- 1. Лагодны адказ злагоджвае гнеў, а слова абразьлівае будзіць лютасьць.
- 2. Язык мудрых нясе добрыя веды; а вусны неразумных вырыгаюць глупства.
- 3. Усюды вочы Гасподнія: яны бачаць ліхіх і добрых.
- 4. Лагодны язык - дрэва жыцьця, а неўтаймаваны - хвароба духу.
- 5. Неразумны пагарджае настаўленьнем бацькі свайго; а хто слухае засьцярогу, той у добрым розуме.
- 6. У доме ў праведніка - мноства скарбаў, а ў прыбытку ў бязбожнага - разлад.
- 7. Вусны мудрых пашыраюць веды, а сэрца немысьляў - не.
- 8. Ахвяра бязбожных - агідная Госпаду, а малітва праведных Яму даспадобы.
- 9. Агіда Госпаду - шях бязбожнага, а таго, хто ідзе шляхам праўды, Ён любіць.
- 10. Ліхая кара таму, хто скрывіць дарогу, і той, хто ненавідзіць засьцярогу, загіне.
- 11. Апраметная і Авадон адчынены перад Госпадам, тым болей сэрцы сыноў чалавечых.
- 12. Ня любіць распусьнік тых, што засьцерагаюць яго, і да мудрых ня пойдзе.
- 13. Вясёлае сэрца разьвесяляе твар, а пры сардэчным смутку дух маркоціцца.
- 14. Сэрца разумнага шукае ведаў, а вусны немысьляў кормяцца дурасьцю.
- 15. Усе дні ў няшчаснага смутныя; а ў каго сэрца вясёлае, таму заўсёды сьвята.
- 16. Лепей мець мала ў страху Гасподнім, чым вялікі скарб, і зь ім трывогу.
- 17. Лепей міска гародніны і зь ёю любоў, чым укормлены бык і зь ім нянавісьць.
- 18. Запальчывы чалавек абуджае разлад, а цярплівы суцішае свару.
- 19. Дарога ў гультая - як цярновы пляцень, а дарога ў праведных гладкая.
- 20. Мудры сын радуе бацьку, а неразумны чалавек пагарджае маці сваёю.
- 21. Дурнота - радасьць недавумку, а чалавек разумны ідзе простаю дарогаю.
- 22. Бяз рады задумы разладзяцца, а пры мностве радцаў яны спраўдзяцца.
- 23. Радасьць чалавеку ў адказе вуснаў ягоных, і як хораша слова ў свой час!
- 24. Дарога жыцьця ў мудрага ўгору, каб ухіліцца ад апраметнай унізе.
- 25. Дом пыхлівых зруйнуе Гасподзь, а мяжу ўдавы ўмацуе.
- 26. Агіда Госпаду - намыслы ліхадзеяў, а словы беззаганных падабаюцца Яму.
- 27. Карысьлівец разладзіць свой дом, а хто ненавідзіць хабар, будзе жыць.
- 28. Сэрца праведнага абдумвае адказ, а вусны бязбожных вырыгаюць благое.
- 29. Далёка Гасподзь ад бязбожных, а малітву праведных чуе.
- 31. Вуха, уважлівае да навукі жыцьця, будзе жыць сярод мудрых.
- 32. Хто ня прымае настаўленьня, ня дбае пра душу сваю; а хто слухае засьцярогу, той набывае розум.
- 33. Страх Гасподні вучыць мудрасьці, і славе папярэднічае пакора.
Головна > Бібліотека > Бібліїстика > Переклади Біблії > Переклади Біблії білоруською мовою > Бiблiя беларуская. Пераклад Сёмухи > Стары Запавет > Выслоўi > Глава 15