, Госпадзі,
    калі прыйдзеш у Царства Тваё.
  • 43. І сказаў яму Іісус: праўду кажу табе,
    сёння са Мною будзеш у раі.
  • 44. Было ж каля шостай гадзіны,
    і цемра была па ўсёй зямлі да гадзіны дзевятай;
  • 45. і памеркла сонца,
    і завеса ў храме разадралася напалам.
  • 46. І, ускрыкнуўшы моцным голасам,
    Іісус сказаў: Ойча! у рукі Твае аддаю дух Мой!
    І, сказаўшы гэта, спусціў дух.
  • 47. Сотнік жа, убачыўшы, што адбылося, праславіў Бога,
    кажучы: сапраўды, Чалавек Гэты быў праведны.
  • 48. І ўсе людзі, якія сабраліся на гэтае відовішча,
    убачыўшы, што адбылося, вярталіся, б’ючы сябе ў грудзі.
  • 49. Усе ж знаёмыя Яго
    і жанчыны, якія прыйшлі следам за Ім з Галілеі,
    стаялі воддаль і глядзелі на гэта.
  • 50. І вось муж па імені Іосіф, саветнік,
    чалавек добры і праведны,
  • 51. які не далучыўся да рашэння і справы іх,
    з Арымафеі, горада Іудзейскага,
    і ён таксама чакаў Царства Божага;
  • 52. прыйшоўшы да Пілата, ён прасіў цела Іісусава;
  • 53. і, зняўшы Яго, абвіў плашчаніцаю
    і паклаў Яго ў магілу, высечаную у скале,
    дзе яшчэ ніхто не ляжаў.
  • 54. А дзень той быў пятніца,
    і наставала субота.
  • 55. І, пайшоўшы ўслед, жанчыны, што прыйшлі з Ім з Галілеі,
    бачылі магілу
    і як было пакладзена цела Яго;
  • 56. вярнуўшыся, яны падрыхтавалі духмянасці і міра;
    у суботу ж адпачывалі, паводле запаведзі.