Глава 10

< предыдущая глава   следующая глава >
Глава 1 2 3 4 5 6 7 8 9 10 11 12 13 14 15 16 17 18 19 20 21 22 23 24 25 26 27 28 29 30 31
  • 1. Выслоўі Саламона. Сын мудры радуе бацьку, а сын бязглузды - засмучэньне маці ягонай.
  • 2. Не даюць карысьці скарбы няправедныя, а праўда ратуе ад сьмерці.
  • 3. Не дапусьціць Гасподзь, каб галадала душа праведнага, а зьдзірства бязбожных адкіне.
  • 4. Лянівая рука робіць бедным, а рука руплівая ўзбагачае.
  • 5. Хто зьбірае летам - сын разумны, а хто сьпіць у жніва - сын шалапутны.
  • 6. Дабраславеньні - на галаву праведнага, а вусны бязбожным затуліць насільле.
  • 7. Памяць пра праведнага дабраславёная будзе, а імя бязбожных спаганьбіцца.
  • 8. Мудры сэрцам прымае запаведзі, а бязглузды вуснамі спатыкнецца.
  • 9. Хто ходзіць у беззаганнасьці, той ходзіць бясьпечна; а хто скрыўляе шляхі свае, той будзе выкрыты.
  • 10. Хто міргае вачыма, той чыніць прыкрасьць, а бязглузды вуснамі спатыкнецца.
  • 11. Вусны праведніка - крыніца жыцьця, а вусны бязбожным затуліць насільле.
  • 12. Нянавісьць будзіць разлад, любоў акупае ўсе грахі.
  • 13. На вуснах у разумнага мудрасьць, а на целе ў дурнога - дубец.
  • 14. Мудрыя зьберагаюць веды, а вусны немысьля - блізкая пагібель.
  • 15. Маёмасьць багатага - моцны горад яго, бяда бедным - іхняе ўбоства.
  • 16. Праца праведнага - на жыцьцё, прыбытак бязбожнага - на грэх.
  • 17. Хто захоўвае настаўленьне, той на дарозе да жыцьця; а хто пагарджае засьцярогай - блукае.
  • 18. Хто хавае нянавісьць, у таго вусны ілжывыя; і хто пашырае паклёпы - неразумны.
  • 19. Пры шматслоўі ня ўнікнуць грэху, а хто стрымлівае вусны свае - разумны.
  • 20. Чыстае срэбра - язык праведнага, а сэрца бязбожных - нікчэма.
  • 21. Вусны праведнага пасьвяць многіх, а неразумныя мруць ад нястачы глузду.
  • 22. Дабраславеньне Гасподняе - яно ўзбагачае і смутку з сабой ня прыносіць.
  • 23. Радуе немысьля - учынак ганебны, а чалавека разумнага - мудрасьць.
  • 24. Чаго баіцца бязбожнік, тое спасьцігне яго, а жаданьне праведнікаў збудзецца.
  • 25. Як падымецца бура, так і няма бязбожнага; а ў праведніка - аснова вечная.
  • 26. Што воцат зубам і дым вачам, тое гультай тым, хто пасылае яго.
  • 27. Страх Гасподні дадае дзён, а гады бязбожных скароцяцца.
  • 28. Спадзяваньне праведнікам - радасьць, а надзея бязбожных загіне.
  • 29. Шлях Гасподні - цьвярдыня нявінным і пагібель бязбожным.
  • 30. Праведнік вавек не пахісьнецца, а бязбожныя не пажывуць на зямлі.
  • 31. З вуснаў праведніка крынічыць мудрасьць, а язык шкодлівы будзе вырваны.
  • 32. Вусны праведніка любяць богаспадобнае, а вусны бязбожных - разбэшчанае.