- 1. Выслоўі Саламона, сына Давідавага, цара Ізраільскага.
- 2. Каб спазнаць мудрасьць і настаўленьне, зразумець разумныя выслоўі;
- 3. засвоіць правілы добрай разважлівасьці, справядлівасьці, права і слушнасьці;
- 4. прастадушным даць кемнасьць, юнаку - веды і разважлівасьць;
- 5. паслухае мудры і памножыць веды, і разумны знойдзе мудрыя парады;
- 6. каб разумець выслоўе і загадкавую мову, словы мудрацоў і загадкі іхнія.
- 7. Пачатак мудрасьці - страх Гасподні; толькі дурні пагарджаюць мудрасьцю і настаўленьнем.
- 8. Слухай, сыне мой, настаўленьне бацькі твайго, і не адкідай запавету маці тваёй:
- 9. бо гэта - прыгожы вянок на галаву тваю і акраса на шыю тваю.
- 10. Сыне мой! калі цябе будуць намаўляць грэшнікі, не згаджайся.
- 11. Калі будуць казаць: "ідзі з намі, зробім засаду на кроў, падпільнуем бязгрэшнага і бязьвіннага,
- 12. жывых праглынем іх, як апраметная, і - цэлых, як тых, што ў магілу сыходзяць;
- 13. набяром усякага каштоўнага дабра, напоўнім дамы нашыя здабычаю;
- 14. далучы сваю долю да нашай, складка адна будзе на ўсіх нас":
- 15. Сыне мой! не хадзі адною дарогаю зь імі, утрымай нагу тваю ад сьцежкі іхняй,
- 16. бо іхнія ногі бягуць да ліхога і сьпяшаюцца кроў праліваць.
- 17. На вачах ва ўсіх птушак дарма раскідаецца сетка;
- 18. а яны кроў сваю сочаць, засады ладзяць на душы свае.
- 19. Такія дарогі ва ўсіх, хто прагне чужога дабра: яно забірае жыцьцё ў свайго ўласьніка.
- 20. Мудрасьць кліча на вуліцах, на плошчах узносіць свой голас,
- 21. на шумных сходах прапаведуе, каля гарадское брамы прамаўляе слова сваё:
- 22. "Дакуль, немысьлі, любіцьмеце невуцтва? дакуль пакепнікі будуць кепствам цешыцца? дакуль бязглуздыя будуць ненавідзець навуку?
- 23. паслухайце маёй засьцярогі: вось, я вылью на вас Духа майго, абвяшчу вам словы мае.
- 24. Я клікала, а вы не паслухаліся; я падавала руку маю, і ніхто не зважаў;
- 25. і вы адкінулі ўсе мае рады, і перасьцярогаў маіх не прынялі:
- 26. за тое і я пасьмяюся з вашай пагібелі; парадуюся, калі прыйдзе ваш страх;
- 27. калі прыйдзе ваш страх, як бура, і няшчасьце, як віхура, наляціць на вас; калі спадобіць вас нядоля і ўціск.
- 28. Тады будуць клікаць мяне, і я не пачую.
- 29. За тое, што зьненавідзелі веды і ня выбралі страху Гасподняга,
- 30. не схацелі парады маёй, пагардзілі ўсімі перасьцярогамі маімі;
- 31. за тое няхай ядуць яны з плоду дарог сваіх і насычаюцца з парадаў сваіх.
- 32. Бо адступніцтва неразумных заб'е іх, і бястурботнасьць немысьляў загубіць іх.
- 33. А хто мяне слухае, будзе жыць у бясьпецы і спакойна, не баючыся ліха".
Головна > Бібліотека > Бібліїстика > Переклади Біблії > Переклади Біблії білоруською мовою > Бiблiя беларуская. Пераклад Сёмухи > Стары Запавет > Выслоўi > Глава 1