Глава 6

< предыдущая глава   следующая глава >
Глава 1 2 3 4 5 6 7 8 9 10 11 12 13 14 15 16 17 18 19 20 21 22 23 24 25 26 27 28 29 30 31
  • 1. Сыне мой! калі ты паручыўся за блізкага свайго і даў руку тваю за другога,
  • 2. і аблытаў сябе словамі вуснаў тваіх, злоўлены словамі вуснаў тваіх,
  • 3. зрабі ж, сыне мой, вось што: вызваліся, бо ты трапіў у рукі блізкага твайго: ідзі, упадзі да ног і ўмольвай блізкага твайго;
  • 4. не давай сну вачам тваім і дрымоты вейкам тваім;
  • 5. ратуйся, як сарна з рукі, і як птушка з рукі птушкалова,
  • 6. падыдзі да мурашкі, гультаю, паглядзі на шляхі яе, і будзь мудры.
  • 7. Няма ў яе ні валадара, ні прыстаўленага, ані ўпраўцы;
  • 8. а яна рыхтуе летам свой хлеб, зьбірае ў час жніва пракорм свой.
  • 9. Дакуль ты, гультаю, будзеш ляжаць? калі ты ўстанеш ад сну твайго?
  • 10. Крыху пасьпіш, крыху падрэмлеш, крыху склаўшы рукі паляжыш:
  • 11. і прыйдзе, нібы валацуга, беднасьць твая, і галеча твая, як разбойнік.
  • 12. Чалавек падступны, чалавек бязбожны ходзіць зь ілжывымі вуснамі,
  • 13. міргае вачыма сваімі, гаворыць нагамі сваімі, дае знакі пальцамі сваімі;
  • 14. хітрына ў сэрцы ў яго, ён намышляе ліхое ва ўсякі час, сее разлад.
  • 15. Таму зьнянацку прыйдзе пагібель яго, раптам будзе разьбіты - без ацаленьня.
  • 16. Вось гэтыя шэсьць ненавідзіць Гасподзь, нават сем, - агіда душы Яго:
  • 17. вочы ганарыстыя, язык хлусьлівы і рукі, што праліваюць нявінную кроў,
  • 18. сэрца, якое куе ліхія намыслы, ногі, якія шпарка бягуць да ліхадзейства,
  • 19. ілжывы сьведка, які хлусіць, і той, хто сее разлад між братамі.
  • 20. Сыне мой! захоўвай запаведзі бацькі твайго і не адкідай настаўленьняў маці тваёй;
  • 21. навяжы іх назаўсёды на сэрца тваё, абвяжы імі шыю тваю.
  • 22. Калі ты пойдзеш, яны накіруюць цябе; калі ляжаш спаць, будуць ахоўваць цябе; калі прачнешся, гутарыць будуць з табою:
  • 23. бо запаведзь ёсьць сьветач, а навука - сьвятло, і павучальныя наказы - дарога жыцьця,
  • 24. каб засьцерагчы цябе ад зласьлівай жанчыны, ад лісьлівага языка чужынкі.
  • 25. Не пажадай хараства яе ў сэрцы тваім, і хай не завабіць яна цябе вейкамі сваімі;
  • 26. бо жанчыне распуснай даюць кавалак хлеба; а замужняя жанчына палюе на дарагую душу.
  • 27. Хто можа ўзяць агонь запазуху, каб не прагарэла адзежа яго?
  • 28. Хто можа хадзіць па распаленым вугольлі, каб не апаліць ног сваіх?
  • 29. Тое самае бывае і з тым, хто ўваходзіць да жонкі блізкага свайго; хто дакранецца да яе, не застанецца бязь віны.
  • 30. Не патураюць злодзею, калі ён крадзе, каб насыціць душу сваю, калі ён галодны;
  • 31. але злоўлены, ён заплаціць у сем разоў, аддасьць усю маёмасьць дома свайго.
  • 32. А хто пералюбнічае з жанчынаю, у таго няма розуму; той губіць душу сваю, хто робіць такое;
  • 33. пабоі і ганьбу ён зышча, і ганьба яго не сатрэцца;
  • 34. бо рэўнасьць - лютасьць мужчыны, і не ўмілажаліцца ён у дзень помсты,
  • 35. ня прыме адкупу ніякага, і не захоча, як бы ты ні памножыў гасьцінцы.