- 1. Слова Агура, сына Якеевага. Натхнёныя выслоўі, якія сказаў гэты чалавек Іфіілу, Іфіілу і Укалу:
- 2. сапраўды, я большы невук, чым хто-небудзь зь людзей, і розуму чалавечага няма ў мяне,
- 3. і не навучыўся я мудрасьці, і пазнаньня сьвятых ня маю.
- 4. Хто ўзыходзіў на неба і сыходзіў? хто сабраў вецер у прыгаршчы свае? хто завязаў ваду ў вопратку? хто вызначыў усе межы зямлі? якое імя ў яго? і якое імя ў сына яго? ці ведаеш?
- 5. Кожнае слова ў Бога чыстае; Ён - шчыт тым, хто на яго спадзяецца.
- 6. Не дадавай да словаў Ягоных, каб Ён ня выкрыў цябе як ашуканца.
- 7. Дзьве рэчы я прашу ў Цябе, не адмові мне, перш чым я памру:
- 8. марнасьць і лжу адвядзі ад мяне, галечы і багацьця не давай мне, кармі мяне хлебам надзённым,
- 9. каб, аб'еўшыся, я ня зрокся Цябе і не сказаў: "хто Гасподзь?" і каб, згалеўшы, не пачаў красьці і зьневажаць імя Бога майго.
- 10. Не кляні раба перад гаспадаром ягоным, каб ён не пракляў цябе і ты не застаўся вінаваты.
- 11. Ёсьць род, які праклінае бацьку свайго і не дабраслаўляе маці сваёй.
- 12. Ёсьць род, які чысты ў вачах сваіх, тым часам як не адмыты ад бруду свайго.
- 13. Ёсьць род - о, якія пыхлівыя вочы ў яго, і як паднятыя вейкі ў яго!
- 14. Ёсьць род, у якога зубы - мячы, і сківіцы - нажы, каб пажыраць бедных на зямлі і ўбогіх сярод людзей.
- 15. У ненаеднасьці дзьве дачкі: "давай, давай"! Вось тры ненаяды, і чатыры, якія ня скажуць: "даволі!"
- 16. Апраметная і нутроба бясплодная, зямля, якая не насычаецца вадою, і агонь, які ня кажа: "даволі!".
- 17. Вока, якое насьміхаецца з бацькі і пагарджае пакораю маці, выдзяўбуць крумкачы над ракою, і зжаруць птушаняты арліныя!
- 18. Тры рэчы неспасьцігальныя мне, і чатырох я не разумею:
- 19. шляхі арла на небе, шляхі зьмяі на скале, шляхі карабля сярод мора, і шляхі мужчыны да дзяўчыны.
- 20. Такі шлях і ў жонкі-пералюбніцы; паела і выцерла рот свой, і кажа: "я нічога благога не зрабіла".
- 21. Ад трох трасецца зямля, чатырох яна ня выносіць:
- 22. раба, калі ён робіцца царом; неразумнага, калі ён удосыць есьць хлеб;
- 23. ганебную жанчыну, калі яна выходзіць замуж, і служанку, калі зойме месца гаспадыні сваёй.
- 24. Вось чатыры малыя на зямлі; але яны мудрэйшыя за мудрых:
- 25. мурашкі - народ нядужы, але летам назапашваюць ежу сваю:
- 26. горныя мышы - народ слабы, але ставяць дамы свае на скале;
- 27. у саранчы няма цара, але выступае яна згуртавана;
- 28. павук лапамі чапляецца, але бывае ў царскіх харомах.
- 29. Вось трое маюць статную хаду, і чацьвёра статна выступаюць:
- 30. леў, асілак сярод зьвяроў, не саступіць ні перад кім;
- 31. конь, і казёл, і цар народу свайго.
- 32. Калі ты ў задавацтве тваім зрабіў глупства і падумаў ліхое, дык пакладзі руку на вусны;
- 33. бо, як ад зьбіваньня малака робіцца масла, ад ўдару ў нос цячэ кроў, так і ад абуджэньня гневу ўзьнікае свара.
Головна > Бібліотека > Бібліїстика > Переклади Біблії > Переклади Біблії білоруською мовою > Бiблiя беларуская. Пераклад Сёмухи > Стары Запавет > Выслоўi > Глава 30