- 1. Як сьнег летам і дождж у жніва, так гонар не пасуе неразумнаму.
- 2. Як верабей пырхне, калі ластаўка паляціць, так незаслужаны праклён ня збудзецца.
- 3. Плётка каню, аброць аслу, а кій немысьлю.
- 4. Не адказвай неразумнаму паводле неразумнасьці ягонай, каб і ты не прыпадобніўся яму;
- 5. а адказвай неразумнаму паводле неразумнасьці ягонай, каб ён не зрабіўся мудрацом у вачах сваіх.
- 6. Падцінае сабе ногі, робіць шкоду сабе той, хто пасылае наказ празь немысьля.
- 7. Як віхляюцца ногі ў кульгавага, так і выслоўе на вуснах у неразумнага.
- 8. Што ўкладваць каштоўны камень у прашчу, так і аддаваць пашану дурному.
- 9. Што калючы бадзяк у руцэ ў п'янага, тое і выслоўе на вуснах у неразумнага.
- 10. Дужы робіць усё адвольна: і неразумнага ўзнагароджвае, і кожнага праходжага ўзнагароджвае.
- 11. Як сабака вяртаецца да ванітаў сваіх, так дурны паўтарае глупствы свае.
- 12. Калі ты бачыш чалавека, які сам сябе мудрым лічыць, - дык на дурнога болей надзеі, чым на яго.
- 13. Гультай кажа: "леў на дарозе! леў на дварэ!"
- 14. Дзьверы паварочваюцца на завесах сваіх, а гультай на ложку сваім.
- 15. Гультай апускае руку сваю да міскі, ды яму цяжка падняць яе да рота свайго.
- 16. Гультай у вачах сваіх мудрэйшы за семярых, што адказваюць разумна.
- 17. Хапае сабаку за вушы той, хто, праходзячы міма, лезе ў чужую спрэчку.
- 18. Як той, хто прыкідваецца вар'ятам, кідае агонь, стрэлы і сьмерць,
- 19. так - чалавек, які падступна шкодзіць сябру свайму і потым кажа: "я толькі пажартаваў".
- 20. Дзе няма болей дроў, агонь патухае; і дзе няма нагаворшчыка, разлад аціхае.
- 21. Вугаль - на жар, дровы - на распал свары.
- 22. Словы нагаворшчыка - як прысмакі, і яны ўваходзяць у нутро жывата.
- 23. Як нячыстым срэбрам абкладзены гліняны посуд, так і палымяныя вусны і сэрца ліхое.
- 24. Вуснамі сваімі прыкідваецца вораг, а ў сэрцы сваім намышляе ліхое.
- 25. Калі ён гаворыць і пяшчотным голасам, ня вер яму; бо сем мярзотаў у сэрцы ў яго.
- 26. Хто нянавісьць прыкрывае на самоце, злосьць таго адкрыецца ў народным сходзе.
- 27. Хто капае яму, той упадзе ў яе; і хто пакоціць угору камень, да таго ён вернецца.
- 28. Хлусьлівы язык ненавідзіць тых, каго ён параніў, і лісьлівыя вусны рыхтуюць падзеньне.
Головна > Бібліотека > Бібліїстика > Переклади Біблії > Переклади Біблії білоруською мовою > Бiблiя беларуская. Пераклад Сёмухи > Стары Запавет > Выслоўi > Глава 26