- 1. Казаў жа Ён і вучням Сваім:
адзін чалавек быў багаты і меў домаўпраўніка,
які быў абвінавачаны перад ім, што растрачвае маёмасць яго; - 2. і, паклікаўшы яго, сказаў яму: што гэта я чую пра цябе?
дай адказ пра тваё ўпраўленне домам,
бо ты не можаш больш упраўляць. - 3. Сказаў жа домаўпраўнік сам сабе: што мне рабіць,
бо гаспадар мой адбірае ў мяне ўпраўленне домам?
капаць не здужаю, жабраваць саромеюся; - 4. ведаю, што зрабіць,
каб мяне, калі адстаўлены буду ад упраўлення,
прынялі ў свае дамы. - 5. І, паклікаўшы асобна кожнага з даўжнікоў гаспадара свайго,
казаў першаму: колькі ты вінен гаспадару майму? - 6. Той жа сказаў: сто мер алею.
І сказаў яму: вазьмі сваю распіску
і сядзь хутчэй напішы: пяцьдзесят. - 7. Потым сказаў другому: а ты колькі вінен?
Той адказаў: сто мер пшаніцы.
І сказаў яму: вазьмі сваю распіску
і напішы: восемдзесят. - 8. І пахваліў гаспадар няправеднага домаўпраўніка,
што ён разумна зрабіў;
бо сыны веку гэтага разумнейшыя за сыноў святла ў родзе сваім. - 9. І Я вам кажу:
здабывайце сабе сяброў багаццем няправедным,
каб яны, калі збяднееце, прынялі вас у вечныя сялібы. - 10. Верны ў найменшым і ў многім верны,
а няправедны ў найменшым і ў многім няправедны. - 11. Таму калі ў няправедным багацці вы не былі верныя,
хто вам даверыць сапраўднае? - 12. І калі ў чужым вы не былі верныя,
хто вам дасць ваша? - 13. Ніякі раб не можа служыць двум гаспадарам,
бо ці аднаго будзе ненавідзець, а другога любіць,
ці аднаго будзе трымацца, а другім пагарджаць.
Не можаце Богу служыць і мамоне. - 14. Чулі ўсё гэта і фарысеі,
якія былі срэбралюбівымі,
і насміхаліся з Яго. - 15. І Ён сказаў ім:
вы паказваеце сябе праведнымі перад людзьмі,
але Бог ведае сэрцы вашы;
бо што ў людзей высокае, тое мярзота перад Богам. - 16. Закон і прарокі — да Іаана;
з таго часу Царства Божае дабравесціцца,
і кожны з намаганнямі ўваходзіць у яго. - 17. Ды лягчэй небу і зямлі прайсці,
чым адной рысцы ў законе прапасці. - 18. Кожны, хто разводзіцца з жонкаю сваёю і бярэ іншую,
той пралюбадзейнічае,
і хто бярэ разведзеную з мужам,
той пралюбадзейнічае. - 19. Адзін чалавек быў багаты
і апранаўся ў парфіру і вісон,
і кожны дзень раскошна банкетаваў. - 20. І быў адзін убогі, імем Лазар,
які ляжаў перад варотамі яго, пакрыты язвамі, - 21. і хацеў насыціцца крошкамі, што падалі са стала багача;
а яшчэ і сабакі, прыходзячы, лізалі язвы яго. - 22. І сталася, што памёр убогі
і аднесены быў ангеламі на лона Аўраамава;
памёр і багаты, і пахавалі яго; - 23. і ў пекле, будучы ў муках, узняў вочы свае
і ўбачыў здалёк Аўраама і Лазара на лоне яго, - 24. і, ўсклікнуўшы, сказаў: ойча Аўрааме,
змілуйся нада мною і пашлі Лазара,
каб ён абмакнуў канец пальца свайго ў ваду і астудзіў язык мой,
бо я пакутую ў полымі гэтым. - 25. Аўраам жа сказаў: дзіця! успомні,
што ты атрымаў добрае сваё ў жыцці сваім,
а Лазар гэтак жа ліхое;
цяпер жа ён тут суцяшаецца, а ты пакутуеш; - 26. і звыш усяго гэтага
паміж намі і вамі прорва вялікая ўстаноўлена,
каб тыя, што хочуць перайсці адсюль да вас, не маглі,
і каб адтуль да нас не пераходзілі. - 27. Тады сказаў ён: прашу цябе, ойча,
пашлі яго ў дом бацькі майго, - 28. бо ў мяне пяць братоў, няхай ён засведчыць ім,
каб і яны не прыйшлі ў гэтае месца мучэння. - 29. Кажа яму Аўраам: яны маюць Маісея і прарокаў;
няхай слухаюць іх. - 30. А той сказаў: не, ойча Аўрааме,
але калі хто з мёртвых прыйдзе да іх, пакаюцца. - 31. Ён жа сказаў яму: калі Маісея і прарокаў не слухаюць,
то, калі б хто і з мёртвых уваскрэс, не павераць.
Головна > Бібліотека > Бібліїстика > Переклади Біблії > Переклади Біблії білоруською мовою > Святое Дабравесце (па Беларуску) пераклад Бiблейскай камiсii БПЦ МП > Святое Дабравесце паводле Лукi > Глава 16