- 1. І гэта выслоўі Саламона, сабраныя мужамі Эзэкіі, цара Юдэйскага.
- 2. Слава Божая - пакрываць таямніцаю справу, а славай цароў - дасьледаваць справу.
- 3. Як неба ў вышыні і зямля ў глыбіні, так сэрца цароў - недасьледвальнае.
- 4. Аддзялі дамешку ад срэбра, і выйдзе ў срэбніка посуд:
- 5. адвядзі няправеднага ад цара, і трон ягоны ўмацуецца праўдай.
- 6. Ганарліва не выстаўляйся перад абліччам цара і на месца вялікіх не станавіся;
- 7. бо лепей хай скажуць табе: "узыдзі сюды вышэй", чым калі прынізяць цябе перад знакамітым, якога ўбачылі вочы твае.
- 8. Ня ўступай пасьпешліва ў цяжбіну: бо што будзеш рабіць у канцы, калі супернік твой сарамаціць цябе?
- 9. Вядзі цяжбіну зь блізкім тваім, але таямніцы ягонае не адкрывай,
- 10. каб не папракнуў цябе той, хто чуў гэта, бо тады ганьба твая ад цябе не адстане.
- 11. Залатыя яблыкі ў срэбным празрыстым посудзе - слова, сказанае прыстойна.
- 12. Залатая завушніца і аздоба з чыстага золата - гэта мудры абскаржнік для ўважлівага вуха.
- 13. Што прахалода ад сьнегу ў жніва, тое верны пасол таму, хто яго пасылае: ён прыносіць душы гаспадара свайго радасьць.
- 14. Што хмары і вятры без дажджу, тое чалавек, які абяцае гасьцінцы і іх не дае.
- 15. Цярплівасьць схіляе да літасьці вяльможу, і мяккі язык ломіць костку.
- 16. Знайшоў ты мёд? еж, колькі трэба табе, каб не аб'есьціся ім і ня выбляваць яго.
- 17. Не ўчашчай у дом сябра твайго, каб ты не абрыд яму, каб ён не зьненавідзеў цябе.
- 18. Што молат і меч і вострая страла, тое чалавек, які сьведчыць ілжыва супроць блізкага свайго.
- 19. Што гнілы зуб і паралізаваная нага, тое надзея на ненадзейнага чалавека ў нягодзе.
- 20. Як той, хто здымае зь сябе вопратку ў халодны дзень, і як воцат на рану, так і той, хто сьпявае песьні тужліваму сэрцу.
- 21. Калі вораг твой галодны, накармі яго хлебам; і калі ён сьмягне, напаі яго вадою:
- 22. бо, робячы гэта, ты зьбіраеш распаленае вуголле на галаву ягоную, і Гасподзь аддзячыць табе.
- 23. Паўночны вецер нясе дождж, а патаемная гаворка - незадаволеныя твары.
- 24. Лепей жыць у куце на даху, чым са сварліваю жонкаю ў прасторным доме.
- 25. Што халодная вада натомленай смагай душы, тое добрая вестка з далёкай краіны.
- 26. Што ўскаламучаная крыніца і парушаная крыніца, тое праведнік, які падае перад бязбожнікам.
- 27. Як нядобра есьці многа мёду, так дамагацца славы ня ёсьць слава.
- 28. Што горад разбураны, без мура, тое чалавек, які не валодае духам сваім.
Головна > Бібліотека > Бібліїстика > Переклади Біблії > Переклади Біблії білоруською мовою > Бiблiя беларуская. Пераклад Сёмухи > Стары Запавет > Выслоўi > Глава 25