- 1. Чалавек, які насуперак засьцярогам робіцца ўпарты, будзе раптам зламаны, і ня будзе яму дапамогі.
- 2. Калі множацца праведнікі, весяліцца народ; а калі пануе бязбожнік, стогне народ.
- 3. Чалавек, які любіць мудрасьць, радуе бацьку свайго; а які знаецца з распусьніцамі, той траціць маёмасьць.
- 4. Цар правасудзьдзем мацуе зямлю, а аматар хабару руйнуе яе.
- 5. Чалавек, які лісьлівіць сябру свайму, сьцеле сетку пад ногі яму.
- 6. У грэху ліхога чалавека - сетка яму, а праведнік весяліцца і радуецца.
- 7. Праведнік старанна дасьледуе цяжбіну бедных, а бязбожнік не разьбірае справы.
- 8. Людзі разбэшчаныя бунтуюць горад, а мудрыя суцішаюць мяцеж.
- 9. Разумны чалавек, калі судзіцца з чалавекам неразумным, ці злуецца, ці сьмяецца - ня мае спакою.
- 10. Крыважэрныя людзі ненавідзяць бязбожнага, а праведныя клапоцяцца за яго жыцьцё.
- 11. Неразумны ўвесь гнеў свой вылівае, а мудры стрымлівае яго.
- 12. Калі ўладар слухае ілжывыя прамовы, дык і ўсе служкі ў яго бязбожныя.
- 13. Бедны і ліхвяр сустракаюцца адзін з адным; але сьвятло вачам таго і другога дае Гасподзь.
- 14. Калі цар судзіць бедных па праўдзе, дык трон ягоны назаўсёды ўцьвердзіцца.
- 15. Дубец і засьцярога даюць мудрасьць; а занядбаны хлопчык робіць сорам сваёй маці.
- 16. Пры памнажэньні бязбожных множыцца беззаконьне; а праведнікі ўбачаць падзеньне іхняе.
- 17. Карай сына твайго, і ён дасьць табе спакой, і прынясе радасьць душы тваёй.
- 18. Няма адкрыцьця згары чалавеку разбэшчанаму, а хто жыве паводле закону - той шчасны.
- 19. Словамі не навучыш раба; бо, хоць ён і разумее іх, але ня слухаецца.
- 20. Ці бачыў ты чалавека неабачлівага ў словах сваіх? на неразумнага болей надзеі, чым на яго.
- 21. Калі змалку выхоўваць раба ў дастатку, дык і пазьней ён захоча быць сынам.
- 22. Чалавек гнеўлівы заводзіць свару, а запальчывы шмат грэшыць.
- 23. Ганарыстасьць чалавека прыніжае яго, а сьціплы духам здабывае гонар.
- 24. Хто дзеліцца са злодзеем, той ненавідзіць душу сваю; ён чуе праклён, але не абвяшчае пра тое.
- 25. Боязь перад людзьмі ставіць сетку; а хто спадзяецца на Госпада, будзе ў бясьпецы.
- 26. Многія шукаюць прыхільнага.
- 27. Мярзота праведнікам - чалавек няправедны, і мярзота бязбожнаму - той, хто ідзе простай дарогай.
Головна > Бібліотека > Бібліїстика > Переклади Біблії > Переклади Біблії білоруською мовою > Бiблiя беларуская. Пераклад Сёмухи > Стары Запавет > Выслоўi > Глава 29