- 1. Няправільныя вагі - агідныя Госпаду, а правільныя вагі ўпадабаньне Яму.
- 2. Прыйдзе пыхлівасьць, прыйдзе і ганьба; а са сьціплымі - мудрасьць.
- 3. Беззаганнасьць будзе кіраваць пабожнымі, а хітрасьць вераломных загубіць іх.
- 4. Не паможа багацьце ў дзень гневу; а праўда ўратуе ад сьмерці.
- 5. Праўда беззаганнага прастуе дарогу яму, а бязбожны ўпадзе ад бязбожнасьці сваёй.
- 6. Праўда пабожных ратуе іх, а бязбожнікі будуць злоўлены беззаконьнем сваім.
- 7. Надзея бязбожніка зьнікае пры сьмерці, і спадзяваньне бязбожных зьнікае.
- 8. Праведніку ёсьць ратунак зь нягоды, а замест яго трапляе ў яе бязбожны.
- 9. Вуснамі крывадушнік нішчыць блізкага свайго, а праведнікі празорлівасьцю ратуюцца.
- 10. З дабрадзенства праведнікаў радуецца горад, а як гіне бязбожны - сьпявае.
- 11. Дабраславеньнем праведных узвышаецца горад, а вуснамі бязбожнікаў руйнуецца.
- 12. Недавумак пагарджае блізкім сваім; а разумны чалавек маўчыць.
- 13. Хто ходзіць у паклёпніках, той адкрывае таямніцу; а верны чалавек яе хавае.
- 14. Дзе няма добрае рады, там занепадае народ, а пры многіх радцах - дабрадзенствуе.
- 15. Ліха той сабе спрычыняе, хто паручаецца за староньняга; а хто ненавідзіць заруку, той у бясьпецы.
- 16. Жанчына з добрым норавам здабывае гонар, а працавітыя дасягаюць багацьця.
- 17. Чалавек мілажальны дабрачыніць душы сваёй, а жорсткі сэрцам разбурае плоць сваю.
- 18. Бязбожны робіць справу ненадзейную, а таму, хто сее праўду - узнагарода пэўная.
- 19. Праведнасьць вядзе да жыцьця, а хто імкнецца да ліхога, імкнецца да сьмерці сваёй.
- 20. Агіда Госпаду - падступныя сэрцам; а падабаецца Яму, хто ў беспахібнасьці ходзіць.
- 21. Можна паручыцца, што грэшнік не застанецца без пакараньня; а насеньне праведных уратуецца.
- 22. Што залатое колца ў лычы ў сьвіньні, тое жанчына прыгожая і - неразумная.
- 23. Жаданьне праведных - толькі дабро, надзея бязбожных - гнеў.
- 24. Адзін сыпле шчодра і яму яшчэ дадаецца; а другі звыш меры ашчадлівы, і аднак жа бяднее.
- 25. Дабрачынная душа будзе насычана, і хто напойвае іншых, той і сам напоены будзе.
- 26. Хто хавае ў сябе збожжа, таго народ кляне; і дабраслаўляе таго, хто прадае.
- 27. Хто імкнецца да дабра, той шукае Божае ласкі; а хто шукае благога, да таго яно і прыходзіць.
- 28. Хто спадзяецца на багацьце сваё, упадзе; а праведнікі, як лісьце, зазелянеюць.
- 29. Хто разладжвае дом свой, успадкуе вецер, а неразумны будзе слугаваць мудраму.
- 30. Плод праведніка - дрэва жыцьця, а мудры яднае душы.
- 31. Так аддаецца на зямлі праведніку, тым болей бязбожнаму і грэшніку.
Головна > Бібліотека > Бібліїстика > Переклади Біблії > Переклади Біблії білоруською мовою > Бiблiя беларуская. Пераклад Сёмухи > Стары Запавет > Выслоўi > Глава 11